Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Сярэдзіч: «Вы рана нас хаваеце»


Рашэньне Міністэрства інфармацыі ініцыяваць ліквідацыю «Нашай нівы» і «Народнай волі» мы папрасілі пракамэнтаваць галоўнага рэдактара «НН» Андрэя Скурко, галоўнага рэдактара «НВ» Іосіфа Сярэдзіча і намесьнік кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца. Зь імі гутарыў Юры Дракахруст.

Андрэй Скурко, галоўны рэдактар газэты «Наша ніва»

Андрэй Скурко
Скурко: Міністэрства інфармацыі спасылаецца на тры папярэджаньні, тыя, якія мы атрымлівалі за асьвятленьне стужкі "Хросны бацька". Мы іх абскарджвалі ў ВГС і ў апэляцыйнай інстанцыі ВГС, але нам было адмоўлена. Трэцяе папярэджаньне мы не пасьпелі абскардзіць, і дзіўна, чаму такая сьпешка, бо трэцяе папярэджаньне мы атрымалі некалькі дзён таму - за асьвятленьне трагічных падзеяў 11 красавіка ў мэтро.
Тут усё залежыць ад добрай волі Міністэрства інфармацыі. Бывалі сытуацыі, калі газэты мелі і два і тры папярэджаньні на працягу году, але іх не закрывалі.

Дракахруст: А ці ёсьць у гэтага кроку міністэрства палітычная подбіўка?

Скурко: У нас са сьнежня вельмі высокая палітычная напружанасьць у краіне: спачатку гэтыя палітычныя справы па выніках пасьлявыбарчых пратэстаў. Тады былі першыя сыгналы. Былі ператрусы у «НН», тэхніку канфіскавалі ў межах справы аб "масавых беспарадках". Эканамічныя праблемы, якія ўзьніклі ў 2011 годзе, значна прыцягнулі ўвагу людзей да незалежнага друку. Людзі пачалі шукаць там аб'ектыўную інфармацыю, а не прапаганду. І гэта таксама было заўважана. Трагічныя падзеі 11 красавіка таксама асьвятляліся незалежнымі СМІ больш апэратыўна і больш поўна, чым дзяржаўнымі СМІ, што таксама выклікала нэрвовую рэакцыю.

Было заяўлена, што ў краіне павінна прадухіляцца любая паніка, нават валютная. Ну і пад гэтую "паніку" падпадае апэратыўная і аб'ектыўная інфармацыя. Я бачу ў гэтым палітычны складнік, што мінінфармацыі гэтак пасьпешліва ініцыюе гэтую справу.

Іосіф Сярэдзіч, галоўны рэдактар «Народнай волі»

Іосіф Сярэдзіч
Сярэдзіч: У нас няма ніводнага папярэджаньня за мінулы год. Бо гэта не папярэджаньні, а сьмяхоцьце. Калі нас папярэджвае Міністэрства інфармацыі, што мы сказалі, што нашым чытачам выгадней падпісацца на «НВ» праз Саюздрук, а не праз Белпошту - дык што тут такога?

Яны нам далі папярэджаньне, што Саюздрук ніякіх ільготаў «НВ» не даваў. Дык гэта і дурню ясна, проста праз Саюздрук падпіска на газэту больш танная. І за гэта трэба папярэджаньне даваць?

Гэта рабаўніцтва, сапраўднае рабаўніцтва сярод белага дня.

Дракахруст: А якія крокі вы мяркуеце рабіць, калі газэта будзе забароненая?

Сярэдзіч: А чаму вы адразу гаворыце пра забарону? А я лічу, што яе ніколі ня будзе. Мы зараз накіроўваем тэлеграму на імя Лукашэнкі і ліст спадару Якубовічу, які на сёньняшні дзень яшчэ ўзначальвае грамадзкую каардынацыйную раду па СМІ, каб гэтае пытаньне было разгледжанае.

Сёньня гаварыць пра закрыцьцё «НВ» - здаецца, рана вы хаваеце «Народную волю».

Дракахруст: Я не хаваю, я проста спытаў, ці ёсьць у вас "плян Б" на найгоршы выпадак?

Сярэдзіч: Калі спатрэбіцца, ён будзе выпрацаваны на працягу 30 хвілін

Намесьнік кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец
Бастунец: Гэты крок падкрэсьлівае тую напружаную, нездаровую атмасфэру, якая цяпер ёсьць у беларускі грамадзтве. Падчас і эканамічнага і палітычнага крызісу ўлады жадаюць закрыць рот незалежным СМІ.

За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі праз суд былі закрытыя тры сродкі масавай інфармацыі - газэты «Свабода», «Згода» і «Пагоня». Цяпер на працягу некалькіх месяцаў пад пагрозай закрыцьця тры СМІ - «Аўтарадыё» і газэты «Наша ніва» і «Народная воля».

Дракахруст: Ці можна неяк юрыдычна супрацьдзейнічаць гэтаму пазову міністэрства ці ўся сіла на яго баку - калі ў СМІ на працягу году 2 ці больш папярэджаньняў, яго можна ліквідаваць?

Бастунец: На жаль суд фармальна так і падыходзіць. Але трэба змагацца і выкарыстоўваць усе магчымасьці, калі яны нават і невялікія.

Дракахруст: Вяртаньне «НН» і «НВ» у легальны абарот увосень 2008 году было часткай дыялёгу паміж Менскам і Эўразьвязам. Якія палітычныя наступствы будзе мець закрыцьцё гэтых газэт?

Бастунец: Мы ўвесь час казалі, што крокі, зробленыя падчас "дыялёгу", не былі ні сыстэмнымі, ні незваротнымі. Гэты крок - выклік, чарговы крыж на магчымасьцях неяк наладзіць стасункі з Эўропай, што ў сёньняшняй эканамічнай сытуацыі выглядае дзіўнавата.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG