Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чарнобыльскі шлях” пачнецца ля Акадэміі навук


Сябры аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху” падалі заяўку ў Менгарвыканкам. Яны просяць, каб гарадзкія ўлады дазволілі ўдзельнікам акцыі сабрацца каля Акадэміі навук і прайсьці ў бок плошчы Якуба Коласа, а адтуль — да Чарнобыльскай капліцы, што на вуліцы Карастаянавай.

СЛУХАЦЬ:


У аргкамітэт, які зоймецца падрыхтоўкай “Чарнобыльскага шляху”, увайшлі Лявон Баршчэўскі, Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька.

На прэсавай канфэрэнцыі Віктар Івашкевіч апавёў, што арганізатары ня маюць фінансавых сродкаў на правядзеньне акцыі, але лічаць, што матэрыяльную базу для гэтага могуць стварыць самі людзі.

“У нас адзіная магчымасьць, якой мы карыстаемся, — гэта мабілізацыя сродкаў і людзкіх рэсурсаў зь беларускага грамадзтва. Сто чалавек, якія набудуць па сьцягу — гэта ўнёсак. Замест таго, каб мы гэтыя сто сьцягоў набылі і раздавалі.

Вінцук Вячорка і Віктар Івашкевіч на прэсавай канфэрэнцыі ва ўправе БНФ
Да арганізацыі далучаюцца ўсе структуры дэмакратычных сілаў. Спадзяемся, што яны таксама прыкладуць намаганьні.

Аб’ём агітацыі зьвязаны з аб’ёмам людзей і арганізацый, якія далучаюцца да падрыхтоўкі“.

Вінцук Вячорка адзначыў: нягледзячы на тое, што галоўнай праблемай застаецца слабая інфармаванасьць насельніцтва пра сапраўдныя наступствы Чарнобылю, акцыя ўсё роўна мае палітычны кантэкст.

“Заўсёды гэтая акцыя, на жаль, мела палітычны характар. Любыя вымаганьні грамадзтва ад уладаў, ці яны зьвязаныя з галоснасьцю пра рэальныя маштабы Чарнобылю, ці з палітыкай, скіраванай на зьберажэньне здароўя нацыі, а не фальшывага прэстыжу цяперашняй улады, — гэтыя ўсе патрабаваньні непазьбежна заўсёды палітызаваліся.

Каб нават і хацелі, усё роўна немагчыма застацца ў рамках экалягічна постчарнобыльскіх тэзаў“.

Віктар Івашкевіч паведаміў, што бліжэйшым часам інфармацыя пра “Чарнобыльскі шлях” будзе распаўсюджвацца сярод рабочых буйных прадпрыемстваў.

“МАЗ ня будзе працаваць ад 20 красавіка па 10 траўня. Але да 20 красавіка мы плянуем і на МАЗе, і на трактарным, і на вялікіх прадпрыемствах распаўсюдзіць інфармацыю пра мэты, якія ставяць перад сабой арганізатары „Чарнобыльскага шляху“, і запрасіць іх на акцыю”.

Як апавёў Віктар Івашкевіч, арганізатары ўпэўненыя, што на акцыю выйдуць перш за ўсё чытачы недзяржаўных газэт.

“Мы разьлічваем, што прыйдуць усе чытачы і слухачы незалежнай прэсы, якія жывуць у Менску. Яны цалкам абазнаныя ўва ўсіх сытуацыях і праблемах. Раз яны слухаюць і чытаюць незалежныя СМІ, то яны ёсьць прыхільнікамі дэмакратычных зьменаў у беларускім грамадзтве.

Але дзеля таго, каб гэтыя зьмены адбыліся, ім, кожнаму зь іх трэба выйсьці на “Чарнобыльскі шлях”. Мы бярэм на сябе юрыдычную адказнасьць і ледзь што — Івашкевіч і Вячорка будуць сядзець на Акрэсьціна. А ім папросту трэба легальна прыйсьці і прайсьціся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG