Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыбак у Менску


Гэтак Аляксандра Рыбака сустракалі на радзіме ўчора ўвечары

Гэтак Аляксандра Рыбака сустракалі на радзіме ўчора ўвечары

Сёньня ў Менску — трыюмфатар нядаўняга сьпеўнага конкурсу “Эўрабачаньне-2009” Аляксандар Рыбак. Нарвэскі сьпявак беларускага паходжаньня будзе сябрам журы тэлепраекту каналу ОНТ “Новыя галасы Беларусі”. Апроч таго, 23-гадовы артыст прасьпявае са сцэны Палаца рэспублікі некалькі ўласных песень ды знакамітую “Купалінку”.

Адразу пасьля заканчэньня конкурсу “Эўрабачаньня” Аляксандар Рыбак паабяцаў, што наведае сваю гістарычную радзіму ўвосень. Аднак нечакана для шматлікіх прыхільнікаў зьявілася інфармацыя: сьпявак будзе ў Менску цягам 29 траўня. На запрашэньне тэлеканалу ОНТ ён пагадзіўся ўзяць удзел у канцэрце “Новыя галасы Беларусі” — гэта конкурсны адбор салістаў для прэзыдэнцкага аркестру Рэспублікі Беларусь.

Ці трэба казаць, што найбольш усьцешаныя посьпехамі Аляксандра — самыя блізкія яму людзі ў Беларусі: віцебская бабуля Марыя і менская Зінаіда. Марыя Барысаўна Савіцкая спадзяецца пабачыць Аляксандра ў Віцебску падчас “Славянскага базару” — такое запрашэньне ад арганізатараў фэстывалю ён ужо атрымаў. І перакананая, што ейны ўнук змог бы дасягнуць посьпеху і ў тым выпадку, каб у 5-гадовым узросьце не ад’ехаў з бацькамі ў Нарвэгію:

“Талент павінен заўсёды прабіцца, мне так здаецца. А ён таленавіты чалавек. Ён, праўда, можа, у скрыпічнай справе сябе ня так моцна праявіў бы, але я думаю, што ўсё ж праявіў бы свае здольнасьці. Што да песьняў, то пачаў іх складаць ужо там, у Нарвэгіі. Ці складаў бы тут? Таксама, магчыма, прыдумляў бы. Прынамсі, так мне здаецца. Тым больш, вы ведаеце, ён такі эмацыйны, адкрыты, вельмі любіць публіку, любіць штосьці рабіць для публікі — канцэрты ўжо з шасьці гадоў з бацькамі граў. Яны ўдвох — бацька і сын — на скрыпках, а маці на фартэпіяна. А потым ён ужо стаў свае песьні сьпяваць, таксама шмат выступаў”.






Аляксандар Рыбак ля ўваходу Агульнанацыянальнай тэлевізіі на Камуністычнай вуліцы ў Менску.



Сяржук Вітушка
Адразу пасьля абвяшчэньня пераможцаў маскоўскага “Эўрабачаньня” грамадзкі рэдактар “Свабоды” Сяржук Вітушка прапанаваў перакласьці на беларускую мову тэкст пераможнай песьні Аляксандра Рыбака “Fairytale” (“Казка”). Ініцыятыва атрымала шырокі розгалас, і за некалькі дзён зьявілася блізу двух дзясяткаў арыгінальных вэрсій трактоўкі Рыбаковай “Казкі”. На меркаваньне самога спадара Вітушкі, найлепшым адаптаваным перакладам стаў верш за аўтарствам Кастуся Знарачана. На другім месцы апынуўся вядомы беларускі бард Сяржук Сокалаў-Воюш.

Учора стала вядома, што пад псэўданімам Знарачан схаваўся Кастусь Севярынец, віцебскі паэт і перакладчык, бацька палітыка Паўла Севярынца. Цікава, што ў творчых колах спадар Севярынец больш вядомы як расейскамоўны паэт, ён ляўрэат прэміі расейскамоўнага амэрыканскага літаратурнага часопіса “Флёрыда”. Апошнім часам шмат і плённа піша па-беларуску, пра што сьведчыць і посьпех у свабодаўскім конкурсе. Спадар Кастусь кажа, што яму было надзвычай лёгка ўхапіць сутнасьць і песьні, і самога выканаўцы:

Кастусь Севярынец
“Калі я паслухаў Рыбака, я зразумеў: гэта — беларус, што б там ні гаварылі. Мэлёдыка, самі паводзіны і ўсё іншае — абсалютны беларус, няхай бы ён сьпяваў нават на хіндзі. Таму гэта неяк адразу лягло на душу, бо свой жа хлопчык! Тым больш, ці ня ў кожнага было першае каханьне. А гэта, як я зразумеў, песьня аб першым каханьні. А мармытаць пра яго можна ўсё што заўгодна. Вось так усё і атрымалася. Дарэчы, я так потым разважаў над тым, што напісаў. Можна казаць слова „казка“ колькі хочаш, але соладка ад гэтага ня будзе. Трэба было паказаць, што гэта казка. А для нас заўсёды першае каханьне застаецца казкай, відаць. Уражаньні мае вельмі станоўчыя, і мне вельмі прыемна, што гэта наш беларус, кім бы ён ні быў — нарвэжцам, амэрыканцам, ізраільцам, але ж беларус”.

Сёньня мы паспрабуем перадаць Аляксандру Рыбаку ўсе дасланыя на конкурс беларускія пераклады ягонай песьні — і, магчыма, у адзін з прыездаў у Беларусь у рэпэртуары пераможцы “Эўрабачаньня” зьявіцца і беларускамоўная вэрсія “Казкі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG