Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Можа, Макей дапаможа?



Рэдакцыі незалежных выданьняў "Наша ніва" і "Народная воля" заяўляюць, што дакажуць у судзе беспадстаўнасьць намераў Міністэрства інфармацыі спыніць выхад газэт. Выдаўцы таксама мяркуюць, што гэтая ініцыятыва мае не юрыдычную, а палітычную матываванасьць. Cябра грамадзкай кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта Станіслаў Багданкевіч заклікае склікаць пазачарговае паседжаньне рады з мэтай абмеркаваньня становішча вакол незалежных газэт.



Пра намеры Міністэрства інфармацыі спыніць выпуск газэты з дапамогай Вышэйшага гаспадарчага суду ў рэдакцыі тыднёвіка "Наша ніва" ведаюць з паведамленьняў дзяржаўных мэдыяў. Афіцыйных дакумэнтаў у рэдакцыі не атрымлівалі, а таму працягваюць рыхтавацца да абскарджаньня ў судзе міністэрскага папярэджаньня за асьвятленьне тэрарыстычнага акту ў менскім мэтро 11 красавіка, на падставе якога і зьбіраюцца спыніць выпуск газэты, кажа рэдактар Андрэй Скурко:

"Нам нават не далі магчымасьці аспрэчыць трэцяе папярэджаньне, якое мы атрымалі паўтары тыдні таму. Гэта азначае, што мы яго яшчэ будзем абскарджваць. І як толькі мы атрымаем якую афіцыйную паперу зь Міністэрства інфармацыі, то тады будзем рыхтаваць абарону ў судзе, зыходзячы з тых фармулёвак, якія там будуць закладзеныя. Пралічваем далейшыя варыянты".

Журналісты "Народнай волі" рыхтуюцца да выпуску чарговага нумару газэты. Адначасна накіраваны зварот у грамадзкую каардынацыйную раду па СМІ з мэтай абмеркаваць ініцыятыву Міністэрства інфармацыі. У рэдакцыі ня маюць сумневу, што давялі б суду беспадстаўнасьць абвінавачаньняў, калі б рашэньне прымалася паводле юрыдычных нормаў, кажа намесьніца рэдактара Сьвятлана Калінкіна:

"Фармальна такія магчымасьці ёсьць, бо зачыніць газэту можна толькі за грубыя парушэньні. Да прыкладу, за заклікі да вайны, нацыянальнай варажнечы. Ніякіх такіх грубых парушэньняў у нашай газэце, і, я так разумею, у "Нашай Нівы" таксама, не было. Але зразумела, што гэта рашэньне палітычнае, а не судовае, таму тут цяжка гаварыць пра юрыспрудэнцыю".

Тым часам сябра грамадзкай кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта Станіслаў Багданкевіч зьвярнуўся да кіраўніка рады Ўладзімера Макея з заявай аб скліканьні пазачарговага паседжаньня рады з мэтай абмеркаваньня становішча вакол незалежных газэт. Гаворыць Станіслаў Багданкевіч:

"Гэта вельмі важнае пытаньне: у нас ёсьць дзьве сталыя недзяржаўныя газэты, якія падаюць аб'ектыўную інфармацыю. І гэта парушэньне канстытуцыйнай нормы аб свабодзе інфармацыі, калі будзе прынятае рашэньне пра закрыцьцё гэтых газэт. Я не спадзяюся на станоўчы вынік, бо ніякіх станоўчых рашэньняў не прымаецца. Але, прынамсі, спадзяюся, што калегі падтрымаюць — сябры рады".

Пасьля жорсткага разгону акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня, а таксама тэрарыстычнага акту ў мэтро 11 красавіка, акрамя "Нашай нівы" і "Народнай волі", папярэджаньні Міністэрства інфармацыі і пракуратуры атрымалі таксама журналісты Аляксандар Старыкевіч і Анатоль Санаценка, часопіс "Архэ" і газэта "Ўзгорак", пад варту зьмешчаны гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут. Некалькі журналістаў з Магілёва і Віцебску прайшлі праз суды, атрымалі штрафы і тэрміны адміністрацыйнага зьняволеньня. Сытуацыю камэнтуе намесьнік старшыні грамадзкай арганізацыі БАЖ Андрэй Аляксандраў:

"У сытуацыі зь незалежнымі СМІ палітычны аспэкт, безумоўна, ёсьць. Фактычна, ён становіцца галоўным. Пазоў аб закрыцьці "Нашай нівы" і "Народнай волі" — гэта фактычна пачатак спробы зачысткі інфармацыйнай прасторы, якая адбываецца на тле відавочных нэгатыўных падзеяў у эканоміцы і палітыцы. Становішча незалежных мэдыяў у Беларусі даўно вельмі праблемнае. А тое, што пачалося пасьля 19 сьнежня, і тое, што працягваецца зараз, толькі яшчэ больш пагаршае гэтае становішча".

У незалежнай Беларусі дагэтуль праз суд былі закрытыя тры сродкі масавай інфармацыі: газэты "Свабода", "Згода" і "Пагоня". Зараз пад пагрозай закрыцьця таксама тры: "Аўтарадыё", "Наша ніва" і "Народная воля".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG