Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму меншае ўвага да чарнобыльскіх праблемаў?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Удзельнікі: старшыня фонду “Дзецям Чарнобылю” Генадзь Грушавы і дырэктар Цэнтру па праблемах Эўрапейскай інтэграцыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Юры Шаўцоў.

(Валер Карбалевіч: ) “Чарговая гадавіна чарнобыльскай аварыі праходзіць ва ўмовах прытупленьня ўвагі беларускага грамадзтва да праблемаў, зьвязаных з наступствамі гэтай катастрофы. Грамадзкасьць, СМІ і органы ўлады згадваюць аб наступствах Чарнобыл ў асноўным толькі раз на год, у сувязі з датаю 26 красавіка. Зь іншага боку, уплыў катастрофы на сацыяльна-эканамічнае жыцьцё, асабліва на здароўе людзей, ня толькі ня меншае, але нават узмацняецца. Расьце колькасьць захворваньняў, зьвязаных з наступствамі Чарнобылю.

Адным з паказчыкаў прытупленьня ўвагі грамадзкасьці да чарнобыльскіх праблемаў зьяўляецца публічнае абмеркаваньне магчымасьці будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Ці згодныя вы з тым, што існуе такі разрыў паміж аб’ектыўным узмацненьнем чарнобыльскага чыньніка ў сацыяльным жыцьці і аслабленьнем увагі да яго з боку грамадзтва і ўладаў? І калі так, то ў чым прычына гэтай зьявы?”

(Генадзь Грушавы: ) “Увага грамадзтва да чарнобыльскіх пытаньняў, можа, ня зьменшылася, але зьмянілася. Увагі стала менш, бо няма інфармацыі. Але што тычыцца ўвагі да гэтых праблемаў тых, хто жыве ў чарнобыльскіх раёнах альбо ліквідатараў, найперш, інвалідаў, то, паверце мне, зь іх боку ўвага не паменшылася. Дзяржава сёньня зацікаўленая ў тым, каб грамадзтва ўсё менш і менш зьвяртала ўвагу на чарнобыльскія праблемы”.

(Юры Шаўцоў: ) “Галоўная прычына таго, што ўвага грамадзтва да гэтых праблемаў зьменшылася — нізкі ўзровень стуктурызацыі незалежных арганізацыяў. У 1990-я гады грамадзтва было параўнальна добра структураванае, існавала шмат ініцыятываў, арганізацыяў, СМІ. І грамадзтва магло самаарганізоўвацца, няхай ня так, як ў краінах з разьвітай грамадзянскай супольнасьцю, але тым ня менш. Сёньня сфэра грамадзкай самадзейнасьці паменшылася, самаарганізацыя, структураваньне грамадзянаў стала меншым. Таму і чарнобыльская тэма цяпер ня можа разьвіцца ў нейкі грамадзкі рух, як гэта было ў 1990-я гады.

Можна сказаць, што гэта ёсьць наступствам дзяржаўнай палітыкі. Але гэтая палітыка ня столькі мэтанакіравана антычарнобыльская, колькі вынік бюракратызацыі грамадзкага жыцьця. Дзяржава стала больш кантраляваць грамадзтва. У выніку грамадзтва ня можа зьвяртаць увагу нават на такую актуальную праблему, як чарнобыльская”.

(Карбалевіч: ) “У працяг думкі аб палітыцы дзяржавы. Сёньня мы вымушаны канстатаваць відавочны факт: дзяржава істотна зьмяншае колькасьць і аб’ём чарнобыльскіх праграмаў, дапамогу чарнобыльскім раёнам. Цяпер недзе толькі 6% расходнай часткі дзяржбюджэту ідзе на гэтыя мэты, калі раней гэтая лічба даходзіла да 20% і болей. Скараціліся льготы людзям, пацярпелым ад аварыі. Фактычна дэмантуецца сыстэма радыяцыйнага кантролю. Засталося толькі трэць лябараторыяў кантролю за харчаваньнем ад узроўню 1990 году. Ствараецца ўражаньне, што ўлады мэтанакіравана і штучна імкнуцца паменшыць нэгатыўныя наступствы аварыі, зрабіць выгляд, што сытуацыя палепшаецца. Некаторыя забруджаныя рэгіёны аб’яўляюцца амаль што чыстымі. Сам Лукашэнка ўхваліў вяртаньне ў забруджаныя раёны. Што азначае такі падыход?”

(Грушавы: ) “Гэтая палітыка выцякае з таго іміджу, які хоча стварыць сабе кіраўнік дзяржавы. Гэта імідж пераможцы над усім, у тым ліку і над чарнобыльскай праблемай. Лукашэнка хоча прадэманстраваць, што менавіта ён змог нечакана ператварыць чарнобыльскія раёны ў чыстыя, стварыць добрую мэдыцыну і пасьля ягоных намаганьняў чарнобыльская праблема больш не зьяўляецца галоўнай для беларускага народу. А на самай справе ўсё ня так. Цяпер ажыцьцяўляецца міжнародная праграма, падтрыманая ўрадам, якая ставіць задачу адраджэньня, рэабілітацыя пацярпелых раёнаў. І там узьнікаюць такія праблемы. Калі прыходзяць да высноваў, што нейкі раён сасьпеў да рэабілітацыі, то трэба зрабіць пашпарт здароўя насельніцтва, які павінен сьведчыць, што гэтая тэрыторыя бясьпечная для жыцьця. Але такія пашпарты ня робяцца.

Рашэньне аб тым, што раён не адносіцца да ліку забруджаных, робіць камітэт ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі, але не Міністэртва аховы здароўя. Чыноўнікі зыходзяць з простых высноваў. Калі радыяцыя ў рэгіёне паменшылася, то прымаецца рашэньне, што ён чысты. Але людзі, якія там жылі за дваццаць гадоў, накапілі вялікую колькасьць радыяцыі ў арганізьме. І гэтая радыяцыя будзе дзейнічаць, нават калі яны пераедуць у чыстыя рэгіёны. Таму нельга адмяняць ільготаў, сыстэмы назіраньня за станам здароўя гэтых людзей. А насамрэч гэтыя праграмы адмяняюцца. Гэта значыць, што ў дзяржаўнай палітыцы чарнобыльская праблема з гуманітарнай, чалавечай ператвараецца ў эканамічную. Улада вырашае гаспадарчыя праблемы, якія павінны прадэманстраваць эфэктыўнасьць эканамічнай палітыкі. Відавочна, што сельскагаспадарчая вытворчасьць у гэтых рэгіёнах разьвівацца ня можа, не павінна. Прадукцыя, якая выпрацаваная тут, застаецца крыніцай небясьпекі для ўсёй краіны.

Мы вярнуліся да сытуацыі, калі імідж улады, ідэалягічная парадыгма перамагае і здаровы сэнс, і гуманізм. Гэтая ўлада ня зьменіць свайго падыходу да чарнобыльскіх праблемаў. І нам трэба зьвязваць вырашэньне чарнобыльскіх праблемаў, увогуле будучыню Беларусі са зьменай дзяржаўнай палітыкі”.

(Шаўцоў: ) “Чарнобыльскія праблемы ня надта турбуюць цяперашнія ўлады. Тыя каштоўнасьці, якія спавядае ўлада, ёсьць чым заўгодна — выратаваньнем Расеі, усходнеславянскай цывілізацыі і іншае, але не выратаваньнем краіны ад наступстваў Чарнобылю. Гэтая праблема — толькі невялічкі сэгмэнт іх інтарэсаў. Таму чарнобыльская тэма амаль не гучыць у ідэалягічных падыходах. І ў замежнай палітыцы яна гучыць стандартна, фармальна. А ўнутры краіны вырашэньне гэтай праблемы аддадзена бюракратам, гаспадарнікам. А яны самі гэтай праблемы вырашыць ня ў стане, бо будуць эканоміць, дзе толькі магчыма”.

(Карбалевіч: ) “Традыцыя правядзеньня “Чарнобыльскага шляху” бярэ свой пачатак з камуністычных часоў, з 1989 году. Вы, спадар Грушавы, былі адным зь ягоных арганізатараў. У значнай ступені чарнобыльская тэма стала грунтам, на якім узрос антыкамуністычны, антытаталітарны рух у Беларусі. З таго часу ён стаў важным сымбалем грамадзкага і палітычнага жыцьця краіны. Сымбалем больш важным, чым толькі барацьба за вырашэньне праблемаў наступстваў аварыі на АЭС. Зь іншага боку, “Чарнобыльскі шлях” стаў сымбалем расколу нацыі. У другіх краінах агульнанацыянальная катастрофа садзейнічала кансалідацыі соцыюму, аб’яднаньню народу вакол ідэі выратаваньня. У нас наадварот. Тэхнагенная катастрофа ў нечым паглыбіла раскол. Кожны год 26 красавіка — дзень гадавіны аварыі становіцца днём наўбольш вострага палітычнага супрацьстаяньня, галоўнай вулічнай акцыяй апазыцыі.

У гэтым годзе апазыцыя адмовілася ад традыцыйнага “Чарнобыльскага шляху”, выбрала іншы фармат акцыі. Магчыма, гэта таксама паказчык зьмяншэньня ўвагі грамадзкасьці да гэтай праблемы?”

(Грушавы: ) “1989—1990 годы — гэта ўзор аб’яднаньня людзей вакол ідэі самавыратаваньня і недаверу той уладзе, якая прывяла да гэтай катастрофы. Прыкра, што грамадзтва зьменшыла ўвагу да гэтай праблемы. Гэта адмоўна паўплывала на масавасьць шляху. Дрэнна тое, што партыі і грамадзкія арганізацыі таксама зьнізілі ўвагу да чарнобыльскага руху, яе ахвяраў. З 1996 году ўлады дэманструюць сілу супраць удзельнікаў “Чарнобыльскага шляху”. Людзей зьбівалі, пралілася першая кроў. І гэта напалохала простых людзей. Давер людзей да гэтых акцыяў зьменшыўся, а можа, нават і зьнік. І “Чарнобыльскі шлях” ператварыўся толькі ў палітычную акцыю. “Чарнобыльскі шлях” — гэта шлях кожнага жыхара Беларусі. І нам ісьці гэтым шляхам яшчэ не адзін год”.

(Шаўцоў: ) “На жаль, нашыя апазыцыйныя структуры настолькі маргіналізаваныя, загнанаыя ў вузкую нішу, што гэта адбілася і на іх ідэалягічных падыходах. Гэта іх бяда. Бо каб яны мелі магчымасьць дзейнічаць, то іх сэктанцтва было б зьбітае хваляй ініцыятывы зьнізу. Гэта галоўная праблема, чаму апазыцыйныя структуры ня надта цікавяцца чарнобыльскай тэмай”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, разьвіваецца тэндэнцыя прывыканьня да наступстваў катастрофы, і як вынік, прытупленьне ўвагі да гэтых пытаньняў. І галоўную ролю ў такой палітыцы адыгрываюць улады, якія імкнуцца замаўчаць праблему і гэтак як бы часткова зьняць яе. Такая сытуацыя зьяўляецца значнаю пагрозаю для беларускага соцыюму, яго будучыні”.
XS
SM
MD
LG