Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя” прадставяць справаздачу, у якой маюць намер заклікаць беларускія ўлады адмовіцца ад выкарыстаньня сьмяротнага пакараньня.

У Менск прыехалі вядомыя праваабаронцы Нікола Дакворт і экспэрт па Беларусі Хэза Макгіл зь міжнароднай арганізацыі “Amnesty international”(Міжнародная амністыя). Учора, 23-га сакавіка, праваабаронцаў прымалі ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі, сёньня яны прадставяць сваю справаздачу, у якой будуць заклікаць улады краіны адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня. Старшыня БХК Алег Гулак мяркуе, што заклік уплывовых замежных праваабаронцаў можа быць пачуты.

“Паколькі гэта тэма ўвогуле зьвязана з паляпшэньнем беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў, то сапраўды можна чакаць нейкіх зрухаў. Тым больш, зараз грамадзтва дастаткова па-эўрапейку ставіцца да гэтай праблемы. Паводле апошніх апытаньняў, прыкладна аднолькава тых, хто за і супроць сьмяротнага пакараньня”.

Нагадаю, Беларусь застаецца адзінай ў Эўропе краінай, дзе ужываюць сьмяротную кару. Бліжэйшыя суседзі Беларусі адмовіліся ад такога пакараньня яшчэ ў 90-ыя гады мінулага стагодзьдзя, Расея не скасавала яго цалкам, але ўвяла мараторый на выкананьне прысудаў. У Беларусі расстрэльны канвэер дзейнічае бесперапынна: з 2000-га году, паводле зьвестак з судоў, да сьмяротнага пакараньня было асуджана 52 чалавекі. Пра дакладную колькасьць выкананых прысудаў невядома, бо гэтыя зьвесткі хаваюцца, але вядомы прынамсі толькі адзін выпадак памілаваньня асуджанага на сьмерць з боку кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі – яшчэ ў 1999-ым годзе.

Ці гатовая беларуская ўлада да адмены сьмяротнага пакараньня? Пакуль на гэты конт ўлада дасылае грамадзтву супярэчлівыя сыгналы. Гэтак, у 2004-ым Канстытуцыйны суд пастанавіў, што Канстытуцыя дазваляе абвесьціць мараторый на пакараньне сьмерцю, але мараторый дагэтуль ня ўведзены. У той час узначальваў суд Рыгор Васілевіч. Сёлета Рыгор Васілевіч ужо як новы генэральны пракурор фактычна ўхваліў сьмяротную кару як сродак змаганьня з цяжкай злачыннасьцю.

“Па такім злачынствам цяжка абгрунтоўваць, што сьмяротная кара непатрэбная. Але, прынцыпова, гэта патрабаваньне Рады Эўропы, гэта іх правіла. Калі мы туды ідзем, калі мы там, то мы мусім дзейнічаць па гэтых правілах. Але гэта пытаньне часу. А пакуль такая мера пакараньня, як прафіляктычная, можа дзейнічаць”.

У 1996-ым годзе пытаньне пра захаваньне сьмяротнай кары было пастаўленае на нацыянальны рэфэрэндум. Паводле афіцыйных дадзеных, болей за 80% выказаліся за тое, каб ад такога пакараньня не адмаўляцца. У канцы 2008-га году, паводле дасьледчыкаў з зарэгістраванага ў Літве сацыялягічнага інстытуту НІСЭПД, каля 40% беларусаў ужо за тое, каб сьмяротную кару адмяніць. Але праваабаронцы заўважаюць: на грамадзкую думку вялікі ўплыў мае пазыцыя ўлады і таму апэлююць да высокіх чыноўнікаў. “Улада мусіць разумець, што сьмяротная кара вядзе толькі да павялічэньня жорсткасьці паміж людзьмі, бо гэта ўзаконеная помста. Ўлада мусіць дзейнічаць не зь меркаваньняў помсты, а зь меркаваньняў правасудзьдзя”, -- кажа праваабаронца Хэза Макгіл зь “Міжнароднай амністыі”, якая сёньня знаходзіцца з візытам ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG