Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузінская апазыцыя прыгразіла прэзыдэнту Міхаілу Саакашвілі, што пачне акцыю непадпарадкаваньня, калі ён ня сыдзе ў адстаўку.


Сёньня перад будынкам парлямэнту ў Тбілісі сабралася каля 25 тысяч дэманстрантаў з патрабаваньнем адстаўкі Саакашвілі. Учора колькасьць удзельнікаў антыпрэзыдэнцкага мітынгу ў грузінскай сталіцы ацэньвалася назіральнікамі на 60 тысяч чалавек.

Каха Кукава, адзін зь лідэраў апазыцыйнай Кансэрватыўнай партыі, сказаў на мітынгу, што паколькі Саакашвілі не сышоў пасьля ўчарашняга закліку, апазыцыя пачне „кампанію нацыянальнага непадпарадкаваньня” і сёньня вечарам заблякуе галоўныя вуліцы ў Тбілісі.

Сёньня раніцай Саакашвілі сказаў журналістам, што ён ня мае намеру ісьці ў адстаўку пад націскам пратэстаў. Прэзыдэнцкі тэрмін Саакашвілі, які быў пераабраны летась, канчаецца у 2013 годзе.

Выступаючы сёньня ў тэлебачаньні, Саакашвілі сказаў, што ён гатовы да дыялёгу з апазыцыяй на тры тэмы: эканоміка, бясьпека, дэмакратычныя рэформы.

Закранаючы учарашні мітынг пратэсту, Саакашвілі сказаў, што пратэст быў паказьнікам дэмакратычнасьці краіны:


„Я думаю, што ўчарашні дзень быў вельмі важны для нашай дэмакратыі. Адна частка нашага грамадзтва выказала сваю думку так, як і належыць дэмакратычнай, высокакультурнай, разьвітай — або такой, што разьвіваецца — эўрапейскай краіне. Я вельмі задаволены, што ўчора наш дзяржаўны апарат, нашы грамадзяне і пераважная большасьць палітычнага спэктру праявілі палітычную сьпеласьць і паставіліся да гэтага пытаньня з адказнасьцю”.

Як улады, так і апазыцыя заяўляюць, што яны ня хочуць, каб цяперашнія акцыя пратэсту закончыліся так, як тыя ў лістападзе 2007 году, калі міліцыя ўжыла сьлезацечны газ і гумовыя кулі супраць дэманстрантаў.
XS
SM
MD
LG