Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея паставіла пад сумнеў выдзяленьне Беларусі апошняй траншы крэдыту


Сёньня ў Менску зь візытам знаходзіцца кіраўнік расейскага ўраду Ўладзімер Пуцін. Ён сустрэўся зь беларускім кіраўніком Алясандрам Лукашэнкам і праводзіць пасяджэньне Савету міністраў так званай Саюзнай дзяржавы. У фокусе перамоваў — эканамічны крызіс і магчымасьці далейшага крэдытаваньня беларускай эканомікі Расеяй.

Уладзімер Пуцін прыляцеў у Менск са спазьненьнем на адну гадзіну і адразу накіраваўся да Аляксандра Лукашэнкі. У размове з беларускім прэзыдэнтам расейскі прэм’ер выказаў спадзеў на захаваньне дынамікі расейска-беларускага таваразвароту:

“Што тычыцца бягучых спраў, то іх сапраўды шмат. Мне падаецца, што мы змаглі зрабіць галоўнае за апошні час — зьнізіць тэмпы падзеньня таваразвароту. Ён у нас быў вялікі летась — 34 мільярды даляраў. Як і ўсе краіны сьвету, мы цярпім ад крызісу, але нам удалося зьбіць тэмпы падзеньня таваразвароту. Сёньня разам з калегамі мы падумаем над тым, што трэба зрабіць, каб спыніць гэтае падзеньне і прыступіць да нарошчваньня таваразвароту”.

За першыя тры месяцы 2009 году таваразварот паміж Расеяй і Беларусьсю ўпаў на 42 працэнты, беларускі экспарт — на 47. Беларускія пастаўкі скараціліся ў 71 рэгіён Расеі, у якой усяго 81 суб’ект Фэдэрацыі.

Відаць, менавіта гэтыя лічбы меў на ўвазе Аляксандар Лукашэнка, калі заявіў Уладзіміру Пуціну пра наяўнасьць у адносінах з Расеяй праблем, зьвязаных, у прыватнасьці, і з эканамічным крызісам:

“Гэта перш за ўсё праблемы, якія тычацца цяперашняга сусьветнага крызісу, які, на жаль, нас не абмінуў, і мы вымушаныя зь ім лічыцца. Я думаю, што мы абмяркуем увесь спэктар двухбаковых адносін, уключна з палітычнымі пытаньнямі і пытаньнямі супольнай абароны ў саюзнай дзяржаве”.

Да першачарговых праблем двухбаковых дачыненьняў, пра якія кажуць ва ўрадзе Беларусі, адносіцца выдзяленьне Расеяй апошняй траншы двухмільярднага крэдыту ў далярах — 500 мільёнаў даляраў.

Пазыцыя беларускага ўраду робіцца ўтрыманскай, ідзе напампоўваньне эканомікі беларускімі рублямі, расьце імпарт, і ўвогуле беларуская эканоміка ўжо сёлета можа стаць неплатаздольнай.
Паводле міністра фінансаў Расеі Аляксея Кудрына, Масква ўвязала перавод гэтых грошай з намаганьнямі Менску па дасягненьні эканамічнай устойлівасьці краіны. На гэты момант такія дзеяньні беларускага ўраду Кудрын лічыць недастатковымі. Паводле ягоных слоў, пазыцыя беларускага ўраду робіцца ўтрыманскай, ідзе напампоўваньне эканомікі беларускімі рублямі, расьце імпарт, і ўвогуле беларуская эканоміка ўжо сёлета можа стаць неплатаздольнай, — заявіў Кудрын у кулюарах паседжаньня “саюзнага Саўміну”. Ён зазначыў, што расейскі бок прапанаваў выдаць гэтыя грошы — апошнюю траншу 2-мільярднага крэдыту — у расейскіх рублях. Але беларускі бок адмовіўся.

Паміж расейскім і беларускім бакамі апошнім часам разгараецца і спрэчка наконт экспарту ў Расею беларускай сельгастэхнікі. Менск хоча, каб расейскі ўрад крэдытаваў сваіх спажыўцоў беларускай тэхнікі і даваў ім іншыя прэфэрэнцыі. Беларускі ўрад даводзіць, што такія дамоўленасьці прадугледжвае супольны антыкрызісны плян. Аднак расейскі ўрад настойвае, што прэфэрэнцыі будуць мець толькі айчынныя вытворцы. У сувязі з гэтым Лукашэнка за некалькі дзён да прыезду Пуціна абвінаваціў ягоны ўрад у блякаваньні рашэньняў прэзыдэнтаў дзьвюх краін.



Усяго ў парадак дня сёньняшняга паседжаньня “саюзнага Саўміну” ўключаны 22 пытаньні, якія тычацца гандлёва эканамічнага супрацоўніцтва, сумесных дзеяньняў па мінімізацыі наступстваў фінансавага крызісу. Чакаецца абмеркаваньне пытаньня ўдзелу Расеі ў будаўніцтве беларускай АЭС. У студзені быў падпісаны пратакол, згодна зь якім падрадчыкам будоўлі мае стаць расейская кампанія “Атамбудэкспарт”. Пры гэтым Расея таксама зьбіраецца крэдытаваць гэтае будаўніцтва. Аднак апошнім часам пачалі зьяўляцца зьвесткі, якія сьведчаць пра магчымасьць замарожваньня гэтага супольнага праекту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG