Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Камуністычны прэзыдэнт Малдовы Уладзімір Варонін абвінаваціў суседнюю Румынію ў датычнасьці да гвалту, які адбыўся ў сталіцы Кішынэве пасьля перамогі камуністаў на выбарах. Малдова адклікала свайго амбасадара ў Румыніі і загадала румынскаму амбасадару пакінуць Малдову цягам 24 гадзінаў. Румынія адрынула абвінавачаньні Вароніна як “правакацыю”. Сілы бясьпекі ўначы аднавілі кантроль над канцылярыямі прэзыдэнта і парлямэнту ў Кішынэве. Будынкі былі абрабаваныя ў часе пратэстаў у аўторак.

ЗАБУРЭНЬНІ Ў КІШЫНЭВЕ
"ВАРОНІН -- ПЯРЭВАРАЦЕНЬ, ЯКІ АДМОВІЎСЯ АД СВАІХ АБЯЦАНЬНЯЎ"

СЛУХАЦЬ:


Прэзыдэнт Малдовы Уладзімер Варонін назваў забурэньні ў Кішынэве спробай дзяржаўнага перавароту. Паводле яго “спонсары беспарадкаў” ужо пакінулі краіну, але “118 арганізатараў затрыманыя”. Як перадае карэспандэнт Радыё Свабода з Кішынэву апазыцыя, якая дамагаецца перагляду вынікаў выбараў, патрабавала вызваліць усіх затрыманых.



Выступаючы на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзкай супольнасьці ў Доме ўраду, Уладзімер Варонін сказаў, што пасол Румыніі ў Малдове абвешчаны пэрсонай нон грата і што з гэтай дзяржавай уводзіцца візавы рэжым, паведамляе BBC.

Пасол Малдовы ў Бухарэсьце адкліканы ў Кішынэў для кансультацый.Некаторыя ўдзельнікі пратэстаў патрабавалі далучэньня Малдовы да Румыніі. Варонін адзначыў, што дагэтуль у некаторай часткі насельніцтва засталася ідэя “вялікай Румыніі”.

Румынія адкінула абвінавачаньні Малдовы ў датычнасьці да забурэньняў, якія адбыліся напярэдадні ў Кішынэве.

"Гэтае абвінавачаньне зьяўляецца правакацыйным. Непрымальна, каб камуністычныя ўлады ў Кішынэве перакладвалі адказнасьць за ўнутраныя праблемы Малдовы на Румынію”, гаворыцца ў заяве міністэрства замежных справаў Румыніі. Пры гэтым Румынія заяўляе, што не зьбіраецца ўводзіць абмежаваньні на ўезд у краіну грамадзянаў Малдовы.

Ва аўторак удзельнікі акцыі пратэсту, ня згодныя з вынікамі парлямэнцкіх выбараў, захапілі будынак парлямэнту і адміністрацыі прэзыдэнта. У выніку забурэньняў, якія адбыліся ў Кішынэве пасьля выбараў, былі параненыя дзясяткі людзей.



У сераду раніцай праваахоўныя органы ўзялі сытуацыю пад свой кантроль. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, Камуністычная партыя Малдовы, якая падтрымлівае прэзыдэнта Вароніна, перамагла на парлямэнцкіх выбарах, набраўшы 50 працэнтаў галасоў.

Атрыманьне 61 месца ў парлямэнце значыць, што камуністам не спатрэбіцца ствараць кааліцыю з нейкай партыяй, каб выбраць прэзыдэнтам краіны свайго кандыдата.

Тым часам лідэр малдаўскай апазыцыі адмежаваліся ад дэманстрантаў. Як заявіў сустаршыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Малдовы Александру Тэнасе, “лідэры апазыцыі і ва аўторак не заклікалі выходзіць на вуліцу, і сёньня да гэтага не заклікаюць”.
Паводле яго, гэтыя акцыі пратэсту не былі арганізаваныя апазыцыяй.

Эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр выказала “глыбокую занепакоенасьць паведамленьнямі аб сутыкненьнях паміж удзельнікамі дэманстрацыі і паліцыяй у Кішынэве”.

Яна заклікала абодва бакі спыніць акты гвалту, быць стрыманымі і пачаць дыялёг.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG