Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўзяўся за "Эўрабачаньне"


Кіраўнік Беларусі расчараваны выступам краіны на "Эўрабачаньні" і заявіў, што заменіць і кампанію, і людзей, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы канкурсанта.


"Тыдзень таму новыя людзі пачалі прапрацоўваць новыя праекты ўдзелу Беларусі ў "Эўрабачаньні". Усё будзе заменена", — паведаміў Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Магілёўскую вобласьць 22 траўня, паведмаляе БелаПАН.

"Крышку прыадчыню заслону. Мне гэта ўжо добра надакучыла. Балбатня, бойка і іншае. Старызна, хлам, іначай не назаву. Сабраліся вакол гэтага, піяраць, можа, яшчэ і грошы нейкія дзеляць. Разьбяромся", — сказаў А.Лукашэнка.

Паводле яго слоў, выканаўцы таксама "добрыя". "Што тычыцца цяперашняга, то да пачатку гэтага конкурсу за месяц, за паўтара, мне скардзіліся, што вось не хоча так рабіць, нехта ім там кіруе і г.д. Урэшце рэшт мне гэта ўсё надакучыла, і я сказаў: не перашкаджайце, мы яго выбралі, замяніць ня можам, калі ўжо ўпірацца моцна пачне, давайце ня будзем браць удзел сёлета наогул. Вырашылі ўдзельнічаць. Не перашкаджайце, паглядзім. Вось вынік. Таму будуць заменены і кампаніі, і людзі", — заявіў А.Лукашэнка.

На 54-м міжнародным конкурсе песьні "Эўрабачаньне-2009" у Маскве прадстаўнік Беларусі Пётар Ялфімаў ня выйшаў у фінал, заняўшы 13-е месца ў паўфінале. шлях да “Эўрабачаньня” Пятра Ялфімава адпачатку суправаджаўся скандальнымі сытуацыямі. Яшчэ на адборачным этапе ў рамках “Эўрафэсту” музыкі напісалі калектыўны ліст да кіраўніцтва Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі з патрабаваньнем зьняць Ялфімава з конкурсу — ягоны кантракт ускосна даваў зразумець, што лёс беларускага ўдзельніка “Эўрабачаньня” быў вырашаны загадзя. Празь некаторы час Ялфімаў і ягоная прадусарка Тацяна Касмачова перасварыліся з усімі, хто адказваў за падрыхтоўку канкурсанта — намесьнікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандрам Мартыненкам, куратарам “Эўрафэсту” Аляксандрам Ціхановічам і польскім рэжысэрам Янушам Юзэфовічам, якога нанялі, каб паставіць нумар сьпевака.

Перамог нарвэскі выканаўца беларускага паходжаньня Аляксандар Рыбак
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG