Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора позна ўвечары ў эфіры Першага каналу гледачы ацанілі вартасьць кандыдатаў на тое, каб прадстаўляць Беларусь у міжнародным конкурсе “Эўрабачаньне-2009”.


Сама імпрэза адбудзецца ў Маскве ў траўні — дзякуючы таму, што летась расейскі сьпявак Дзіма Білан з другой спробы здабыў у Бялградзе першае месца. У менскім Палацы спорту спрэчку за адзіную пуцёўку на “Эўрабачаньне” ў рамках нацыянальнага адборачнага праекту “Эўрафэст” вялі пяць беларускіх удзельнікаў, якіх пры канцы 2008 году журы выбрала з паўтара дзясятка прэтэндэнтаў. У выніку перамогу атрымаў Пётар Ялфімаў. Другая — Gunesh: яе чацьвёртая спроба трапіць на “Эўрабачаньне” зноў ня мела плёну.

За права прадстаўляць Беларусь на “Эўрабачаньні” ў Маскве змагаліся наступныя салісты і гурты: самы вядомы бляндын беларускай эстрады Пётар Ялфімаў, сьпявачка з азэрбайджанскімі каранямі Gunesh, панк-гурт “Вецер у галаве”, Дамэніка — колішняя бэк-вакалістка “твару Беларусі” Ірыны Дарафеевай, а таксама супольны праект — Дакота і гурт “Litesound”. Дакота, вядомая сваім удзелам у расейскім сьпеўным шоў “Фабрыка зорак”, намагалася трапіць у фінал “Эўрафэсту” асобна, аднак ня здолела: песьня па-беларуску “Цябе адчуваю” з расейскамоўным рэпам пераапранутага “спэцназаўца” сапраўды аказалася чымсьці няўцямным.

Сярод канкурсантаў былі свае “вэтэраны”: Gunesh штурмавала “Эўрафэст” ужо чацьвёрты раз, упарта не адмаўляючыся ад ідэі стаць тварам Беларусі на “Эўрабачаньні”. Зь песьняй “Fantastic girl” яна пачала адборачны выступ. Дарэчы, усе песьні канкурсанты сьпявалі па-ангельску, за выключэньнем панкаў зь “Ветрам у галаве”: артысты скарысталі магчымасьць памяняць кампазыцыю і адмовіліся ад паўфінальнай англамоўнай песьні “Or or and” на карысьць беларускамоўнай “Шпацыруем”. Гурт выступаў апошнім, прадэманстраваўшы шоў зь пераапрананьнем.

Сёлета аргкамітэт “Эўрафэсту” заявіў пра кардынальную зьмену ў правілах конкурсу. Пераможцу вызначалі паводле вынікаў тэлефоннага галасаваньня гледачоў. Дагэтуль гледачы выбіралі толькі паўфіналістаў, а лідэра вызначала журы. Такая форма абвяшчэньня адзінага дэлегата мела шмат праціўнікаў. Крытыкі падкрэсьлівалі: практычна ўсе адборачныя туры апошніх гадоў ладзіліся пад канкрэтнага выканаўцу, перадусім пратэжэ маскоўскіх прадусараў, а астатнія канкурсанты адпачатку былі ў ролях статыстаў. Досыць згадаць кампаніі, у якіх толькі фармальна спаборнічалі Руслан Аляхно, Дзьмітрый Калдун, Анжаліка Агурбаш. Нават да галасаваньня было зразумела: менавіта гэтыя людзі ўрэшце атрымаюць найбольшую колькасьць галасоў чальцоў журы. Праўда, толькі Калдун два гады таму годна прадставіў Беларусь у Фінляндыі, заняўшы 6 месца. Астатнія прэтэндэнты ня здолелі скарыць нават этап паўфіналу.
Ялфімава ўжо даўно “цягнулі” на “Эўрабачаньне”

Чуліся меркаваньні, што і сёлетні “Эўрафэст” “сканструяваны” пад Пятра Ялфімава. Пра гэта казалі і канкурэнты Ялфімава па адборачным конкурсе. Ялфімава ўжо даўно “цягнулі” на “Эўрабачаньне”, аднак згоду ён даў толькі гэтым разам. На чарговага “блатнога” ў шэрагу канкурсантаў зьвярталі ўвагу фіналісты “Эўрафэсту”. На пачатку году канкурэнты Ялфімава літаральна злавілі ў фае будынку Беларускага тэлебачаньня старшыню Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага і запатрабавалі дыскваліфікаваць сьпевака з адборачнага конкурсу. Яны сьцьвярджалі, што пастаўленыя ў няроўныя ўмовы параўнальна зь Ялфімавым. Маўляў, дамова, якую падпісаў Ялфімаў, не адпавядае палажэньню аб тэлеконкурсе. Праўда, у Белтэлерадыёкампаніі палічылі, што падставаў для дыскваліфікацыі Ялфімава няма, бо адзіны ўзор дамовы не зацьверджаны і арганізатары маюць права пэрсанальна працаваць з кожным канкурсантам. У прэс-службе БТ апазыцыю да Пятра Ялфімава патлумачылі ўласьцівымі любому творчаму асяродку “інтрыгамі пад дываном”.

Па выніках галасаваньня Ялфімаў атрымаў бальшыню галасоў тэлегледачоў — адзінаццаць з паловай тысяч. За Gunesh прагаласавалі амаль восем тысяч. Астатнія пазыцыі падзялілі “Litesound” і Дакота, “Вецер у галаве” і Дамэніка.

Хто сёньня насамрэч варты прадставіць Беларусь на “Эўрабачаньні”? Усе ведаюць, што вакал у Пятра Ялфімава моцны, аднак нічога новага ён не прадэманстраваў — традыцыйны сьпеў, традыцыйная падача. Дый з рэпэртуарам сьпявак спазьніўся гадоў на трыццаць. “Litesound” і Дакота ўспрымаюцца цалкам па-эўрапейску. Летась музыкі з “Litesound” (без Дакоты) у “Эўрафэсьце” былі другімі і саступілі Руслану Аляхно. Але паколькі “Эўрабачаньне” — перадусім конкурс з досыць размытымі нацыянальнымі межамі, з гэткай эўрапейскай усярэдненасьцю і акцэнтам на шоў, то, магчыма, посьпеху агульнай справы больш паспрыяла б Gunesh. Як заўсёды, досыць цікава слухаецца гурт “Вецер у галаве” — ужо хоць бы з-за таго, што гэта адзіная спроба прарвацца ў Эўропу зь песьняй на беларускай мове. Два гады таму ў Хэльсынкі такі экспэрымэнт меў плён — а-капэльны сьпеў дзяўчат з Сэрбіі на чале з Марыяй Шэрыфавіч на сэрбскай мове быў успрыняты публікай надзвычай прыхільна, і ў выніку яны занялі першае месца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG