Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакатка падала скаргу на прысуд Яне Паляковай


Адвакатка Мар’яна Сямешка абскардзіла прысуд праваабаронцы Яне Паляковай, якая скончыла жыцьцё самагубствам 7 сакавіка ў Салігорску.

Сёньня а 16-й гадзіне заканчваўся тэрмін, калі можна было абскардзіць прысуд, які судзьдзя Салігорскага суду Аляксандар Бураўцоў вынес 3 сакавіка праваабаронцы Яне Паляковай. У ноч на 7 сакавіка Яна Палякова павесілася ў сваёй кватэры. Паводле маці Паляковай Неанілы Міхайлаўны, адвакатка зь Менску Мар’яна Сямешка, якая ўзялася адстойваць інтарэсы нябожчыцы ў судзе, сёньня да 16 гадзіны пасьпела падаць у Салігорскі суд скаргу на прысуд. Якімі аргумэнтамі адвакатка апэлюе да суду?

Праваабаронца Тацяна Равяка, якая зараз таксама знаходзіцца ў Салігорску, паведаміла падрабязнасьці:

“Адвакат толькі пазаўчора ўвечары атрымала крымінальную справу Паляковай для азнаямленьня. Сёньня адвакат падала папярэднюю скаргу, каб не прапусьціць тэрмін абскарджваньня. Да касацыйнага разгляду ў судзе будзе падрыхтавана новая скарга, дзе будуць выкладзеныя ўсе аргумэнты за тое, каб прысуд Яне Паляковай адмяніць ці перагледзець”.

Нагадаю, праваабаронца Гары Паганяйла пасьля азнаямленьня з прысудам Яне Паляковай заявіў пра грубае парушэньне закону ў працэсе над ёю. “Пасьля таго, як пракурор зьмяніў абвінавачаньне на больш жорсткае, судзьдзя мусіў прыпыніць працэс ня меней як на 5 дзён, каб даць Паляковай час на падрыхтоўку, але гэта не было зроблена”, — зазначыў Гары Пагяняйла. Толькі гэтай працэсуальнай памылкі дастаткова, каб адмяніць прысуд, мяркуе праваабаронца.

Пракуратура Салігорску пасьля сьмерці Яны Паляковай пачала праверку абставінаў сьмерці жанчыны. Вынікам праверкі можа стаць завядзеньне крымінальнай справы паводле артыкула аб давядзеньні да самагубства. Які вынік праверкі?

У пракуратуры Салігорску адмаўляюцца гаварыць на гэтую тэму. Прэсавы сакратар Менскай абласной пракуратуры Тацяна Калініна паведаміла, што праверка яшчэ працягваецца.

“Пэўна ж, праводзіцца экспэртыза, паколькі справа зьвязана з гібельлю чалавека. Як толькі будзе прынята рашэньне, мы вам дамо інфармацыю”, — запэўніла супрацоўніца Менскай пракуратуры.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, справу супраць Яны Паляковай, якая скончылася асуджэньнем жанчыны на 2,5 года “хіміі”, завялі менавіта пасьля патрабаваньня Менскай абласной пракуратуры.
XS
SM
MD
LG