Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“А што вы думаеце, гэта мой абавязак вас разьмяркоўваць?”


Беларуская дзяржава ставіць жорсткія ўмовы перад выпускнікамі вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў. Пра тое, з чым сутыкаюцца былыя студэнты, наш гарадзенскі карэспандэнт Міхал Карневіч.


Выпускнік бюджэтнага аддзяленьня ВНУ, які не зьяўляецца па месцы разьмеркаваньня, згодна зь беларускім заканадаўствам павінен вярнуць дзяржаве затрачаныя на сваё навучаньне сродкі. У адваротным выпадку прыцягваецца да судовай адказнасьці.

Першая мая гераіня, Ірына, пасьля сканчэньня Слонімскай мэдычнай вучэльні паехала па разьмеркаваньні ў вёску за 50 кілямэтраў. Адразу ж давялося сутыкнуцца з тым, што яе не змаглі забясьпечыць жыльлём як маладога спэцыяліста.

Ірына: “Жыльля мне не прадставілі, хаця павінны былі гэта зрабіць, і я здымала пакойчык у бабулі без усякіх выгодаў. Ільготаў ніякіх не было, адзінае даплачвалі за тое, што працавала на вёсцы”.

Магчыма, вы набраліся там мэдычнай практыкі, сталі за гэты час спэцыялістам? – пытаюся ў Ірыны.

“Практыкі як такой у сельскай мясцовасьці не набярэсься, паколькі ніхто там гэтага ня хоча. Вось у прымусовым парадку праводзілі жаночы агляд, нават даводзілася па хатах хадзіць з усімі мэдычнымі інструмэнтамі”.

Практыкі як такой у сельскай мясцовасьці не набярэсься, паколькі ніхто там гэтага ня хоча
Ірына адпрацавала ў сельскай амбуляторыі два гады і вярнулася назад у горад. Думала, здолее тут уладкавацца, аднак ёй ізноў прапанавалі ехаць толькі на вёску. Яна адмовілася й зьмяніла прафэсію.

Другая мая гераіня, Алена, сёлета скончыла эканамічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. Яна з жахам узгадвае: каб атрымаць нібыта разьмеркаваньне, іх прымушалі хадзіць па прадпрыемствах і самім шукаць месца працы, прыносіць адтуль адпаведныя паперы.

А дэкан ёй на гэта гаворыць: “А што вы думаеце, гэта мой абавязак вас разьмяркоўваць?
Алена: “І калі ўжо было непасрэдна само разьмеркаваньне, дэкан факультэту прадстаўляў нас камісіі і казаў: такая вось студэнтка разьмяркоўваецца ў такое вось месца. Ён пытаўся ў нас: “Вы згодны?” А што студэнт мог адказаць, калі ён сам прынёс гэтую паперку...”

Са слоў Алены, месца даводзілася шукаць праз знаёмых і блізкіх. Адна зь яе сябровак прыйшла і заявіла дэкану, што нічога не атрымліваецца, “блату” няма, паўсюль адмаўляюць…

Алена: “…А дэкан ёй на гэта гаворыць: “А што вы думаеце, гэта мой абавязак вас разьмяркоўваць?”

Алена, як і многія яе сакурсьніцы, працуе не па спэцыяльнасьці, не карыстаецца ніякімі ільготамі маладога спэцыяліста, але вымушаная два гады адпрацаваць, таму і разьмеркаваньне ўзгадвае зь непрыемнасьцю. Яна марыць аб тым, што праз два гады пакіне гэтую працу і паспрабуе ўладкавацца куды-небудзь эканамістам, паколькі ёй падабаецца яе прафэсія.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG