Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Малдовы пад ціскам апазыцыі прынялі рашэньне правесьці пералік галасоў на парлямэнцкіх выбарах. Апазыцыйныя партыі лічаць, што вынікі галасаваньня сфальшаваныя. Іх прыхільнікі правялі некалькі масавых акцыяў пратэсту ў Кішынэве. Ці магчыма, каб у Беларусі апазыцыя падобным чынам дамаглася пераліку галасоў? З гэтым пытаньнем наш менскі карэспандэнт зьвярнуўся да беларускіх палітычных дзеячаў.


Сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган упэўненая: паўтор малдаўскіх падзеяў у Беларусі пакуль немагчымы.

Алена Скрыган
“Па-першае, немагчымыя такія дзеяньні нашай апазыцыі, якія былі ў Малдове. А па-другое, што б ні рабіла апазыцыя, наша ўлада ніколі ня пойдзе на пералік галасоў. Бо былі такія рэдкія выпадкі (прыкладам, у Воршы), калі дамагаліся пераліку, але гэты працэс праходзіў без удзелу прадстаўнікоў апазыцыі. У выніку казалі: так, ёсьць невялічкія разыходжаньні з тым, што было ў пратаколах, але гэта не паўплывала на вынікі галасаваньня.

Віктар Карняенка, намесьнік старшыні руху “За свабоду”, лічыць: у беларускай апазыцыі пакуль не хапае сіл, каб так узьдзейнічаць на грамадзтва.

Віктар Карняенка
“Я ня ведаю, які ўплыў на грамадзтва мае апазыцыя ў Малдове. Але ў Беларусі падобнае магчыма толькі тады, калі ўплыў на грамадзтва вельмі істотна павялічыцца. Пакуль ён слабы, і таму ўлада можа рабіць усё, што ёй заўгодна”.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік кажа, што паміж выбарамі ў Малдове і Беларусі цяжка правесьці пэўныя паралелі:

Мікалай Лазавік
“Таму што сыстэма выбараў у Малдове — прапарцыянальная, а ў Беларусі — мажарытарная. І ў нас перагляд вынікаў выбараў можа быць па адной-дзьвюх, ну, некалькіх акругах. А ў Малдове пад сумнеў пастаўленыя вынікі галасаваньня па ўсёй краіне.

І ў нас апазыцыя пасьля кожных выбараў ставіць такое пытаньне. Але, як я думаю, і ў Малдове, і ў нас вялікіх падставаў для перагляду вынікаў выбараў няма”.

Сяргей Альфер, экспэрт у галіне выбараў, тлумачыць, чаму, на яго думку, малдоўскі варыянт падзеяў пакуль немагчымы ў Беларусі:

Сяргей Альфер
“У Малдове сілавыя структуры не падтрымалі кіроўны рэжым. І хаця там арыштавалі каля 200 чалавек, тым ня менш права на свабоду сходаў было рэалізавана. Можа, дрэнна рэалізавана, паколькі частка тых, хто далучыўся да апазыцыі, былі анархістамі альбо марадэрамі. Але праваахоўныя органы, па вялікім рахунку, ня ўмешваліся ў канфлікт камуністаў і правых. І таму ў камуністаў не было іншага выйсьця, як прыйсьці да цывілізаванай разборкі — пералічыць галасы, а потым глядзець — былі вынікі галасаваньня сфальшаваныя альбо не былі”.

Сяргей Альфэр параўноўвае сытуацыю ў Кішынэве і ў Менску:

“Што тычыцца Беларусі, дык тут улады маюць магчымасьць вельмі жорстка здушыць любы мірны супраціў грамадзян сілавымі мэтадамі. Прычым не задумваючыся. І таму ў вялікай частцы грамадзтва пануе страх. Страх перад адстойваньнем сваіх правоў. І яшчэ большы страх — перад публічным адстойваньнем сваіх правоў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG