Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіць невінаватаму асуджанаму?


Ня ўсе прысуды бываюць справядлівыя. Што рабіць невінаватаму, чыя віна прызнаная судом? Якімі шляхамі шукаць вызваленьня?


Шлях традыцыйны, прадугледжаны законам

Калі невінаваты чалавек патрапіў за краты, бо суд прызнаў ягоную віну цалкам даказанай, адвакаты прапануюць свайму падабароннаму пасьлядоўна абскарджваць прысуд. Апошняя з інстанцыяў, якая можа перагледзець прысуд або накіраваць справу на перагляд, — Вярхоўны суд Беларусі. Часу гэта можа заняць вельмі шмат. Прыкладам, расейскі грамадзянін Мікалай Костышаў разам з адвакаткай Вольгай Баранчык дамагаецца перагляду сваёй справы ўжо паўтара года.

Баранчык: “Я зьбіраюся да старшыні Вярхоўнага суду на прыём. Але ў студзені наагул няма запісу, няма прыёму. 5 лютага толькі на люты будуць запісваць. Буду спрабаваць. Я спадзяюся на станоўчы вынік. Мы дамагаемся перагляду справы наагул. Ён жа папросту хоча, каб справа разглядалася ў яго прысутнасьці”...

Безь яго яго судзілі

Мікалая Костышава Аршанскі суд прызнаў вінаватым у разбоі, бандытызьме, крадзяжы асабістых дакумэнтаў і падробцы дакумэнтаў. Прысуд — 12 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Асуджаны не прысутнічаў на судзе, бо нават ня ведаў, што яго ў нечым вінавацяць, галоўны сьведка даўно напісаў заяву, што абылгаў Костышава. Але ўсе інстанцыі пасьлядоўна прызнаюць прысуд слушным. 28 сьнежня Костышаў спыніў галадоўку, якую трымаў два месяцы. Меркаваньне адвакаткі:

“Ну зразумейце правільна. Да яго вельмі спрыяльна ставіцца адміністрацыя калёніі, але яны кажуць: калі дзякуючы ягонай галадоўцы справа зрушыцца, заўтра галадаць будзе палова калёніі”...

Амністыя як цуд

Пакуль справа разглядаецца або чакае перагляду, можна спадзявацца на амністыю. Але апошняя амністыя ў Беларусі, на погляд былога зьняволенага, сябры Аргкамітэту па стварэньні Беларускага Камітэту ў абарону правоў вязьняў “Над бар'ерам” сп. Уладзімера Знака, зусім не выглядала як праява гуманнасьці.

“Амністыя — гэта папросту дадатковы рычаг узьдзеяньня на зьняволеных для кіраўніцтва калёніяў. Чалавека могуць пазбавіць права на амністыю за такое парушэньне рэжыму, як “кепка апранута няправільна, ранішнюю зарадку рабіў недастаткова актыўна”... Адсюль карупцыя — паглядзіце, на якіх машынах езьдзяць начальнікі калёніяў пасьля амністыяў”...

Страсбурскі суд беларусам дапаможа мала

Калі б Беларусь была сябрам Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, беларускія грамадзяне маглі б скардзіцца на парушэньні ўласных правоў у Эўрапейскі суд у Страсбуры. Але статус адмысловага запрошанага ў ПАРЭ Беларусь страціла ў 1996 годзе. Таму беларусы могуць падаваць у Эўрапейскі суд на любую з 46 дзяржаваў-сябраў Рады Эўропы, апроч уласнай.

Не дадае справядлівасьці беларускім судам і адсутнасьць у нашай судовай сыстэме суду прысяжных, лічыць юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін:

“Незалежныя прысяжныя маглі б вызначаць — вінаваты ці невінаваты падазраваны, а потым толькі падключаўся б судзьдзя. Гэткі мэханізм таксама не на 100% справядлівы, бо і прысяжных можна падабраць пэўным чынам. Але справядлівасьці значна больш было б, калі б у нас быў суд прысяжных”.

Людзі шукаюць праўды — суд шукае вінаватых

Сяргей Луканін мяркуе, што ў сёньняшніх беларускіх умовах адвакат мае амаль што дэкаратыўныя функцыі.

“Летась у 99,9% разгледжаных крымінальных справах быў вынесены абвінаваўчы прысуд. Сыстэма наша такая, што суд заўсёды на баку абвінавачаньня. Таму ў нашых сёньняшніх умовах галоўнае — прыцягнуць як найбольш увагі СМІ, калі ёсьць гэткая магчымасьць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG