Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі мэдунівэрсытэт падвойвае набор студэнтаў


У Гомелі 293 выпускнікі мэдычнага ўнівэрсытэту атрымалі разьмеркаваньне ў лячэбныя ўстановы Гомельскай й Магілёўскай абласьцей, якія найбольш пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.


Каля 80 адсоткаў выпускнікоў будуць працаваць у першасным зьвяне мэдычнай дапамогі – хірургамі, акушэрамі-гінеколагамі, тэрапэўтамі, пэдыятрамі.

Паводле міністра аховы Васіля Жарко, які браў удзел у разьмеркаваньні гомельскіх маладых спэцыялістаў, сёлета ў Беларусі накіраваньне ў шпіталі й паліклінікі атрымаюць агулам 1760 выпускнікоў мэдычных ВНУ. Гэта, аднак, складае толькі 45% ад патрэбаў краіны ў мэдычных кадрах. Таму набор студэнтаў сёлета, у прыватнасьці, у Гомельскі мэдунівэрсытэт будзе павялічаны ўдвая – да 600 чалавек.

Гомельскі медунівэрсытэт (раней – інстытут) заснаваны ў 1990 годзе дзеля забесьпячэньня кадрамі вышэйшай кваліфікацыі лячэбных установаў чарнобыльскіх раёнаў Гомельскай і Магілеўскай абласьцей. Да апошняга часу ён набіраў на навучаньне толькі трыста студэнтаў. Першым рэктарам новастворанай навучальнай установы цягам дзевяці гадоў быў доктар мэдычных навук, прафэсар Юры Бандажэўскі.
XS
SM
MD
LG