Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сто дзён пасьля Плошчы: успаміны журналістаў. В.Каліноўскі


Радыё Свабода 27 чэрвеня Радыё Свабода прэзэнтуе ў Інтэрнэце новую кнігу сэрыі “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе” пра падзеі ў Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году “Плошча. 19.03-25.03.2006”. Кнігу завяршаюць нататкі журналістаў “Свабоды”, якія працавалі на Плошчы. У іх ліку – Валер Каліноўскі.

Кіеўскі Майдан і менская Плошча

Падзеі ў Менску 19—25 сакавіка я ўвесь час міжволі параўноўваў з украінскай Аранжавай рэвалюцыяй, а менскую Плошчу — з кіеўскім Майданам, паколькі мне як журналісту давялося папрацаваць і тут, і там.

Нягледзячы на розьніцу ў маштабах акцыяў пратэсту й іхных выніках, было шмат паралеляў у арганізацыі, у настроях, дэталях... Нават частку людзей, якіх я бачыў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ў Кіеве на Майдане альбо ў намётавым гарадку на Храшчаціку, я пазьней сустракаў на менскай Плошчы. Дый многія ўдзельнікі менскай акцыі сваю Кастрычніцкую плошчу называлі «нашым майданам», і ў цэлым было відаць, наколькі яны натхнёныя Аранжавай рэвалюцыяй.

Першае супадзеньне — раптоўны сьнег і холад у Кіеве ў другой палове лістапада 2004 году й маразы ды завіруха ў Менску ў канцы сакавіка 2006-га. У Менску ператрываць халады было складаней. У Кіеве нават мэрыя расчыніла дзьверы для дэманстрантаў, а ў Менску ўлады рабілі ўсё, каб прыхільнікі пераменаў замерзьлі й разышліся. У журналістаў на плошчы быў прывілей: марознымі начамі мы маглі заходзіць у бліжэйшыя кавярні, грэцца, піць гарбату ці каву. Калі ж нехта з дэманстрантаў ішоў у кавярню, яго хапалі людзі ў чорным, і ён зьнікаў. Гэтак забралі Аляксея Янукевіча, капялюш якога застаўся сіратліва ляжаць каля гукаўзмацняльнай апаратуры ў першую ноч на плошчы.

Менскія намёты былі маленькія, сымбалічныя, хаця й сярод іх стаяла свая кухня — некалькі мангалаў, і быў асобны намёт зь лекамі. Менскі намётавы лягер у параўнаньні з кіеўскім выглядаў аматарскім, гэта сапраўды была стыхійная акцыя, якую падтрымалі апазыцыйныя палітыкі.

У Кіеве на Майдане была вялізная сцэна з маніторамі й калёнкамі. У Менску — толькі электрагенэратар, пульт і калёнкі. У параўнаньні з Майданам гэта было вельмі сьціпла, але плённа. Патрыятычныя песьні сагравалі душэўна й фізычна. На менскай Плошчы гучала перш за ўсё беларуская музыка, але вельмі папулярныя былі й песьні кіеўскага Майдану — гуртоў «Акіян Эльзы», «Воплі Відаплясава», а неўміручы твор Алега Скрыпкі «Вясна» марознымі сакавіцкімі начамі шмат разоў пераконваў усіх, што «вясна прыйдзе».

Самае ж выразнае падабенства Майдану й Плошчы — у настроях людзей, у іх рашучасьці, патрыятызьме, веры ў сваю праўду, у тым, як паводзілі сябе ўдзельнікі акцыяў, якія ветлівыя яны былі адзін да аднаго й да мінакоў, наколькі стрымана рэагавалі на правакатараў і сілы бясьпекі. Акцыі пратэсту выклікалі нечуваныя хвалі салідарнасьці ў грамадзтве. Адзінае, што ў Менску гэтая салідарнасьць магла закончыцца зьбіцьцём і турмой. Але нягледзячы на перашкоды міліцыі, на плошчу «кантрабандай» праносілі дастаткова гарачай ежы й пітва. Адзін польскі калега неяк пахваліўся, што даўно так добра не харчаваўся, як тут на плошчы, — усё хатняе, смачнае. Гэты польскі журналіст, які прарваўся на нашы выбары праз Расею, бо беларускія памежнікі яго не пускалі, у цэлым ацэньваў сытуацыю ў Беларусі як дэпрэсіўную й нават безнадзейную, і параўноўваў яе з тым, што было ў Польшчы ў пэрыяд ваеннага становішча. Ён і сам адседзеў у турме падчас тых падзеяў. Запомнілася ягоная крывая ўсьмешка, калі ён пачуў вядомы з Аранжавай рэвалюцыі лёзунг-зварот «Міліцыя з народам!» на менскай плошчы, тады ён сказаў: «Не, тут міліцыя з уродам».

Сапраўды паводзіны менскай міліцыі, АМАПу й розных іншых сілавых структураў былі зусім іншыя, чым паводзіны міліцыі ў Кіеве. Беларускія сілавікі на плошчы амаль нікога не хапалі, затое па-здрадніцку вылоўлівалі тых, хто адыходзіў у мэтро ці на іншую вуліцу, зьбівалі іх, рвалі беларускія сьцягі ды іншую атрыбутыку, абражалі і ўрэшце арыштоўвалі. Цягам менскіх акцыяў пратэсту я пабачыў столькі сілаў аховы, што не стамляўся зьдзіўляцца, як шмат іх напладзіла цяперашняя ўлада. 25 сакавіка ў Менску паздымалі нават гарадзкія аўтобусы, каб прывезьці ўсю міліцыю ў цэнтар гораду. Не пускаючы людзей на плошчу, гэтыя ахоўнікі парадку мелі загад не ўжываць дубінак, затое без асаблівых ваганьняў білі людзей нагамі...

Адрозна ад Кіева, у Менску ўлады імкнуліся ўсяляк перашкаджаць удзельнікам у іхных пабытовых праблемах. Грамадзкую прыбіральню за дваццаць мэтраў ад намётавага лягеру на плошчы ў часе акцыяў наўмысна закрылі «на рамонт». Калі ж некалькі хлопцаў прывезьлі ў лягер біятуалет, людзі ў чорным так моцна зьбілі іх, што адзін страціў прытомнасьць. Калі дэманстранты ўсё ж знайшлі выйсьце, паставіўшы намёт на каналізацыйным люку, гэты люк заварылі камунальныя службы. Але, як казалі самі дэманстранты з пэўнай доляй гумару, яны вымушаныя былі «адгрызьці» гэты люк... Пасьля разгону намётавага лягеру ў калодзеж адной нагой патрапіў амэрыканскі журналіст. Добра, што ён утрымаўся на паверхні, абышлося дробнымі траўмамі...

Камунальныя атакі гэтым не абмежаваліся. Дробныя перашкоды ўладаў выклікалі сорам за іх: то яны выключылі на плошчы сьвятло, то адшліфавалі каток, каб дэманстранты лепей падалі (я й сам два разы пасьлізнуўся і ўпаў на гэтым лёдзе), то насылалі сьмецьцеўборачныя трактары, якія побач з намётавым лягерам чысьцілі плошчу.

Нарэшце, мова. У часе Аранжавай рэвалюцыі ў Кіеве дамінавала ўкраінская мова, і ў мяне няма сумневу, што гэта была выразна нацыянальная рэвалюцыя. Такі ж нацыянальны па мове й духу настрой мелі й менскія акцыі супраціву. Калі ў першы дзень на плошчу выйшлі дзясяткі тысяч чалавек, то, ходзячы паміж імі, я чуў пераважна беларускую мову, найперш з вуснаў моладзі, і зьдзіўляўся, наколькі шмат у нас беларускамоўных людзей. Напэўна гэта было й формай выказваньня пратэсту, напрыклад, да многіх на плошчы падыходзіў малады чалавек і заклікаў гаварыць па-беларуску «на злосьць рэ- жыму».

Неяк ноччу я вырашыў узяць інтэрвію ў трох хлопцаў з ачапленьня намётавага лягеру. Выявілася, што ўсім ім каля трыццаці гадоў, адзін зь іх працуе над касьмічным апаратам «БелКА», другі — у цэнтры ядзернай энэргетыкі ў Соснах, трэці — таксама інжынэр-энэргетык, але на той момант ужо беспрацоўны. І два зь іх раніцай пасьля дзяжурства на плошчы зьбіраліся пайсьці на працу. У цэлым жа трэба сказаць, што на плошчы былі інтэлігентныя, разумныя, ахвярныя людзі, і маладыя, і пажылыя, шмат было студэнтаў зь Менску, але былі й тыя, што паехалі вучыцца за мяжу, але адпрасіліся ў сваіх ВНУ. Пратэставалі вельмі сымпатычныя людзі, гэтак я адзначаў сабе і ў 2004 годзе ў Кіеве, і ў 2006-м — у Менску. Неяк у самым канцы працоўнага дня падчас майго апошняга ў той дзень простага ўключэньня з плошчы ў этэр Радыё Свабода, якое акурат у гэты час трансьлявалася на ўсю плошчу, я не стрымаўся й пераказаў сваё прывітаньне гэтым сымпатычным людзям.

Звычайна на акцыях апазыцыі я не нашу на куртцы акрэдытацыйнага пасьведчаньня замежнага журналіста. Але тады я гэта рабіў, і ня толькі зь меркаваньняў уласнай бясьпекі, але й дзеля бясьпекі ўдзельнікаў акцыі пратэсту, бо й я, і яны былі перакананыя, што пакуль на плошчы ёсьць шмат журналістаў, разганяць іх ня будуць. Акрамя таго, калі хтосьці з удзельнікаў акцыі хацеў пакінуць плошчу без эксцэсаў зь міліцыяй, ён прасіў, каб нехта з журналістаў праводзіў яго да бліжэйшага прыпынку аўтобуса. Гэтак я вывеў з плошчы не адзін дзясятак хлопцаў і дзяўчат. Для большай пэўнасьці часам ішоў зь імі пад руку.

24-га раніцай я мусіў гэтак жа вывесьці з плошчы Валянціну Палевікову. Гадзіне а 12-й ночы яна папрасіла мяне вывесьці сястру Аляксандра Дабравольскага, а пад раніцу — і яе. Але дамова не была рэалізаваная. Хоць мы здагадваліся, што менавіта ў ноч пасьля абвяшчэньня ЦВК вынікаў выбараў намётавы лягер разгоняць, ды былі і ўскосныя прыкметы — бліжэйшыя кавярні былі зачыненыя менавіта да пятніцы, але ўсё адно хацелася верыць, што намёты дастаяць да Дня Волі.

Тая ноч была халодная, а палове трэцяй я пайшоў у сваю машыну, што была прыпаркаваная ля Палацу Рэспублікі, каб пагрэцца й папіць гарбаты з тэрмаса. Бліжэй да трох гадзінаў ночы непадалёк ад мяне сталі шэрагам міліцыянты, якім даваў апошнія ўказаньні намесьнік міністра ўнутраных справаў Філістовіч. Заўважыўшы гэткі рух, я вырашыў хутчэй пайсьці ў бок намётаў, але міліцыянты мяне й яшчэ некалькіх журналістаў спынілі. На загад Філістовіча кіраўнік спэцназу Падабед пераапрануўся ў звычайную форму, узяў мэгафон, і калёна разам з намі рушыла да намётаў. Журналістам загадалі стаць за міліцэйскі кардон каля Палацу культуры прафсаюзаў, а калі адзін фотакарэспандэнт не падпарадкаваўся, яго проста вывалаклі зь лягеру. На месцы намётаў дазволілі здымаць толькі камэрам дзяржаўных тэлеканалаў.

Прагучаў заклік Падабеда да дэманстрантаў аб тым, што акцыя несанкцыянаваная й трэба добраахвотна разысьціся. Гэта, дарэчы, была адзіная такая заява з боку міліцыі за ўвесь час існаваньня намётавага лягеру. Але як разысьціся, калі лягер шчыльна ачэплены міліцыяй, аўтобусамі, МАЗамі, і нікога адтуль не выпускаюць? Пакуль працавала гукаўзмацняльная апаратура, выступіла Валянціна Палевікова, якая заклікала міліцыю да людзкага абыходжаньня з удзельнікамі акцыі пратэсту, пачулася няўпэўненае скандаваньне «Міліцыя з народам», потым енкі... Міліцыянты першымі білі й цягнулі ў МАЗы хлопцаў з ачапленьня. Празь нейкі час астатнія жыхары намётавага лягеру пайшлі ў міліцэйскія МАЗы й аўтобусы самастойна. Разам іх было з паўтысячы чалавек.

Калі лягер апусьцеў, яшчэ зь дзесяць хвілінаў журналістаў не пускалі на месца падзеі, там хадзілі нейкія невядомыя, зрывалі бела-чырвона-белыя сьцягі, заглядалі ў намёты. Усе падумалі, што яны нешта падкідаюць туды. Пазьней БТ паказала наркотыкі, бутэлькі й порначасопісы...

Разбураны лягер выглядаў сумна: горы рэчаў, ежы, сотні тэрмасаў, гарачае вугольле на мангалах, на якіх у каструльцы гатавалася вада на гарбату. Неўзабаве на плошчу прыехаў Аляксандар Казулін з жонкай. Журналісты адразу кінуліся да яго па камэнтары. Міліцыя не казала, куды павезьлі затрыманых людзей, і Казулін вырашыў, што трэба ехаць да турмы на Акрэсьціна. Але ён ня ведаў дакладнай дарогі й таму запрасіў у сваю машыну мяне. Калі мы з Казуліным прыехалі туды, то пасьпелі яшчэ ўбачыць, як выгружалі ў браму турмы арыштаваных з аднаго такога закратаванага МАЗу. Было дзіўна, як шмат людзей у ім зьмясьцілася, было прыкра, як паводзілі сябе іх ахоўнікі, як яны брыдка крычалі й штурхалі дэманстрантаў. Казулін абураўся, але зрабіць нічога ня мог.

Ад нэрвовага напружаньня зрабілася яшчэ халадней. Гэтая ноч мне падалася самай халоднай з тых, што я правёў на плошчы. Выручылі польскія консулы, у машыну якіх я папрасіўся пагрэцца. Пасьля простага этэру, які скончыўся ў восем раніцы, на таксі я вярнуўся на плошчу. Ля Палацу Рэспублікі самотна стаяла мая машына, і калегі-журналісты, якія прыехалі сюды раніцай, як я пазьней даведаўся, падумалі, што арыштавалі й мяне. Некалькі дзясяткаў чалавек стаялі на месцы, дзе яшчэ ноччу быў намётавы лягер, абмяркоўвалі падзеі. Пазьней сюды панясуць кветкі, якія людзі ў чорным і міліцыянты будуць забіраць і кідаць у сьметніцы. Потым на гэтае месца ўвогуле паставяць камунальную тэхніку, а лёд з катка ўзрыюць вялікімі глыбамі, каб людзі не змаглі тут сабрацца зноў.

Валер Каліноўскі, Радыё Свабода
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG