Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычная барацьба ў Беларусі: чарнобыльская праблема


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” (эфір 25 красавіка). Удзельнікі: палітоляг Уладзімер Роўда й кіраўнік аналітычнай службы кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

(Валер Карбалевіч: ) “У канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў чарнобыльская тэма была адной з цэнтральных пытаньняў палітычнай барацьбы. У значнай ступені чарнобыльская тэма стала грунтам, на якім узрос антыкамуністычны, антытаталітарны рух у Беларусі. Чарнобыльскі шлях, мітынгі зьбіралі дзясяткі тысяч людзей. З таго часу ён стаў важным сымбалем грамадзкага і палітычнага жыцьця краіны. Цяпер, здаецца, чарнобыльская тэма страціла былую актуальнасьць. Палітычныя суб’екты зьвяртаюцца да яе толькі падчас чарговай гадавіны аварыі. Ці згодныя Вы з гэтым? Калі згодныя, то чаму так адбываецца?”

(Уладзімер Роўда: ) “Ёсьць псыхалягічныя прычыны, зьвязаныя з тым, што гэтая катастрофа адбылася даўно. Мэдыі, асабліва дзяржаўныя, не зьвяртаюць увагу на гэтую праблему. Улады не зацікаўленыя, каб чарнобыльская тэма часта гучала. Бо адказнасьць за цяжкія наступствы аварыі нясуць як былыя камуністычныя ўлады, так і цяперашнія ўлады. Добра вядомая пазыцыя Лукашэнкі, які заяўляе: беларуская дзяржава ў асноўным вырашыла чарнобыльскую праблему. Апазыцыя ж можа выкарыстоўваць невялікія магчымасьці для актуалізацыі ці вырашэньня чарнобыльскага пытаньня. Вось Чарнобыльскі шлях — гэта пэўная падстава, каб вывесьці сваіх людзей і паказаць сілу, давесьці, што яна яшчэ жывая”.

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Прыглушылася гучаньне гэтай тэмы. Што тычыцца рэальнай актуальнасьці гэтай праблемы, то наадварот, мэдычныя і іншыя наступствы аварыі з гадамі становяцца ўсё страшнейшымі. Я бачу дзьве прычыны таго, што гучаньне тэмы прыглушылася. Па-першае, размылася антытэза, якая зьявілася ў камуністычны час: улада хавае праўду пра наступствы чарнобыльскай катастрофы, а апазыцыя патрабуе праўды. Цяпер ва ўладзе новая генэрацыя палітыкаў, якая не нясе адказнасьці за саму аварыю. Некаторыя міжнародныя арганізацыі, кшталту МАГАТЭ, выступілі з дакладамі, што заспакойваюць.

Другі чыньнік: тэма страціла псыхалягічную вастрыню. І гэта ўласьцівасьць масавай сьвядомасьці. Любыя раны з часам загойваюцца. Тым болей, што беларусы — такая шматпакутная нацыя, якая зьведала шмат бедаў, што ўзьнік мэханізм самазахаваньня. Маўляў, што было, тое было, трэба неяк жыць далей. І гэта дзейнічае на карысьць уладаў, якія цяпер прапануюць такую канцэпцыю, якая, калі казаць коратка, зводзіцца да тэзы: нічога страшнага”.

(Карбалевіч: ) “Якое месца чарнобыльская праблема займае ў дзяржаўнай палітыцы? Вось у дакладзе Лукашэнкі на Трэцім усебеларускім народным сходзе гэтая тэма практычна не гучала. Тым ня менш, вядома, што падтрымка дзейнага кіраўніка Беларусі ў чарнобыльскіх раёнах найбольш высокая. Дзяржаўнай прапагандысцкай машыне ўдаецца стварыць уражаньне для насельніцтва гэтых рэгіёнаў, што цяперашняя ўлада ёсьць іхным галоўным абаронцам”.

(Роўда: ) “Улада ўвесь час імкнецца зьнізіць актуальнасьць гэтай праблемы. Бо цяперашняе кіраўніцтва зыходзіць з пастуляту, што ўсе праблемы, якія існуюць у краіне, яно вырашае. Улада ўсяляк дэманструе свае посьпехі. Улады манапалізавалі дапамогу чарнобыльскім раёнам. Раней такую дапамогу тамтэйшым жыхарам аказвалі няўрадавыя арганізацыі, напрыклад, фонд “Дзецям Чарнобылю”. Цяпер улады іх да гэтай справы не дапускаюць. Палітыка ўладаў стварае сытуацыю, якая нагадвае камуністычны час. Таму што дзяржаўныя органы не зацікаўленыя, каб гучала аб’ектыўная інфармацыя пра чарнобыльскія праблемы”.

(Класкоўскі: ) “Улада праводзіць такую прагматычную палітыку ў чарнобыльскіх пытаньнях. Лішніх грошай у бюджэце няма, таму трэба рэалізоўваць адносна танныя (у нейкім сэнсе, магчыма, і сурагатныя) варыянты рэабілітацыі гэтых тэрыторыяў, насельніцтва. Доля бюджэту, якая выдаткоўваецца на чарнобыльскія праблемы, зьмяншаецца, скарачаюцца льготы. Зь іншага боку, улада вельмі ўмела робіць піяр. Кожны акт дапамогі гэтым раёнам, якая ідзе коштам грошай, адмыслова выдзеленых у бюджэце на чарнобыльскія праблемы, пэрсаналізуецца. Насельніцтву даводзіцца, што гэта прэзыдэнт правёў вам газ, пабудаваў шпіталь.

Заўважаецца такая супярэчнасьць. З аднаго боку, гучыць тэза, што нічога страшнага не адбываецца на забруджаных тэрыторыях, там можна жыць. А зь іншага боку, калі трэба кінуць камень у гарод Захаду, тады з шуфляды дастаюцца астранамічныя лічбы стратаў, якія нанесла гэтая аварыя. І гучыць тэза, што самотнай Беларусі даводзіцца адной змагацца з гэтай бядой, а Захад, замест дапамогі, ужывае да нашай краіны падвойныя стандарты.

Што тычыцца вялікай падтрымкі Лукашэнкі ў чарнобыльскіх рэгіёнах, то гэта таксама псыхалягічнае. Людзі, якія жывуць у гэтай зоне, выбітыя з звыклай каляіны, яны пачуваюцца маргіналамі. А ў такой сытуацыі ўзмацняюцца патэрналісцкія настроі. Трэба, каб быў нейкі моцны, які прыгалубіць і дапаможа”.

(Карбалевіч: ) “Калі ў грамадзтве існуе нейкая вострая праблема, то ў любой краіне апазыцыя гэта выкарыстоўвае. Наколькі чарнобыльская тэма знаходзіцца ў цэнтры ўвагі апазыцыі? Ці Чарнобыльскі шлях — гэта адзіная нагода для апазыцыйных сілаў зьвярнуцца да гэтай праблемы? Зь іншага боку, улады абвінавачваюць апазыцыю ў спэкуляцыі на трагедыі. Маўляў, гадавіна гэтай катастрофы ня можа быць нагодаю для палітычнай дэманстрацыі. Дык што можна сказаць наконт тэмы Чарнобылю ў апазыцыйнай палітыцы?”

(Роўда: ) “Што тычыцца гэтых абвінавачаньняў апазыцыі з боку ўлады, то тут няма ніякіх аргумэнтаў. Гэта трагедыя ўсёй нацыі. Калі б улада паводзіла сябе больш разумна, то яна б вырашала гэтую праблему разам з апазыцыяй. У такім выпадку, магчыма, і міжнародная супольнасьць дапамагала б больш эфэктыўна ў вырашэньні гэтай праблемы. А насамрэч улада з гэтай трагедыі сапраўды робіць піяр, даводзіць насельніцтву, што ўсе праблемы ў гэтай краіне вырашае адзін чалавек. А апазыцыянэры разглядаюцца як ворагі, якія ня могуць прыцягвацца да вырашэньня такой сьвятой справы, як чарнобыльскія пытаньні.

Апазыцыя ў сваёй чарнобыльскай палітыцы таксама мае шэраг недахопаў. Насамрэч уся яе дзейнасьць у гэтым пытаньні зводзіцца да Чарнобыльскага шляху. Штогоду 26 красавіка адно мерапрыемства. Усе гадаюць, колькі чалавек зьбярэцца на гэты раз, якія там будуць піяр-хады. Апазыцыя выглядала б больш эфэктыўнай, калі б яна працавала зь людзьмі і напярэдадні, і пасьля Чарнобыльскага шляху, езьдзіла б у гэтую зону, сустракалася зь людзьмі. Магчыма, у гэтым годзе Чарнобыльскі шлях будзе трохі адрозьнівацца ў лепшы бок ад папярэдніх аналягічных акцыяў. Бо цяпер пасьля выбараў склалася іншая палітычная сытуацыя. Актывізацыя грамадзтва можа адгукнуцца й падчас сёлетняй акцыі. Зьявіліся новыя людзі, якія возьмуць удзел у Чарнобыльскім шляху”.

(Класкоўскі: ) “Сапраўды, апошнія гады чарнобыльская тэма ў дзейнасьці апазыцыі стала гучаць слабей. Тут дзейнічаюць некалькі чыньнікаў. Найперш гэта зьвязана з затуханьнем вулічнай актыўнасьці. Па-другое, псыхалягічна гэтая тэма трохі прытупілася. Па-трэцяе, сапраўды апазыцыя трохі стандартна, шаблённа дзейнічае падчас Чарнобыльскага шляху. Улада заўжды выкідала козыр, што, маўляў, апазыцыя свой шлях ладзіць у Менску на асфальце, а Лукашэнка едзе ў зону, ладзіць там канкрэтную дапамогу пацярпелым. Таму ў апазыцыі павінна не кампанейшчына пераважаць, а ладзіцца пастаянная праца ў гэтым кірунку.

Цяпер апазыцыя шукае нейкіх новых хадоў і новага гучаньня чарнобыльскіх лёзунгаў. Гэта адлюстравалася ў нядаўнім палітычным мэмарандуме Мілінкевіча ў зьвязку з 20-й гадавінай чарнобыльскай катастрофы. Галоўная мэтафара ў гэтым дакумэнце — палітычны Чарнобыль. Мне здаецца, гэта выразная і трапная мэтафара. Таму што калі асэнсаваць і падсумаваць усё, то і ўласна чарнобыльскія, і сацыяльна-эканамічныя, і духоўныя праблемы ўпіраюцца ў пытаньне якасьці нашай улады. Адпаведна, толькі пры кардынальных палітычных зьменах магчымае вырашэньне балючых праблемаў нашага грамадзтва, уключна з чарнобыльскай праблемай”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, паколькі актуальнасьць чарнобыльскай праблемы ў масавай сьвядомасьці паменшала, то і ейнае месца ў дзейнасьці палітычных суб’ектаў таксама паменшала. Але гэта, мусіць, той выпадак, калі палітыкі не павінны ісьці ўсьлед за грамадзтвам, а павінны апярэджваць яго — каб тэма Чарнобылю не саступала на другі плян”.
XS
SM
MD
LG