Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малдова: ці прымусіць штурм пералічыць галасы?


Паліцыя вызваліла ад удзельнікаў штурму будынкі парлямэнту і прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі ў Кішынёве. Позна ўвечары прадстаўнікі ўладаў і апазыцыі вялі перамовы наконт перападліку галасоў. Перад гэтым каля 30 тысяч чалавек выйшлі на вуліцы, каб запатрабаваць адмены вынікаў выбараў. Яны лічаць, што перамога камуністаў сфальсіфікаваная.


Як паведаміла малдаўскае тэлебачаньне, ахвярай пратэстаў стала маладая жанчына, якая задыхнулася ад дыму ў будынку парлямэнту. Яго спрабавалі падпаліць удзельнік штурму. Тэлебачаньне цытавала доктара, паводле якога, 34 удзельнікі акцыі і каля 80 паліцэйскіх атрымалі траўмы і раненьні. Расейскія агенцтвы перадаюць, што ўчора позна ўвечары прадстаўнікі ўладаў і апазыцыі нібыта дамовіліся пра перападлік галасоў, аднак лідэры апазыцыі не пацьвердзілі гэтую інфармацыю. Адзін з апазыцыйных прадстаўнікоў сьцвярджае, што пагромы ў дзяржаўных будынках былі справай правакатараў.


Прэзыдэнт Варонін на ўчастку для галасаваньня 5 красавіка.

Учора позна ўвечары з тэлезваротам да грамадзянаў Малдовы выступіў прэзыдэнт краіны, лідэр кампартыі Ўладзімер Варонін, чый блёк, паводле афіцыйных дадзеных, атрымаў перамогу на выбарах.
Ён заявіў, што “улада краіны становіцца на абарону дэмакратычнага выбару народу і на барацьбу з тымі, хто робіць пагромы”. Прэзыдэнт таксама адзначыў, што "палітычныя інструмэнты ў часе путчу непрымальныя”, маючы на ўвазе прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў, якія патрабавалі пераліку галасоў выбарнікаў.


Тым часам удзельнікі шматтысячнага мітынгу на плошчы Нацыянальнага сходу, што ў цэнтры Кішынёва стварылі Кааліцыю па пераліку галасоў. Сярод арганізатараў кааліцыі – лідэр Лібэральнай партыі Міхай Гімпу, старшыня Дэмакратычнай партыі Думітру Дзякаў, кіраўнік Сацыял-дэмакратычнай партыі Думітру Брагіў, лідэры руху “Эўрапэйскае дзеяньне” Анатолій Пятрэнка і Віталь Паўлічэнка, прадстаўнікі Лібэральна-дэмакратычнай партыі і альянсу “Наша Малдова”.

У размове са “Свабодай” лідэр Дэмакратычнай партыі Малдовы, колішні сьпікер малдоўскага парлямэнту, а таксама выпускнік беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Думітру Дзякаў абверг ўчорашнія паведамленьні шэрагу СМІ пра тое, што кіраўніцтва краіны і ўдзельнікі акцыі ад апазыцыі пайшлі на кампраміс у пытаньні пераліку галасоў і што абодва бакі вырашылі аб’яднаць намаганьні па спыненьні гвалту. Паводле словаў апазыцыйнага палітыка, адсутнасьць кампрамісу ў цяперашняй сытуацыі– гэта тое, што найбольш непакоіць сяброў яго партыі. Думітру Дзякаў таксама дадаў, што вынікі выбараў выглядаюць вельмі сумнеўнымі, таму паводле падлікаў сацыёлягаў, камуністы атрымлівалі максымум 36% галасоў , але ў выніку выйшлі ўсе 50%.

Дзякаў кажа: “Мы падтрымліваем ідэю пераліку галасоў, правядзеньня паўторных выбараў, бо насамрэч усё вельмі дзіўна атрымалася. Імкненьні ў выбарнікаў былі адны, а вынікі атрымаліся іншымі. У выніку шмат абурэньняў. Зразумела, тут удзельнічаюць самыя розныя групы і гэта непакоіць. Аднак першапачатковыя жаданьні ўсіх, каб выбары праходзілі нармальна. Я ведаю, што адбыліся ў перамовы ў парлямэнце паміж трыма партыямі, аднак размовы не атрымалася. Пацапаліся і ўсё.”

Пратэсты ў Кішынёве 7 красавіка



Паводле Думітру Дзякава, які ўчора позна ўвечары быў ля будынку парлямэнту, тое, ў ва што ператварыўся цэнтар Кішынёва, выклікае ў яго вельмі сумныя ўражаньні. Палітык таксама выказаў сваё зьдзіўленьне паводзінамі паліцыі: замест таго, каб спыняць марадэрства, яна бязьдзейнічае. У яго нават склалася ўражаньне, што ўлады патуралі абвастрэньню моладзевай акцыі з тым, каб паказаць, у якіх цяжкіх умовах ім даводзіцца пераадольваць супрацьдзеяньне апазыцыі.

Дзякаў : “Я прайшоў уздоўж парлямэнту – кашмар. Парлямэнт разбураны, падпалілі яго, абрабавалі. І будынак прэзыдэнтуры, і парлямэнту. Усё гэта сумна. Вельмі складана сказаць, як павядуць сабе людзі. Народ настроены рашуча. Думаю, што сытуацыя гэтым ня скончыцца і яшчэ будуць праблемы. Кампрамісу ніхто не шукае. Не выключаю, што ўлады могуць прыняць жорсткія захады. І гэта можа выклікаць чарговую хвалю. Як і бывае на падобных стыхійных мерапрыемствах, калі ўсе ўразнабой. Няма адзінага цэнтру, таму гэта на руку ўладзе”.




Паглядзець відэа можна тут

У сувязі з разьвіцьцём палітычнай сытуацыі ў Малдове, сваю заклапочанасьць выказаў вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па пытаньнях збнешняй палітыкі Хаўер Саляна. Паводле ягоных слоў, “міжнародныя назіральнікі ў папярэдніх высновах адзначылі, што выбары адпавядалі многім міжнародным стандартам і абавязаньням, дзеля таго, каб выбарчы працэс быў пазбаўлены залішняга адміністрацыйнага ўплыву неабходна яго далейшае ўдасканаленьне”.
“Я заклікаю ўсе бакі ўстрымацца ад гвалту і правакацыяў. Праява агрэсіі супраць урадавых будынкаў з’яўляецца непрымальнай. У гэткай жа ступені важна таксама паважаць безумоўнае права на правядзеньне мірных дэманстрацыяў”, адзначыў Саляна.

Да мірнага ўрэгуляваньня канфлікту і аднаўленьня парадку заклікалі таксама прэзыдэнт Расеі Мядзьведзеў і дзярждэпартамэнт ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG