Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Для Ялфімава „Эўрабачаньне“ — бессэнсоўны занятак”


Сёньня ў Маскве стартаваў сьпеўны конкурс “Эўрабачаньне-2009”. Прадстаўнікі 37 эўрапейскіх краінаў, падзеленыя на дзьве групы, паспрачаюцца за месца ў фінале — у наступны раўнд пройдуць па 10 лепшых. У першым паўфінале пад чацьвёртым нумарам выступіць беларускі ўдзельнік Пётар Ялфімаў. А 14 траўня на сцэну выйдзе яшчэ адзін беларус — Аляксандар Рыбак, які з маленства жыве ў Нарвэгіі і прадстаўляе на конкурсе новую радзіму. Дарэчы, менавіта Рыбаку адмыслоўцы прадракаюць перамогу. Тым часам беларускія экспэрты кажуць пра бессэнсоўнасьць удзелу Ялфімава ў “Эўрабачаньні”.

Пётар Ялфімаў
Колішні генэральны прадусар Першага нацыянальнага тэлеканалу Ўладзімер Максімкоў лічыць, што Пятру Ялфімаву ня варта было ўвязвацца ў (цытую) “сумнеўную авантуру” з “Эўрабачаньнем”. На думку Максімкова, практычна не было выпадкаў, каб удзел у конкурсе пасьпяховага і ўжо раскручанага артыста прынёс бы яму нейкія дывідэнды:
Ялфімаў цалкам самадастатковы артыст. І я ня вельмі разумею, навошта яму гэты конкурс патрэбны.


“Пётар — артыст, які ўжо даўно адбыўся, які ўжо даўно зацьвердзіўся. І думаю, што карані праблемы хаваюцца менавіта ў гэтым. Яму, на маю думку, ня трэба было яму ўвогуле ехаць на „Эўрабачаньне“. Для Пеці гэта бессэнсоўны занятак, бессэнсоўны конкурс. Ён выдатны сьпявак, выдатны артыст. Ён і так ужо быў дастаткова сьпелым і папулярным. Гэта на ўзроўні таго, што, як мне падаецца, Патрыцыя Каас з глузду зьехала і паехала на „Эўрабачаньне“. Раней, памятаем, і Ала Пугачова езьдзіла. Навошта? Не вітаюцца звычайна такія экспэрымэнты. Ялфімаў, вядома, ня ўзровень Каас ці Пугачовай з пункту гледжаньня папулярнасьці, але ён цалкам самадастатковы артыст. І я ня вельмі разумею, навошта яму гэты конкурс патрэбны”.

Пасьля прагназаванай перамогі ў нацыянальным адборачным конкурсе “Эўрафэст” увесь астатні шлях Ялфімава ў Маскву быў высланы скандаламі. Літаральна да апошняга моманту арганізатары слаба ўяўлялі, якім урэшце будзе нумар беларускага ўдзельніка. Больш за два месяцы беларуская артыстычная брыгада дзеліцца на два лягеры: з аднаго боку — Пётар Ялфімаў і ягоная прадусарка Тацяна Касмачова, зь іншага — старшыня аргкамітэту “Эўрафэсту” Аляксандар Ціхановіч з атачэньнем і рэжысэр Януш Юзэфовіч.

Толькі ў беларускім нумары выканаўца і фон да яго будуць існаваць на сцэне незалежна адзін ад аднаго.
Менавіта польскага спэцыяліста наняла Нацыянальная тэлерадыёкампанія, каб той паставіў Ялфімаву нумар эўрапейскага стандарту. Артыст і прадусарка назвалі ідэю прычапіць Ялфімаву даўжэзныя крылы “абразьлівай” і фактычна адмовіліся ад супрацоўніцтва зь Юзэфовічам. З ініцыятывы Ціхановіча Касмачову за шматслоўе пазбавілі спэцакрэдытацыі ў пакоі, дзе артысты даюць інтэрвію журналістам.

У выніку на “Эўрабачаньні” толькі ў беларускім нумары выканаўца і фон да яго будуць існаваць на сцэне незалежна адзін ад аднаго.

Аднак, як гаворыць прадусар Уладзімер Максімкоў, скандалы, у тым ліку палітычныя, апошнім часам — звыклыя спадарожнікі “Эўрабачаньня”. Прынамсі, хоць у гэтай пазыцыі беларусы не саступаюць канкурэнтам:

“Што тычыцца ўсіх гэтых перадконкурсных скандалаў, то калі нават гэта не элемэнт піяру, то, па вялікім рахунку, такі піяр трэба прыдумляць. То бок правільна для мерапрыемства такога ўзроўню, для такой падзеі, каб навокал стваралася прынамсі ілюзія актыўных дзеяньняў, нэрвознасьці, нейкія адценьні скандалу. Таму што гэта неадрыўная частка шоў-бізнэсу. Зь іншага боку, калі яны здолеюць з гэтага конкурсу, адрозна ад бальшыні нашых артыстаў, вынесьці нейкую практычную карысьць — то бок скарыстаць гэты піяр, выкарыстаць папулярнасьць самога конкурсу, скарыстацца ўжо тым, што імпрэза адбываецца ў Маскве і можна разьлічваць на пэўныя прапановы, — то тады — так, усё гэта варта сьвечак”.

Анатоль Мяльгуй
У сваю чаргу, музычны крытык Анатоль Мяльгуй лічыць, што памылковай была сама стратэгія беларускага ўдзелу на “Эўрабачаньні”. Такога кшталту конкурсы — выдатная трыбуна, каб заявіць пра нацыянальную адметнасьць дзяржавы. Аднак беларускія выканаўцы ўпарта намагаюцца запісацца ў шэрагі безаблічнай бальшыні — “прадукту глябалізацыі”:

Беларускія выканаўцы ўпарта намагаюцца запісацца ў шэрагі безаблічнай бальшыні — “прадукту глябалізацыі”.
“Увогуле гэта не зусім мая стылістыка. Пагляджу хіба толькі фінал, бо ў прынцыпе, як для мяне, дык раскладка збольшага вядомая і зразумелая”.

Карэспандэнт: “З вашага гледзішча, ці можна казаць, што конкурс — прадукт глябалізацыі? Падабенстваў у артыстаў нашмат больш, чым адрозьненьняў”.

“Безумоўна, тут яскрава адлюстраваныя ўсе праблемы і хібы сучаснага сьвету. Тэндэнцыі, якія маюць месца на тле глябалізацыі, адбіваюцца і на „Эўрабачаньні“. Перадусім англамоўнасьць, стандартнасьць у падыходах — так званы фармат, усё гэта прысутнічае ў творчасьці артыстаў. Але сярод усіх гэтых абмежаваньняў заўсёды знойдуцца адзін-два артысты, якія выступаюць годна і на сваёй мове. Без усялякіх там „культурніцкіх пасярэднікаў“. З гэтага пункту гледжаньня для маладых дзяржаваў, такіх, як Беларусь, — гэта неацэнная магчымасьць, каб прарэклямаваць культуру сваёй краіны”.



Сёньня пасьля выступу канкурсантаў першага паўфіналу будзе дадзены адлік галасаваньню гледачоў у 18 краінах, пасьля чаго пачнецца працэдура выяўленьня лепшых. Пётар Ялфімаў выканае складзеную ім самім песьню “Eyes that never lie”. Што да навацый, то ўпершыню пераможцу “Эўрабачаньня” сумесна вызначаць гледачы і журы. Найчасьцей магчымым трыюмфатарам называецца прадстаўнік Нарвэгіі Аляксандар Рыбак — нараджэнец Беларусі, які трапіў у Скандынавію ў 5-гадовым узросьце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG