Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дабярэцца крызіс да беларускіх турмаў?


Міністар унутраных спраў Уладзімэр Навумаў заявіў пра падрыхтоўку чарговай амністыі. Ці праўда, што ўлады вымушаныя пайсьці на скарачэньне колькасьці вязьняў з-за эканамічнага крызысу, які адбіваецца на бюджэце?

У Міністэрстве ўнутраных спраў прайшла калегія, пасьля якой было заяўлена пра будучую амністыю, прымеркаваную да 65-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад фашыстаў. Таксама міністар Уладзімер Навумаў выказаўся адносна таго, як уплывае на сытуацыю ў калёніях і турмах крызыс.

“Месцаў пазбаўленьня волі ў Беларусі крызыс не тычыцца”, — сказаў Уладзімер Навумаў. Паводле міністра, “100% вязьняў у Беларусі працуюць і могуць зарабіць на пакрыцьцё стратаў, якія ім вызначыў суд.”

Былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч, які выйшаў на волю ў жніўні 2008-га году са Шклоўскай калёніі, не падзяляе аптымізму міністра Навумава.

Сяргей Парсюкевіч
“Гэта няпраўда. Першае, там не хапае працы. Другое, заробкі за тую працу, якая ёсьць, вельмі малыя: 20-30 тысяч. Ці можна пакрыць на гэтыя грошы нейкія зыскі? Я сустракаў чалавека, на якім „віселі“ мільярды рублёў зыску. Ці рэальна іх пакрыць у калёніі?”

Сяргей Парсюкевіч згадаў, што за паўмесяца працы яму заплацілі 4 тысячы рублёў, а яшчэ за адзін месяц увогуле не заплацілі. Паводле Сяргея Парсюкевіча, справа ня толькі ў памылках бугальтэрыі і дрэнных бізнэс-плянах.

“Наколькі я бачу, на людзях там рэальна зарабляюць. Нехта срубы рубіць ці іншыя замовы выконвае. Наколькі я заўважыў, там зусім ня ўсе замовы праходзяць праз бугальтэрыю. З мужыкамі разьлічваюцца цыгарэтамі, гарбатай і гэтак далей, калі ўвогуле разьлічваюцца. Падатковая туды ня ходзіць, дзяржкантроль таксама. Гэта дзяржава ў дзяржаве — што хочуць тое і робяць”.

Сакрэты турэмнага бізнэсу ахоўваюць больш пільна, чым вязьняў
Васіль Сямашка таксама мае турэмны досьвед. Паводле спадара Сямашкі сакрэты турэмнага бізнэсу ахоўваюць больш пільна, чым вязьняў.

“Я на свае вочы бачыў, як махлярствуюць у калёніі-пасяленьні ў Шышчыцах, дзе зараз ЛТП. Там асуджаных падманвалі бязбожна. І ўсё гэта хавалася. Увогуле пэнітэнцыярная сыстэма вельмі закрытая і гэта дае магчымасьць злоўжываньням. А асуджаны — гэта істота без правоў”.

Як адаб’ецца крызіс на гаспадарках, якія знаходзяцца ў калёніях? Васіль Сямашка падзяліўся сваімі ведамі пра эканамічны бок пэнітэнцыярнай сыстэмы.

“Кожная калёнія робіць сваё. Частка вырабляе мэталічныя вырабы. Гэта калёніі ў Глыбокім, Навасадах. Некаторыя вырабляюць мэблю. Гэта „адзінка“ ў Менску, якую зараз расфарміроўваюць, Ваўкавыск ды іншыя. Калі вязень — кваліфікаваны працаўнік, то зарабляе, як на волі. Дарэчы, працоўныя расцэнкі ў калёніі такія ж, як на волі”.

Былы палітвязень Валер Леванеўскі мяркуе, што крызіс не асабліва заўважна адаб’ецца на сытуацыі з працоўнымі месцамі ў калёніях, паколькі большасьць зь іх вырабляюць тавары для ўнутранага спажываньня.

Валер Леванеўскі
“Шыюць розную вопратку для міліцыі, робяць розныя драўляныя рэчы, але каб гэта рэалізоўвалася на ўра — такога няма. Гэта вам скажа любы намесьнік па тыле. У кожнай калёніі ёсьць такі намесьнік, які кіруе вытворчасьцю. Калі зь ім паразмаўляць, мяркую, ён падзеліцца зьвесткамі зусім іншымі ды падзеліцца інфармацыяй, чаму вытворчасьць не разьвіваецца”.

Да заяваў кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў адносна добрых заробкаў вязьняў Валер Леванеўскі ставіцца скептычна. Паводле прадпрымальніка, гэтыя заявы лёгка пераправерыць і высьветліць адваротнае.

“Спытайце ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў, колькі ўсяго зарабілі вязьні за пэўны месяц і падзяліце на колькасьць вязьняў. Мяркую, там не атрымаецца і па некалькі даляраў на чалавека”.

У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў кажуць, што інфармацыю пра заробкі вязьняў ня могуць прадставіць адразу і параілі накіраваць запыт. У прэсавай службе МУС прызналі, што добрымі заробкамі сапраўды могуць пахваліцца ня ўсе асуджаныя.

Алег Сьлепчанка:
Ёсьць людзі, якія па шмат гадоў там знаходзяцца, жахліва ісьці на волю.
“Іншая рэч, што не паўсюль і ня ўсе могуць атрымаць прыстойную аплату, такое ёсьць. А што ўсе забясьпечаныя працай — гэта так. Пра гэта сёньня казалі на калегіі”.

Крызісу баяцца ў турме, але ня меней і на волі. Напярэдадні чарговай амністыі, паводле Сяргея Парсюкевіча, векавечная прага вязьняў да волі перажывае дзіўныя трансфармацыі.

“А можа лепш перасядзець? Такія размовы я ўжо чуў, калі быў у калёніі. Там жа ёсьць людзі, якія па шмат гадоў там знаходзяцца, жахліва ісьці на волю. Тым больш цяпер. Думаюць, можа, і ня будзе лепей?”

Каля 40 тысяч чалавек знаходзяцца ў месцах адбыцьця пакараньня. Колькі зь іх зможа скарыстацца амністыяй? У міністэрстве ўнутраных спраў лічбаў не называюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG