Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Свабода” падвяла вынікі конкурсу перакладу песьні Рыбака


Аляксандар Рыбак

Аляксандар Рыбак

Грамадзкі рэдактар “Свабоды” мінулага тыдня Сяржук Вітушка прапанаваў перакласьці на беларускую мову тэкст пераможнай песьні Аляксандра Рыбака на “Эўрабачаньні”. Спадар Вітушка выказаў спадзеў, што калі Рыбак прыедзе ў Беларусь, то зможа выканаць яе па-беларуску. Ідэя выклікала зацікаўленьне. На сайце “Нашай нівы”, у беларускай блогасфэры таксама зьявіліся розныя варыянты перакладу “Казкі” Рыбака“. Хто перамог, на якіх крытэрах ацэньваліся пераклады?

Журналісты “Свабоды” раіліся з калегамі, з музычнымі крытыкамі і ўсе разам вынесьлі наступны вэрдыкт, які агучвае Сяржук Вітушка:

“Найлепшым перакладам зьяўляецца пераклад “пра дзяўчынку-аблачынку”. Аўтар гэтага перакладу — нехта Кастусь Знарачан. Многія аўтары захапіліся літаральным перакладам, а тут, мне здаецца, вельмі важна было ўлавіць сам дух песьні, патрапляць у мэлёдыю, у рытм песьні. І аўтар Кастусь Знарачан гэта выдатна зрабіў. Там ёсьць ключавыя словы пра лёс, пра расстаньне-спатканьне… Мне здаецца, настрой песьні, сэнс лепш перадае гэты варыянт песьні. Ён самадастатковы, каштоўны сам па сабе як беларускі верш.

На другое месца мы паставілі пераклад Сокалава-Воюша. Усе астатнія пераклады занялі трэцяе месца. Вялікі шчыры дзякуй усім, хто ўзяў удзел і ў перакладах, і ў абмеркаваньні“.

Пераклады былі розныя, сур’ёзныя і жартаўлівыя, даволі прафэсійныя і ня вельмі, але ўсе перакладчыкі падышлі да справы творча, з фантазіяй.

Журналіст “Нашай Нівы” Павал Касьцюкевіч, паглядзеўшы верш як прафэсійны перакладчык, прыйшоў да такой высновы:

“Я думаю, што мы маем справу зь любоўным псыхозам лірычнага героя Аляксандра Рыбака. То бок гэта такі верш, які трэба перакладаць ня розумам, ня сэрцам, а жыватом. Таму ў гэтым пляне пераклады Балахонава і Сокалава-Воюша — яны добра, дарэчна, адпаведна пераклалі, але не хапіла нейкай народнасьці. Трэба было ўжыць народныя формы, патрэбна не засяроджанасьць на фактах, падвышаная мэтафарычнасьць. Вось у гэтым пляне яны крыху прайграюць. У гэтым пляне найлепшы пераклад Аўсвальда. Так бы мовіць, нязмушанасьць пераскокаў з тэмы на тэму. То бок: “Кладачка тоненька, вада халодненька, а я малодзенька…” У гэтым пляне ў яго найбольшая набліжанасьць да народных формаў. Толькі я дазволіў сабе перарабіць адзін слупок. У перакладзе так:

Кожны дзень між намі бойка,
Кожнай ноччу зноўку мір.
Яна была мне чарай горкай,
Але была мне й мой кумір“.


Я думаю, трэба перарабіць так:

Кожны дзень між намі бойка,
Кожнай ноччу зноўку мір.
Ты ня толькі чарка горка,
Але й гаючы кефір”.

А Сяржук Вітушка засяроджавае ўвагу яшчэ на адной цікавай вэрсіі песьні Рыбака:

“Сярод многіх сур’ёзных перакладаў быў адзін жартаўлівы. Асаблівая пахвала песьні, як наш сьпявак Аляксандар Рыбак мог пазнаёміцца ў Беларусі яшчэ ў дзіцячым садочку ці ў ясельках з дзяўчынкай, і потым у далёкай Нарвэгіі як казку, як сон успамінаць яе. Гэты выдатны трапны жарт таксама заслугоўвае асаблівай падзякі”.

Дарэчы, пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы. Так што, паважаны спадар Кастусь Знарачан, абавязкова зьвяжыцеся зь Менскім бюро Радыё Свабода!


Кастусь Знарачан.
Казка. (Паводле Алеся Рыбака)

Мне дзяўчынку-аблачынку
Лёс з нябёс, відаць, паслаў.
Патаналі мы ў абдымках,
Я ёй вусны цалаваў.

Я кахаў, святы і грэшны,
Як я ўмеў адзін.
Са слязой цяпер усмешка,
З жалем успамін.

Дзень сварыў — мірыла ночка,
Што было, даўно прайшло.
З аблачынкай-сінявочкай
Маё шчасцейка сплыло.

І няма душы спачынку,
Памяць рады не дае:
Пра дзяўчынку-аблачынку
Мары марныя мае.

Я кахаў, святы і грэшны,
Як я ўмеў адзін.
Са слязой цяпер усмешка,
З жалем успамін.
Сяржук Сокалаў-Воюш.
Fairytale

Ведаў я адну дзяўчыну
З тых часоў прайшлі гады
Мы плылі у аблачынах
Хоць даўно… Ды сапраўды…

Ў казку я закаханы зноў
Гэты боль здавён
Можа быць звар’яцелы я
Бо на мне праклён.

Сваркі ўдзень, каханьне ўночы
Так ніхто, ніколі, не
Мне журбой ня поўніў вочы,
Так ня нёс у рай мяне.

Ростань лёс прынёс раптоўна
Я прысьпешваю хаду
Каб усё пачаць ізноў нам
Як знайду, цябе знайду.

А яна — казка, гэта так
І мой боль здавён
Можа быць звар’яцелы я
Бо на мне праклён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG