Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўчасная сьмерць праваабаронцы з Салігорску Яны Паляковай адгукнулася ў сэрцах многіх людзей. А ці робяцца афіцыйныя захады, каб расьсьледаваць абставіны, якія падштурхнулі Яну Палякову да самагубства?

Кіраўнік прэсавай службы Генэральнай пракуратуры Генадзь Вярцінскі пераконвае, што кожны факт самагубства правяраецца адносна таго, ці ня быў чалавек даведзены да такога кроку.

“Калі чалавек канчае жыцьцё самагубствам, абавязкова пачынаецца праверка, па выніках якой вырашаецца, заводзіць крымінальную справу ці не. Гэта абавязкова”.

Між тым у пракуратуры Салігорску на пытаньне, ці вядзецца праверка па факце самагубства праваабаронцы Яны Паляковай, адказалі: “Без камэнтароў”.

Калі праверка гібелі Паляковай усё ж пачалася, сьледчыя павінны апытваць тых, хто ў апошні час кантактаваў зь нябожчыцай.

Тэлефаную да судзьдзі Аляксандра Бураўцова, які 3 сакавіка прыгаварыў Яну Палякову да 2,5 года “хіміі” за паклёп на міліцыянта Віктара Пугачова. Ці меў судзьдзя размову са сьледчымі?

“Яшчэ раз паўтаруся: нічога камэнтаваць я ня буду”, — адказаў Аляксандар Бураўцоў.

Былы міліцыянт Віктар Пугачоў, на якога, паводле суду, навяла паклёп Яна Палякова, сьцьвярджаючы, што гэты міліцыянт зьбіў яе ў райаддзеле, 9 сакавіка адмаўляўся камэнтаваць сытуацыю са сьмерцю Яны Паляковай. Сёньня я спрабаваў даведацца, ці апыталі ў пракуратуры Віктара Пугачова з прычыны самагубства Яны Паляковай. Аднак датэлефанавацца да былога міліцыянта не ўдалося: сваякі адказваюць, што Пугачова няма дома.

На пахаваньні Яны Паляковай, якое адбылося ўчора, 9 сакавіка, на Дубейскіх могілках пад Салігорскам, людзі патрабавалі дэталёвага расьсьледаваньня абставінаў, якія падштурхнулі Яну Палякову да самагубства. Знаёмая Паляковай Зінаіда Цімошык згадвала, што чула ад Яны пра начныя званкі з пагрозамі.

Маглі і ў 2 ночы пазваніць ды выклікаць яе на допыт.
“На судовым працэсе Яна прасіла, каб дасьледавалі званкі ёй зь міліцыі. Маглі і ў 2 ночы пазваніць ды выклікаць яе на допыт. Тут у любога чалавека нэрвы могуць ня вытрымаць”.

Судзьдзя Аляксандар Бураўцоў скаргі Яны Паляковай на гэтыя пагрозы не прыняў пад увагу, паведаміла Зінаіда Цімошык.

Пра тое, што Яну Палякову маглі выклікаць ноччу на допыт, паведаміла і маці нябожчыцы, Неаніла Палякова.

“Апошні раз, памятаю, Дзяшук пазваніў. Гэта было а палове на 11-ю. Яна пайшла. Потым зноў нехта пазваніў. Кажу: яна яшчэ не вярнулася, а вы хто? Адказваюць, што з пракуратуры. Маглі потым і ў чатыры гадзіны пазваніць. Яна жартавала: “Ну вось, мама, гэтак яны забаўляюцца. Клаўнэсу зь мяне зрабіць хочуць”.

Паводле Неанілы Паляковай, у моргу, дзе дасьледавалі цела Яны, была зробленая экспэртыза, стандартная для выпадкаў самагубстваў. Вынікі экспэртызы жанчыне невядомыя. Неаніла Палякова адзначае, што сьледчых не зацікавілі рэчавыя доказы самагубства яе дачкі. У прыватнасьці, плецены павадок, на якім Яна Палякова павесілася, дагэтуль застаецца ў хаце.

У другой палове дня Тацяна Калініна з прэсавай службы пракуратуры Менскай вобласьці паведаміла наступную інфармацыю:

“Праверка па факце самагубства Паляковай Яны Вітальеўны праводзіцца пракуратурай Салігорску паводле артыкула 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ”.

Паводле Тацяны Калінінай, такая праверка можа весьціся 3 альбо 10 дзён, а пры патрэбе і болей за месяц. Праверка самагубства Яны Паляковай яшчэ не завершаная, сказала супрацоўніца Менскай абласной пракуратуры.



Нагадаем, праваабаронца з Салігорску Яна Палякова раніцай 7 сакавіка была знойдзеная ў пятлі. Невядома, ці пакінула Яна Палякова перадсьмяротную запіску. Маці нябожчыцы, а таксама шмат хто зь яе сяброў і аднадумцаў кажуць пра трывалы перасьлед Яны Паляковай з боку супрацоўнікаў міліцыі і пракуратуры Салігорску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG