Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Свабода сьвяткуе 55-гадовы юбілей


Гаворыць прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэф Гедмін, леваруч ад яго — часовы павераны Джонатан Мур.
Гаворыць прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэф Гедмін, леваруч ад яго — часовы павераны Джонатан Мур.

У пасольстве ЗША ў Менску адбываецца ўрачыстая імпрэза да 55-годзьдзя Свабоды. Да падзеі прымеркаваны выхад 15-й кнігі сэрыі “Бібліятэка Свабоды” — “Адзін дзень палітвязьня”.

Сустрэліся героі перадачаў Свабоды. Палітвязьні вельмі прыязна паміж сабой камунікуюць: абдымаліся, распытвалі адно аднаго.

Аляксандар Казулін, Міхаіл Марыніч, Міхаіл Чыгір, Васіль Лявонаў, Андрэй Клімаў

Кіраўнік Радыё Свабода Джэф Гедмін у сваім уступным слове сказаў, што гэта выглядае на сустрэчу выпускнікоў. Ён выказаў вялікую прыязнасьць і павагу да гэтых людзей.

Прэзыдэнт Радыё Свабода паведаміў, што прасіў пра сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Аднак адміністрацыя Лукашэнкі паведаміла, што той заняты да верасьня. “Калі я вярнуся ў Прагу, напішу ліст на імя Лукашэнкі. Каб гэтую сустрэчу правесьці ў верасьні”, — заявіў спадар Гедмін.

Джонатан Мур
Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур павіншаваў Радыё з юбілеем. Ён таксама ўзгадаў пра складанасьці ў працы амбасады, якія ўзьніклі летась, і пра тое рашэньне, якое прыняла тагачасны дзяржаўны сакратар Кандаліза Райс: “каб сьцяг Злучаных Штатаў ня быў апушчаны”. Спадар Мур патлумачыў прычыну: “Бо ёсьць людзі — такія як вы, якія змагаюцца за свабоду”.

Гаворыць Аляксандар Лукашук

Дырэктар Беларускай службы Аляксандар Лукашук задаўся пытаньнем: што б мог падумаць у 55-ю гадавіну Радыё Свабода першы дырэктар службы Вінцэнт Жук-Грышкевіч?

“Канечне, ён засмуціўся б, бо калі на Беларусь вяшчае Радыё Свабода, то ў Беларусі яшчэ не хапае гэтай свабоды. Але ён быў бы рады той салідарнасьці, дзякуючы якой беларускія слухачы могуць слухаць гэтае радыё. І быў бы таксама рады, што ёсьць такія героі, якія змагаюцца. І пра іх гэтая кніга”.

Аляксандар Лукашук, Джэфры Гедмін, Джонатан Мур

Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін прапанаваў стварыць асацыяцыю беларускіх палітзьняволеных. Ён заявіў, што вельмі важна, каб голас палітвязьняў быў пачуты ў новых палітычных умовах. “Улады зноў рыхтуюць рэпрэсіі”, — заявіў Казулін.

Вячаслаў Сіўчык і Сяргей Скрабец зьвярнуліся да Мікалая Аўтуховіча з просьбай спыніць галадоўку, якую ён трымае больш за месяц.

На прэзэнтацыі многім вязьням задавалі пытаньне, як яны адчувалі сябе пасьля турмы? Шмат хто адказаў, што ў турме і пасьля зьняволеньня ён адчуваў сябе больш свабодным. У прыватнасьці, былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў наўпрост заявіў: “Турма зрабіла мяне свабодным. Я цяпер не будую ні сацыялізм, ні камунізм і ніякую вэртыкаль. Я свабодны чалавек”.

У кнізе распаядаецца, пра лёс 41 палітвязьня. Зь іх на прэзэнтацыі прысутнічалі 26 чалавек. Бальшыня тых, хто не прыйшоў, эмігравалі зь Беларусі. Два чалавекі — пайшлі з жыцьця: зьнік апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі, памёр віцебскі дэмакратычны актывіст Уладзімер Плешчанка.

На імпрэзе шмат размоваў было пра тое, ці варта караць тых, хто кінуў гэтых людзей за краты. Частка палітвязьняў выказвалася ў тым сэнсе, што Бог будзе ім судзьдзёй.

Аляксандар Лукашук, Міхаіл Чыгір, Джэфры Гедмін

Але, прыкладам, былы кіраўнік ураду Міхаіл Чыгір не пагадзіўся з такой думкай. Маўляў, мы ня будзе прыкідвацца, што мы такія добрыя, трэба, каб вінаватыя ў незаконных зьвяволеньнях былі пакараныя.

Гл. таксама:

“АДЗІН ДЗЕНЬ З ЖЫЦЬЦЯ ТЫХ, ХТО ПЕРААДОЛЕЎ СТРАХ”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG