Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты дэмакратычнага руху прыгадваюць падзеі трохгадовай даўніны. Уначы з 23 на 24 сакавіка спэцназаўцы зьліквідавалі намётавы лягер на Кастрычніцкай плошчы. Камэры турмы на Акрэсьціна былі перапоўненыя апазыцыянэрамі і затрыманых людзей адвозілі ў Жодзіна і ізалятар Менскага раёну.

Удзельнікі акцыі ад 19 да 24 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы прыгадваюць самыя розныя прыкметы тых падзеяў. Тыя, хто трапіў уначы падчас зачысткі ў аўтазак, і тыя, хто шукаў затрыманых і спрабаваў здабыць хоць якую-небудзь інфармацыю, запомнілі тое, што іх больш за ўсё ўразіла.

Студэнт Стась быў сярод тых, каго завялі ў аўтазак. Хлопец лічыць, што яму пашанцавала, бо ён быў з таго боку лягеру, дзе было болей відэакамэр, і таму зь ім не абыходзіліся так, як зь іншымі.

“Позна ўначы прыехала 6 аўтазакаў. Ведаеце, гэта было так раптоўна. Калі горад абсалютна пусты ў 3-4 гадзіны начы, гэты рык рухавікоў. Такія адчуваньні наўрад ці паўторацца, але ніколі не забудуцца. Да 2-й гадзіны наступнага дня я стаяў у калідоры. Быў апошнім, каго павялі на афармленьне”.

Мяне ўзялі за куртку, за плячо, а ня так, як іншых цягнулі па зямлі ўніз галавой. У аўтазаку было шмат людзей. Усе былі ўзрушаныя, бо ня ведалі , што будзе, куды павязуць”.

4 красавіка — сустрэча вязьняў
Сябра АГП Валянціна Палевікова менавіта ў тую ноч вырашыла пераначаваць у лягеры. Яна прыгадвае тыя падзеі:

“Тыя «касманаўты», якія абкружылі плошчу, якія тыкалі тварамі ў агонь маладых людзей, маглі запалохаць каго заўгодна, але ня тых, хто быў на плошчы. Гэта было цудоўна!

Потым было стаяньне каля сьцяны на Акрэсьціна. Там таксама мужныя паводзіны моладзі. У першую хвіліну, скажу шчыра, было страшна, але потым усё прайшло“.

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Мілінкевіч, наадварот, у тую апошнюю ноч сышоў дахаты, каб крыху паспаць.

“Каля 3-й гадзіны нам спачатку патэлефанаваў сын сярэдні. Ён сказаў, што, відаць, будуць браць. А праз паўгадзіны нам патэлефанаваў амбасадар Вялікай Брытаніі, а потым ЗША. Мы зразумелі, што іх разганяюць. Мы селі ў машыну…

На плошчы ўжо нікога не было. Пачалі шукаць іх. Ноч правялі пад Акрэсьціна. Тры дні шукалі, але толькі потым даведаліся, што наш сын не на Акрэсьцна, а ў Жодзіна”.

Другі экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін таксама шукаў якую-небудзь інфармацыю пра затрыманых:

“Мне патэлефанавалі і я рвануў туды. Спазьніўся літаральна на 5 хвілінаў. Два дні правёў на Акрэсьціна. Намагаўся, каб склалі сьпісы, каб было зразумела, дзе знаходзяцца дзеці. Ніхто ня ведаў, хто дзе. Адміністрацыя рабіла ўсё, каб не зьвяртаць на гэта ўвагі. Больш за тое — зачынялі дзьверы і білі па руках ботамі”.

Моладзевая актывістка Ірына Тоўсьцік разам зь іншымі актывістамі складала сьпісы ў судах, каб даваць сваякам затрыманых зьвесткі пра іх месца знаходжаньня.

Яна падзялілася сваімі ўражаньнямі:

“Вялізныя чэргі на Акрэсьціна, калі бацькі, сябры і папросту невядомыя людзі стаялі ў чарзе, каб перадаць перадачу сваякам, знаёмым і незнаёмым людзям на знак салідарнасьці. Менавіта гэтая салідарнасьць у той час мяне вельмі ўразіла“.

Дагэтуль невядомая дакладная лічба затрыманых цягам дзесяці дзён прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Вядома, што іх было каля 2 000 чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG