Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выказваньні Аляксандра Лукашэнкі на адрас апазыцыі, магчымае запрашэньне кіраўніка Беларусі на саміт у Прагу, сьмерць праваабаронцы Яны Паляковай, эканамічны крызіс у Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Падчас працоўнага візыту на Віцебшчыну Аляксандар Лукашэнка рэзка нэгатыўна ацаніў дзейнасьць апазыцыі. Ён назваў яе “вашывай”, “пятай калёнай”, а яе лідэраў -- “ворагамі беларускага народу”, Камэнтары слухачоў:

Спадар: “Я цалкам згодны з Лукашэнкам наконт ацэнкі нашай апазыцыі. Слушна. Гэта ворагі беларускага народу. Гэта нацыянал-здраднікі!”

Спадар: “Ніводзін дзеяч не абражаў сваіх людзей, як гэта робіць у сваіх выступах спадар Лукашэнка. Прыклад — учорашні выступ у Віцебску. Ганьба хамству!”

Валер Шаўчэнка, Наваполацак: “Празьмерная нястрыманасьць, жорсткасьць і пагрозы Лукашэнкі ў бок апазыцыі ў часе размовы ў Віцебску добра адлюстроўваюць нэрвовасьць і жахі правадыра ў напружаны момант напярэдадні 25 сакавіка, калі будзе гучаць патрабаваньне адстаўкі прэзыдэнта”.

Пытаньне, ці будзе запрошаны Аляксандар Лукашэнка на саміт кіраўнікоў краін Эўразьвязу, застаецца адкрытым. Гэтая тэма ў абмеркаваньнях слухачоў:

Валянціна, Менск: “Эўропа зробіць вялікую памылку, калі запросіць у Прагу Лукашэнку. Ён заўсёды ставіць свае погляды на падзеі вышэй за погляды іншых. Усе яго выступы і дзеяньні суправаджаюцца зьнявагай іншых краінаў і асобаў. Прыклад таму — яго адносіны да прыезду камісара Эўразьвязу. Ён паводзіць сябе як сапраўдны дыктатар”.

Далей выказваньні з нагоды сьмерці салігорскай праваабаронцы Яны Паляковай:

Спадарыня: “Я з болем слухаю званкі слухачоў пра Яну Палякову. І ўвесь час просіцца адно пытаньне: дакуль на нашай зямлі будуць баляваць розныя Пугачовы?”

Спадар: “Як высьветлілася, Яна Палякова супрацоўнічала з рознымі праваабарончымі арганізацыямі, і ўсе яны кінулі яе ў цяжкую хвіліну. А БХК быццам супрацоўнічае з “Советской Белоруссией”, а спадар Мархотка таксама нават мае там сябра — Ксэнафонта Супэрфасфатава. Можа, ён ці хто-небудзь з БХК праясьніць сытуацыю?”

Камэнтуе намесьніца старшыні праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт” Тацьцяна Гацура:

“Што тычыцца падтрымкі ў цяжкую хвіліну, то спадар Мархотка вельмі цесна займаўся пахаваньнем Яны Паляковай. І сродкі, якія сабраў БХК на пахаваньне, таксама былі немалыя. Па-другое, БХК не супрацоўнічае з “Советской Белоруссией”, а спадар Мархотка не зьяўляецца сябрам ніякіх іншых арганізацый, акрамя БХК”.

Наступныя тэлефанаваньні — на тэму эканамічнага становішча:

Спадар, Гарадзеншчына: “Ужо раздражняюць заўсёдныя заявы галоўнага банкіра Беларусі Пракаповіча пра стабільнасьць беларускага рубля. Усе памятаюць, што ён тое самае казаў і перад Новым годам, а кашалькі сярэдняга беларуса палягчэлі працэнтаў на 40—50. Ну, даверлівы беларускі люд, але ж не да такой ступені!”

Павал Давыдзенка: “Як далей жыць, калі чыноўнікі-лукашысты з пэнсіі рабуюць на 66 тысяч!”

Сяўрук, Гародня: “Яшчэ ня так даўно вуліцы Гародні стракацелі маляўнічымі плякатамі “Квітней, родная Беларусь!” Ну вось, адцьвіла родная Беларусь, з кветачак ужо зьявіліся ягадкі, а ягадкі наступныя. Нядаўна прайшоўся па крамах. Ножкі сьвіныя — 6240, крылцы падвэнджаныя курыныя — 20000. А ў суседняй Польшчы надоечы быў — усё ў 2—3 разы таньнейшае. Дык дзе квітнее? Мяркуйце самі”.

Працягваем праграму выказваньнямі з нагоды тэлефанаваньняў іншых слухачоў:

Спадар: “Адна бабуля, слухачка “Свабоды”, праслухала ўсе званкі і параўноўвае ўсіх іншадумцаў, крытыкаў правадыра са зграяй сабак. Ды што зь яе ўзяць? Гэта ў яе стары савецкі сындром. Тады таксама на ўсіх тых, хто думае інакш, вешалі ўсялякія цэтлікі. Савецкі Саюз пад грузам сваіх праблем даўно рухнуў, Савецкі Саюз перажылі — перажывем і бабулю, калі-небудзь і яна перастане цяўкаць”.

Ільля Копыл: “Адзін слухач вельмі бойка выказаў сваю нязгоду са старшынёй АГП Лябедзькам. Ён сказаў, што апазыцыю і АГП народ не падтрымлівае. Што за іх сьпінай маецца ўсяго тысяч пяць чалавек, якія стала зьбіраюцца на пляцоўцы каля Акадэміі навук. Я не пагаджуся са слухачом і хачу падтрымаць апазыцыю. Тыя пяць тысяч чалавек — гэта перадавы атрад апазыцыі, асноўная яе падтрымка. Але ня ўсе могуць прыйсьці на Акадэмію навук, калі яны нават жадаюць гэтага і гатовыя прымкнуць. Дайце для апазыцыі свабодны доступ да дзяржаўных СМІ, зрабіце выбары свабоднымі, і вы ўбачыце, колькі людзей падтрымлівае апазыцыю”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG