Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што давяло да самагубства Яну Палякову?


Валер Карбалевіч
Самагубства салігорскай праваабаронцы Яны Паляковай стала пэўным адлюстраваньнем грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне. У чым прычыны канфлікту жанчыны зь мясцовымі ўладамі? Як ацаніць судовы працэс, прысуд Яне Паляковай? Чаму мясцовыя праваахоўныя органы дзейнічаюць так безадказна?

Удзельнікі: грамадзкая актывістка Ларыса Насановіч з Салігорску і праваабаронца Валянцін Стэфановіч зь Менску.

У чым прычыны канфлікту Паляковай зь мясцовымі ўладамі?

Валер Карбалевіч: “Жахлівая трагедыя ў Салігорску падштурхоўвае да таго, каб яшчэ раз паставіць пытаньне аб дзейнасьці праваахоўных органаў, іх адпаведнасьці сваёй місіі. Паводле інфармацыі незалежных мэдыяў, канфлікт Яны Паляковай зь мясцовымі ўладамі, найперш зь міліцыяй, цягнуўся пэўны час. Яна скардзілася на пагрозы, перасьлед, зьбіцьцё. Наколькі гэта было зьвязана зь яе грамадзкай дзейнасьцю? На чым грунтаваўся гэты канфлікт?”

Ларыса Насановіч: “Канфлікт Яны з уладай пачаўся 10 гадоў таму. Як шмат людзей з вышэйшай адукацыяй і дэмакратычнымі поглядамі, Палякова страціла працу. Яна шмат каму аказвала прававую дапамогу.

Па вэрсіі Паляковай, яе затрымаў капітан міліцыі Пугачоў, заштурхнуў у машыну, прывёз у аддзяленьне міліцыі, ударыў некалькі разоў. Сам Пугачоў адмаўляе гэта. Палякова падала заяву ў пракуратуру, каб прыцягнуць да адказнасьці капітана міліцыі Пугачова за яе зьбіцьцё. Пракурорская праверка не знайшла пацьверджаньня фактаў. Была ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да самой пацярпелай“.

Жорсткі прысуд

Карбалевіч: “Зьвернемся да сытуацыі з судом. Суд пакараў Палякову за нібыта «хлусьлівы данос» 2,5 гадамі абмежаваньня волі. Гэта і паслужыла прычынай самагубства жанчыны. Як можна пракамэнтаваць гэты судовы працэс, прысуд?”

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч: “З маёй практыкі не прыгадаю выпадкаў, каб па скаргах грамадзкіх актывістаў на перавышэньне супрацоўнікамі міліцыі службовых паўнамоцтваў пракуратура прыйшла да высновы, што факты пацьвердзіліся, і ўзбудзіла крымінальную справу. Хоць фактаў такіх дзеяньняў міліцыянтаў шмат.

У дадзеным выпадку, калі супрацоўнік міліцыі палічыў, што ў адносінах да яго быў распаўсюджаны паклёп, то дастаткова было б грамадзянскай адказнасьці Паляковай па пазове аб абароне гонару і годнасьці. А той прысуд, які вынесены, вельмі жорсткі.

Увогуле сама сытуацыя досыць небясьпечная ў тым сэнсе, што ўлады могуць у будучыні выкарыстоўваць такі мэханізм пакараньня грамадзян, якія будуць скардзіцца на дзеяньні праваахоўных органаў, паводле той жа схемы, як з Паляковай“.

Насановіч: “Атмасфэра вакол яе была жудаснай”

Насановіч: “На судовым працэсе было дзіўна, што Яна адмовілася ад апошняга слова. Яна казала: «Рабіце, што хочаце». У мяне склалася ўражаньне, што хтосьці быў моцна зацікаўлены, каб апошнімі месяцамі ня даць Паляковай палепшыць свой душэўны стан. Яна прыйшла на суд хворай фізычна. Няспынны псыхалягічны ціск таксама адбіваўся на яе паводзінах.

Шмат людзей у Салігорску таксама лічаць, што прысуд вельмі жорсткі, нават калі Палякова і ня мела рацыі. Калі пакараньне вельмі жорсткае, яно само ператвараецца ў злачынства.
Калі пакараньне вельмі жорсткае, яно само ператвараецца ў злачынства.
Магчыма, на прыкладзе Яны ўлада імкнулася адбіць ахвоту ўвогуле скардзіцца на міліцыянтаў з боку дэмакратычных актывістаў. І адначасова скампрамэтаваць іх у вачах міжнароднай супольнасьці.

У мяне ўражаньне, што хтосьці з кіраўніцтва ўважліва адсочваў і вёў гэтую справу. Яе падштурхоўвалі да гэтага фатальнага кроку. Нехта ёй тэлефанаваў з пагрозамі, штурхаў яе на вуліцы, абражаў. Атмасфэра вакол яе была жудаснай“.

Карбалевіч: “Падчас дыскусіі ў інтэрнэце людзі зьвяртаюць увагу, што нават калі Палякова і вінаватая, то прысуд несувымерны з учынкам. Прыводзяць прыклад, што міліцыянты, якіх судзілі за «жывы шчыт», атрымалі ўмоўнае пакараньне. Альбо гэтая скандальная гісторыя з трыма мужыкамі ў вёсцы Пухавічы, якія забілі аднавяскоўца, а за іх заступіўся Лукашэнка. «Нельга іх саджаць», — патрабаваў ён. Атрымліваецца, што за забойства саджаць нельга, а за «хлусьлівы данос» — 2,5 года «хіміі»”.

Урокі салігорскай трагедыі

Карбалевіч: “Вось сп-ня Насановіч адзначыла, што хтосьці з кіраўніцтва вёў гэтую справу. Наўрад ці загад расправіцца з Паляковай быў з палітычнага верху. Хутчэй гэта ініцыятыва мясцовых праваахоўных органаў, якія абараняюць сваё ўсёўладзьдзе ад усялякага пратэсту і супраціву. Складаецца ўражаньне, што гэтая рэпрэсіўная сыстэма ў правінцыі кіруецца ўжо ўласнымі карпаратыўнымі інтарэсамі, шкодзячы палітычным інтарэсам Лукашэнкі і ягонаму рэжыму. Як вы лічыце?”

Стэфановіч: “Гэтая сытуацыя высьвеціла некалькі глябальных праблемаў.
Ня толькі няма грамадзянскага кантролю над сілавымі структурамі, але ўвогуле ўлада не кантралюецца народам.
Па-першае, ня толькі няма грамадзянскага кантролю над сілавымі структурамі, але ўвогуле ўлада не кантралюецца народам. Мясцовая ўлада не выбіраецца, а прызначаецца. Створаная сыстэма карпаратыўнай зацікаўленасьці, асабліва ў рэгіёнах.

Таму першымі крокамі па дэмакратызацыі павінны быць стварэньне незалежнага суду і рэформа мясцовага самакіраваньня, каб мясцовая ўлада выбіралася людзьмі.

Павінен быць грамадзянскі кантроль над сілавымі структурамі. Невыпадкова ў шмат якіх дэмакратычных краінах паліцыяй кіруе не прафэсійны афіцэр паліцыі, а цывільны палітык. Такім чынам разбураецца карпаратыўная зьвязка”.

У правінцыі — сваволя

Стэфановіч: “Па-другое, адбываецца маральнае зьнішчэньне людзей з дапамогаю дзяржаўных мэдыяў. Гэта асабліва небясьпечна, калі гэтыя мэдыі зманапалізаваныя. І ня ўсе людзі вытрымліваюць гэтае цкаваньне, вось Палякова ня вытрымала.

Па-трэцяе, некаторыя закідаюць апазыцыі тое, што яна працягвае жыць у катэгорыях халоднай грамадзянскай вайны. Магчыма, гэта і так. Але ўлада павінна паказаць першай прыклад, зрабіць крок насустрач”.

Насановіч: “Думаю, што ўся гэтая справа была арганізаваная з ініцыятывы мясцовых уладаў. Сапраўды, часта інтарэсы мясцовай намэнклятуры не супадаюць з інтарэсамі дзяржавы.
Прадстаўнікам дэмакратычнай супольнасьці трэба быць больш уважлівымі, падтрымліваць адзін аднаго.
Прадстаўнікам дэмакратычнай супольнасьці трэба быць больш уважлівымі, падтрымліваць адзін аднаго.

Тое, што адбываецца ў правінцыі — гэта сваволя. Замест закону тут пануе старшыня выканкаму, начальнік міліцыі, кіраўнік буйнога прадпрыемства.

Палякова была здольным юрыстам. Гэта падкрэсьліваюць усе, хто зьвяртаўся да яе па дапамогу. Яна страціла працу таму, што не хацела прыніжацца перад уладай, адстойваючы правы работніц фабрыкі «Надзея». Гэтая гісторыя патрабуе расьсьледаваньня. Тут шмат цёмных плямаў, таямніц”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG