Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі настаўнік: суцэльныя абавязкі, ніякіх правоў


Атрымаў адукацыю ў дзяржаўнай ВНУ — адпрацуй два гады па спэцыяльнасьці
Атрымаў адукацыю ў дзяржаўнай ВНУ — адпрацуй два гады па спэцыяльнасьці
Атрымаў адукацыю ў дзяржаўнай ВНУ — адпрацуй два гады па спэцыяльнасьці там, дзе ты патрэбны дзяржаве. Куды разьмяркоўваюць маладых выкладчыкаў, як выглядае адпрацоўка ў школах, зь якімі цяжкасьцямі сутыкаюцца маладыя спэцыялісты?

Першы выкладчыцкі год для Аксаны стаўся няпростым выпрабаваньнем. Школа амаль у вёсцы — на мяжы Менску, бедная: каб выкладаць геаграфію, няма мапаў, няма глёбусаў. Многіх дзяцей з Каралёвага Стану бацькі возяць у менскія школы. А ў гэтай, маленькай, засталіся вучыцца тыя, каго дома ня вельмі даглядаюць, ня вельмі песьцяць, ня вельмі кантралююць. Большасьць дзяцей — зь няпоўных сем’яў, маці п’юць і б’юцца. Так што аўдыторыя ў Аксаны на геаграфіі, беларускай мове і літаратуры — ня самая ўдзячная:

“Я сама вырасла ў вёсцы, дзеці мае — таксама зь вёскі. Але яны ня ведаюць гэткіх рэчаў, што проста дзіву даесься. Прыкладам, нядаўна высьветліла, што яны не ўяўляюць сабе, як пяе шпак. Хаця, дзякуй Богу, як ён, той шпак, выглядае, яны ведаюць. А як сьпявае — не. І я вось сама сабе думаю: што ж вы ў жыцьці бачыце? Што заўважаеце?”

Паўплываць на выбар школы пры разьмеркаваньні было немагчыма. Нягледзячы на высокую пасьпяховасьць, Аксане адмовілі ў той школе, куды яна прасілася. У сёньняшніх выпускнікоў філфаку БДУ дэфіцыт выбару яшчэ большы, дзеліцца сьвежымі ўражаньнямі Ганна:

“Фактычна нас набралі 80 чалавек, а разьмяркоўваць было няма куды.
Хто зь менскай прапіскай — разьмеркаваныя ў дзіцячы садок, хаця фактычна камісія ня мела права нас туды разьмяркоўваць.
І ў выніку атрымалася так: тыя, хто зь менскай прапіскай — разьмеркаваныя ў дзіцячы садок, хаця фактычна камісія ня мела права нас туды разьмяркоўваць. Ніякай залежнасьці паміж добрай пасьпяховасьцю, вышынёй сярэдняга балу і добрым месцам разьмеркаваньня не было, бо папросту не было добрых месцаў. Хто іх хацеў і шукаў, хто хоча надалей працаваць па спэцыяльнасьці — тыя шукалі іх сабе самі”.

Гледзячы на сёньняшніх сваіх вучняў, Аксана вагаецца, ці будзе яна працаваць у сфэры адукацыі пасьля адпрацоўкі.

“Настаўнікі зь вялікім досьведам працы даюць адкрытыя ўрокі і нас, маладых спэцыялістаў, вучаць. Канечне, гэта па адмысловым сцэнары ўрокі, і вучні там добрыя, і досьвед працы ў людзей — у каго 20 гадоў, а ў каго і болей. Але ўсё адно — калі глядзіш на гэтыя ўрокі — гэта акрыляе, хочацца імкнуцца да лепшага і несьці добрае, сьветлае. А потым вяртаесься да сябе, глядзіш на сваіх дзетак, каму абсалютна нічога не патрэбна, — і рукі апускаюцца”.

А вось другая мая суразмоўца Натальля, папрацаваўшы настаўніцай ангельскай мовы, уцякла са школы без аглядкі. Праца ў школе, кажа яна, — гэта суцэльныя абавязкі і ніякіх правоў. Настаўнік чамусьці адказвае за сваіх вучняў ва ўсім:

“Хлопчык, у шостай клясе, скраў шакалядку ў краме. Яго паставілі на ўлік у міліцыі. Гэта здарылася ў верасьні, маёй сяброўцы-калезе толькі-толькі даручылі кляснае кіраўніцтва — пачатак верасьня, пачатак школьнага году. А ў студзені зь яе на 100% зьнялі прэмію. Бо нібыта гэта яе віна, што ён шакалядку скраў: яна недавыхавала, яна недагледзела, яна недастаткова ўвагі аддала як клясны кіраўнік”.

Калі вучань ня хоча хадзіць у школу — гэта таксама можа стаць нагодай для пазбаўленьня прэміі. Таму настаўнік мусіць выпраўляць сытуацыю:

“Хлопец у школу не хадзіў наагул. Бацькі сыходзілі на працу раней, чым па часе трэба ў школу яму. Ён проста не хадзіў. І бацькі ніяк на яго паўплываць не маглі. Ніякія ўгаворы таксама не працавалі.
Правы маладых спэцыялістаў часта парушаюцца яшчэ на этапе разьмеркаваньня.
Мне даводзілася па яго заяжджаць перад працай. Ня кожны дзень ён мне дзьверы адчыняў, праўда. Але час ад часу адчыняў — і тады я зь ім, сяміклясьнікам, за ручку ехала ў школу разам”.

Паводле закону пазбаўляць маладога спэцыяліста прэміі нельга. Але прыклад сяброўкі адбіў у Натальлі жаданьне змагацца за свае правы:

“Яна ўсё адно не магла нічога дабіцца. Яе проста ўвесь час даставалі ці так, ці гэтак. Увесь час хадзілі нейкія праверкі. Вынікі праверак былі ўвесь час дрэнныя, яна ўсё адно адстойвала свае правы, проста з прынцыпу. Але ў дырэктрысы таксама язык добра падвешаны, і яна яе проста „затыкала“: маўляў, паглядзіце на сябе, мне не падабаецца як вы выкладаеце, гэта наагул ня ваша, нашто вы пайшлі ў гэтую сфэру, вы ня ўмееце вучыць, вы ня любіце дзяцей, і гэтак далей”.

Правы маладых спэцыялістаў часта парушаюцца яшчэ на этапе разьмеркаваньня. Прыкладам, у Лінгвістычным унівэрсытэце дэфіцыт месцаў для разьмеркаваньня прывёў да таго, што выпускнікоў адпраўляюць у дзіцячыя садкі. Хаця такога прадмету — выкладаньня ў дашкольных установах — у праграме не было. Мой суразмоўца Андрэй плянуе адстаяць свае правы:

“На гэтым тыдні павінна быць фінальнае разьмеркаваньне, буду змагацца за свае правы. Там, у Пастанове аб разьмеркаваньні, ёсьць пункт 20, паводле якога пры адсутнасьці месцаў для разьмеркаваньня, адпаведных атрыманай спэцыяльнасьці паводле дыплёму, яны павінны даць мне „вольны“ дыплём”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG