Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята Свабоды


Выступае дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук

Выступае дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук

У сераду ў амбасадзе ЗША ў Менску адбылася ўрачыстая імпрэза да 55-годзьдзя беларускай Свабоды. Да падзеі прымеркаваны выхад 15-й кнігі сэрыі “Бібліятэка Свабоды” — “Адзін дзень палітвязьня”. /img/icon-video.gif --> javascript: newwindow = window.open(

На ўрачыстасьці былі запрошаныя героі кнігі і родныя палітзьняволеных, лідэры партыяў, творчая інтэлігенцыя.

Джонатан Мур
Вечарыну адкрыў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур:

“Мы адзначаем 55-ю гадавіну Радыё Свабода. Мы толькі ладзім гэту імпрэзу, і для нас гэта вялікі гонар — прымаць прэзыдэнта Радыё Свабода спадара Гедміна і Аляксандра Лукашука, кіраўніка Беларускай службы Радыё Свабода”.

Джэф Гедмін

Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа — Радыё Свабода Джэф Гедмін упершыню прыехаў у Беларусь. Хацеў сустрэцца з кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам, але ў адміністрацыі яму паведамілі, што ў спадара Лукашэнкі ўсё расьпісана да верасьня… Гедмін пабяцаў прыехаць яшчэ і ў верасьні:

“Я вельмі ганаруся тым, што мне пашчасьціла ў гэтае сьвята быць разам з вамі і адзначаць яго. Некалькі хвілін таму я бачыў людзей, якія сустрэліся, усьміхаліся, і гэта выглядала, як вечар сустрэчы выпускнікоў. У мяне вельмі вялікая павага да гэтых людзей”.

Юзэфа Чартарыцкая
“Адзін дзень палітвязьня” — гэта 41 гутарка зь міжнародна прызнанымі беларускімі палітзьняволенымі, якія ад 1996 да 2008 гадоў разам правялі за кратамі больш за 53 гады. Адкрывае кнігу гутарка з паэтам Славамірам Адамовічам, які ў 1995 годзе напісаў верш “Убей презідента!”, за які быў арыштаваны і адседзеў 9 месяцаў, трымаў сухую галадоўку. Спадар Адамовіч жыве цяпер у Нарвэгіі. Маці паэта Юзэфа Чартарыцкая прачытала верш, прысьвечаны сыну:

“Шмат пакутаў перажыў ты ў сваёй краіне.
Вер, народ чужы цябе не пакіне.
Дзякую ўсім тым людзям, хто прытулак табе даў,
Каб крыху лепш табе жылося, сам Бог табе дапамагаў”

Экс-прэм’ер міністар Міхаіл Чыгір у 1998 годзе адседзеў ў турме на вуліцы Валадарскага 8 месяцаў. Былі пакараныя ягоная жонка і сын. На пытаньне, ці хацеў бы ён адпомсьціць тым, хто яго беспадстаўна пакараў, адказаў так:

“Тыя, хто расправіўся зь людзьмі, якія тут прысутнічаюць, якіх няма, безумоўна, павінны быць пакараныя. Я не скажу, што ў гэтым вінаваты толькі Лукашэнка. Вінаватыя тыя, хто фабрыкаваў гэтыя справы, хто арыштоўваў, хто падпісваў пастановы, хто па іх прымаў судовыя пастановы. Яны павінны панесьці адказнасьць. Для таго, каб у будучым гэта не паўтарылася”.

Аляксандар Лукашук, Міхаіл Чыгір, Джэф Гедмін

Маці зьніклага ў 2000 годзе апэратара Зьмітра Завадзкага спадарыня Вольга ў часе імпрэзы сказала:

Вольга Завадзкая
“Жудасна, жудасна ад таго, што ня ведаеш, калі даведаешся праўды. Але яе так хочацца пачуць. Я ня думаю, што сыход Лукашэнкі вырашыць усе праблемы. Для гэтага, напэўна, патрэбная актыўнасьць нашага народа, каб усе захацелі жыць у свабоднай краіне. Тады будзе праўда”.


Васіль Лявонаў
Што дала чалавеку турма? Экс-міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, які адседзеў амаль тры гады, кажа:

“Турма зрабіла мяне свабодным, вольным чалавекам. Дзіўна гэта ці не — але гэта так. Я не будую ні сацыялізм, ні камунізм, ні вэртыкаль. Я — вольны чалавек”.

Колькі пасадак было і колькі ў агульнай колькасьці адседзеў праваабаронца і журналіст Валер Шчукін, ня мог падлічыць нават ён сам. Але былы марскі афіцэр ніколі не губляў пачуцьця гумару:

“Самы страшны дзень у турме — калі мне ў Жодзіне галілі бараду. Адзін амбал з дубінкай справа, другі зьлева. Сказалі: будзеш дрыгацца — будзем галіць насуха. Пры маёй шчаціне галіць па сухому — у мяне нават сьлёзы з вачэй пакаціліся”.

Андрэй Кім
Самае дзіўнае — што незаслужанае пакараньне не зрабіла палітвязьняў жорсткімі, помсьлівымі. Адзін з самых маладых вязьняў Андрэй Кім, які летась адседзеў 8 месяцаў за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў, распавёў, што самае галоўнае у зьняволеньні:

“Асноўнае правіла — гэта любіць людзей. Таму што турма як асяродак нянавісьці прымушае людзей больш ненавідзець. Я вельмі рады, што Бог і мне даў такую сілу, і большасьці палітвязьняў дараваць сваім крыўдзіцелям. Галоўны запавет Божы — любіць людзей — ён і дапамагаў”.


Адзін з герояў кнігі Ўладзімер Плешчанка роўна тры гады таму ў гэты дзень пайшоў з жыцьця. Прысутныя ўшанавалі памяць пра яго хвілінай маўчаньня. Шмат узгадвалі і сёньняшніх палітвязьняў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку. Такім чынам, працяг кнігі яшчэ будзе.

Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч, які два гады адбываў пакараньне на хіміі, сказаў:

“Я хацеў падзякаваць і Радыё Свабода, і тым журналістам, якія стварылі гэтую кнігу. Гэта, па сутнасьці, помнік, помнік эпохі, чалавечага болю, пакутаў, барацьбы і мужнасьці. Дзякуй Вам!”

Аляксандар Казулін
Прыканцы імпрэзы былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін, які адседзеў два з паловай гады за хуліганства і арганізацыю вулічных забурэньняў, прапанаваў утварыць асацыяцыю палітвязьняў:

“Ад імя ўсіх прысутных мы робім заяву пра тое, што мы ствараем асацыяцыю палітвязьняў. Няхай гэтая імпрэза будзе нашым афіцыйным сходам па стварэньні арганізацыі. Каб гэта было афіцыйна, я прапаную ўзьняць далоні, хто за стварэньне асацыяцыі палітвязьняў у нашай краіне”.

Рукі ўзьнялі ўсе прысутныя — амаль сотня чалавек.

Відэарэпартаж з імпрэзы да 55-годзьдзя Свабоды




Героі кнігі

Валеры Леванеўскі
Кацярына Садоўская
Сяргей Скрабец
Вадзім Лабковіч
Андрэй Клімаў
Мікола Маркевіч



Сустрэчы ў кулюарах

Дырэктар менскага бюро Радыё Свабода Валянцін Жданко, журналіст Вячаслаў Ракіцкі, мастак усіх кніг Беларускай службы Радыё Свабода Генадзь Мацур, часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур.

Аляксандар Лукашук, Джэфры Гедмін, Джонатан Мур


Міхаіл Чыгір, Васіль Лявонаў, Мікола Статкевіч

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG