Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня больш за 60 тысяч чалавек сабралася перад парлямэнтам у Тбілісі з патрабаваньнем, каб Міхаіл Саакашвілі пакінуў пасаду прэзыдэнта.

СЛУХАЦЬ:


Грузінская апазыцыя плянуе, пачынаючы зь сёньняшняга дня праводзіць гэткія мітынгі пратэсту штодня, ажно да сыходу Саакашвілі ў адстаўку.



Апазыцыя абвінавачвае Саакашвілі, які прыйшоў да ўлады ў выніку дэмакратычнай „рэвалюцыі ружаў” у 2003 годзе, у манапалізацыі ўлады і спыненьні працэсу рэформаў у краіне.

Дадатковым аргумэнтам супраць Саакашвілі зьяўляецца прайграная кароткая вайна з Расеяй у жніўні летась. Пасьля правальнай вайсковай апэрацыі Тбілісі супраць сэпаратысцкага рэгіёну Паўднёвай Асэтыі, расейскія танкі апынуліся ўсяго 40 кілямэтраў ад грузінскай сталіцы.

„Мы ня маем іншага выхаду, як толькі стаяць тут да канца, пакуль юда грузінскай палітыкі ня пойдзе ў адстаўку” — сказаў дэманстрантам Леван Гачэчыладзе, які быў кандыдатам ад аб’яднанай грузінскай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах у студзені 2008 году.

Мы ня маем іншага выхаду, як толькі стаяць тут да канца, пакуль юда грузінскай палітыкі ня пойдзе ў адстаўку
Сёньняшняя антыпрэзыдэнцкая дэманстрацыя была прымеркаваная да 20-х угодкаў крывавага разгону незалежніцкай дэманстрацыі грузінаў у часы Савецкага Саюзу. 9 красавіка 1989 году ў Тбілісі савецкія амонаўцы і салдаты забілі 27 дэманстрантаў, у тым ліку 17 жанчын.

Міхал Саакашвілі выкарыстаў гэтую нагоду сёньня раніцай, каб зьвярнуцца да апазыцыі з заклікам да прымірэньня:

„Мы зьяўляемся дэмакратычнай краінай, і людзі маюць розныя погляды, але адна рэч — абсалютна ясная: нягледзячы на розьніцу ў нашых поглядах і пазыцыях, у нас адна радзіма. Нам трэба працаваць дзеля гэтай радзімы, не пакладаючы рук. Нам трэба закончыць наша змаганьне, наша змаганьне за свабоду. Нам трэба вызваліць нашу краіну раз і назаўсёды, каб яна стала мадэрнай, дэмакратычнай, эўрапейскай краінай”.

Да сёньняшняй дэманстрацыі ў Тбілісі ўважліва прыглядаўся Захад, зь якога прыйшлі сыгналы перасьцярогі для Саакашвілі, каб ён паўстрымаўся ад ужываньня сілы супраць дэманстрантаў, як гэта здарылася ў лістападзе 2007 году, калі паліцыя разганяла антыпрэзыдэнцкі пратэст, выкарыстоўваючы сьлезацечны газ і гумавыя кулі.

Дарэчы, гэты разгон згадала на сёньняшнім мітынгу Ніно Бурджанадзе, былы сьпікер грузінскага парлямэнту і адзін зь лідэраў „рэвалюцыі ружаў”, якая апошнім часам перайшла да апазыцыі супраць Саакашвілі:

„Я разумею тых людзей, якія цяпер могуць адчуваць да мяне крыўду. Я разумею тых людзей, якія чакалі, што я абараню іх у 2007 годзе. Я не магла абараніць іх 7 лістапада 2007 году. І мне ня сорамна прасіць у іх выбачэньня”.

Пратэсты супраць Саакашвілі, хоць і ў меншым маштабе, чым у Тбілісі, адбыліся сёньня і ў іншых грузінскіх гарадах, у тым ліку ў Батумі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG