Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква — Менску: час вяртаць авансы


28 траўня ў Беларусь прыяжджае прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін, які мае ўзяць удзел у сумесным паседжаньні ўрадаў Беларусі і Расеі, а таксама сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам.

Чаму напярэдадні гэтага візыту бакі абмяняліся даволі рэзкімі заявамі адносна эканамічных паводзінаў Масквы і Менску? Ці можна лічыць некаторыя эканамічныя дзеяньні Расеі пакараньнем за пэўныя палітычныя крокі афіцыйнай Беларусі ў бок Захаду?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносінаў Кірыл Коктыш і шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Кірыл
Коктыш
Сьвятлана Калінкіна
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: “28 траўня ў Беларусь прыяжджае прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін, які возьме ўдзел у гэтак званым „саюзным Саўміне“ — сумесным паседжаньні ўрадаў Беларусі і Расеі. Напярэдадні беларускія і расейскія чыноўнікі абмяняліся даволі вострымі рэплікамі наконт паводзінаў саюзьнікаў — кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Сідорскі абвінаваціў Расею ў блякаваньні беларускай прадукцыі на расейскіх рынках, а Ўладзімер Пуцін заявіў, што лічыць немэтазгодным выкарыстоўваць расейскія крэдытныя рэсурсы для закупу беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі.

Ці стане, на вашу думку, галоўнай тэмай сустрэчы менавіта праблема пранікненьня беларускай прадукцыі на расейскі рынак і якую пазыцыю Расеі можна чакаць у гэтым пытаньні? Ці саступіць Масква, як гэта часта бывала, эканамічнаму ціску з боку Менску, ці застанецца на пазыцыях адстойваньня найперш інтарэсаў нацыянальнай расейскай эканомікі?”

Расея проста перастала купляць беларускія тавары за дзяржаўныя грошы, паводле дзяржаўнай замовы.
Калінкіна: “Сапраўды, эканамічныя пытаньні будуць стаяць досыць востра, бо для беларускай эканомікі закрыцьцё расейскага рынку — гэта вельмі і вельмі вострая зьява. Але, як я мяркую, Расеі ёсьць што адказаць. Бо Беларусь пад самымі рознымі тлумачэньнямі не пускае расейскую прадукцыю на свае рынкі — наадварот, робяцца ўсё новыя захады, каб перашкодзіць імпарту, расейскаму ў тым ліку”.

Цыганкоў: “Масква сапраўды з фактамі ў руках даводзіць, што ніякіх перашкодаў для беларускай прадукцыі ня чыніць, што, маўляў, Расея ня можа закупіць столькі трактароў, колькі вырабляе Беларусь. Хто мае рацыю ў гэтай спрэчцы? І ці стане гэта галоўнай тэмай “саюзнага Саўміну?”

Коктыш:”Гэта стане важным пытаньнем, але тут ёсьць вельмі важны нюанс. Насамрэч ніякіх фармальных перашкодаў для беларускай прадукцыі няма. Расея проста перастала купляць беларускія тавары за дзяржаўныя грошы, паводле дзяржаўнай замовы. Іншымі словамі, беларуская прадукцыя перастала купляцца Расеяй з палітычных матываў, калі яна купляецца, нягледзячы на якасьць і на кошт, толькі таму, што так “трэба”.

Цыганкоў: “Зь якога часу гэта адбываецца?”

Можна было зрабіць любы кошт на газ — усё роўна Расея ўсе выдаткі потым брала на сябе, закупляючы па дзяржзамове беларускую прадукцыю.
Коктыш: “Апошнія 2-3 месяцы. Проста прыпыніліся прывілеяваныя закупы беларускіх тавараў. Але яны засталіся на ўзроўні любых іншых тавараў, якія могуць канкураваць у Расеі зь іншымі на агульных падставах.

Гэта азначае, што Расея проста спыніла той інструмэнт, калі газавы кошт для Беларусі перакладаўся на расейскі бюджэт. Бо можна было зрабіць любы кошт на газ — усё роўна Расея ўсе выдаткі потым брала на сябе, закупляючы па дзяржзамове беларускую прадукцыю. Гэты мэханізм пачаў спыняцца, і, як мы бачым, гэта зрабіла вельмі моцны ўплыў на беларускую эканоміку. Бо цяпер у Беларусі на складах, калі не памыляюся, звыш месячнага аб’ёму вырабленай прадукцыі”.

Цыганкоў: “Як абвешчана, Уладзімер Пуцін сустрэнецца і з Аляксандрам Лукашэнкам. Напярэдадні прэзыдэнт Беларусі абвінаваціў расейскі ўрад у блякаваньні і правальваньні рашэньняў, якія прымаюцца кіраўнікамі Беларусі і Расеі ў рамках “саюзнай” дзяржавы.

“Усё развалена, усё блякуецца, прэзыдэнты рашэньні прымаюць — расейскі ўрад правальвае. Калі мы пачынаем адзін аднаго блякаваць у гэтых пытаньнях і Расея пачынае не пускаць нас на свой рынак, дык каму патрэбныя гэтыя так званыя інтэграцыйныя працэсы?” — сказаў Лукашэнка.

Як на фоне гэтых заяваў выглядаюць сёньня адносіны Беларусі і Расеі? Ці паўплывала на стаўленьне Масквы да Менску далучэньне Беларусі да праграмы “Ўсходняе партнэрства”? Ці можна патлумачыць тыя дзеяньні Масквы, на якія скардзіцца Аляксандар Лукашэнка, як нейкае эканамічнае пакараньне за пэўныя палітычныя крокі ў бок Захаду?“

Далучэньне Беларусі да „Ўсходняга партнэрства“ — гэта ня той крок, які радасна вітаўся Расеяй.
Калінкіна: “У кожным выпадку далучэньне Беларусі да Ўсходняга партнэрства — гэта ня той крок, які радасна вітаўся Расеяй. Увогуле назапасілася шмат палітычных праблемаў — пачынаючы ад прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Захад цяпер, як вядома, вядзе зь Менскам кулюарныя перамовы пра прызнаньне Косава, тут і „Ўсходняе партнэрства“, візыт у Ватыкан — было зроблена шмат крокаў, якія могуць не падабацца Крамлю.

Але для Менску гэта проста торг. Менск шукае грошы па ўсім сьвеце — і ў Расеі, і ў Эўропе, і ў Лацінскай Амэрыцы, і ў арабскім сьвеце, і гатовы „сябраваць“ з усімі, хто дасьць грошы. Пра гэта Маскву папярэджвалі шмат гадоў, што Менску непатрэбныя ніякія братэрскія праекты, калі яны не падмацаваныя грашыма. І зараз толькі пацьвярджаюцца высновы аналітыкаў.

На сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна, мяркую, вельмі востра паўстане пытаньне выдзяленьня дадатковага расейскага крэдыту — мільярд даляраў. Я думаю, гэта тое, чаго вельмі чакае Лукашэнка ад візыту Пуціна. Бо нашаму бюджэту зараз гэтыя грошы вельмі патрэбныя. Асабліва калі ўлічваць, што завісьлі ў паветры ранейшыя дамоўленасьці з МВФ і Сусьветным Банкам”.

Цыганкоў: “Ці можна разглядаць некаторыя дзеяньні Масквы, пра якія казаў Кірыл, як пэўнае пакараньне з боку Крамля за тыя дзеяньні Менску ў бок Захаду, якія вы ўзгадвалі?”

Калінкіна: “Я думаю, тут комплекс прычынаў. Расея доўга авансавала грашыма пэўныя абяцаньні з боку Беларусі. І вось зараз наступіў пэрыяд выкананьня гэтых абяцаньняў, а заадно разуменьне Масквой таго, што за грошы сапраўдных партнэрскіх адносінаў купіць нельга”.

Цыганкоў: “Кірыл, спыненьне дзяржаўных закупаў — гэта пакараньне (пра што публічна ніколі ня скажуць) ці проста адказ на крызіс? Можа, Расеі проста трэба ратаваць расейскую эканоміку, і тут не да таго, каб дапамагаць непасьлядоўнаму саюзьніку — таму тут толькі нармальная эканамічная мэтазгоднасьць?”

Коктыш: “Тут і палітыка, і нармальная эканамічная мэтазгоднасьць. Тут проста адмена тых прывілеяў, якія даваліся як аванс пад выкананьне пэўных абяцаньняў. Абяцаньні не былі выкананыя — таму прывілеі адмененыя. Бо, скажам так, Расея пакуль маральна гатовая датаваць беларускую прамысловасьць, але яна не гатовая датаваць Эўропу.

„Усходняе партнэрства“ — гэта спроба некаторых яго ўдзельнікаў гандляваць блізкасьцю з Расеяй. Спроба атрымаць ад Эўропы нейкія грошы за продаж тых прывілеяваных адносінаў з Расеяй, якія яны маюць. Таму эканамічны адказ Расеі — гэта вельмі рацыянальны адказ у тым сэнсе, што такія спробы ня пройдуць. Гэта вельмі слушная і зразумелая пазыцыя, і, мне здаецца, падчас візыту ў Менск Пуцін будзе зыходзіць менавіта з такой пазыцыі”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG