Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А палове на дзевятую раніцы да лідэра грамадзкай ініцыятывы “Астравецкая атамная – гэта злачынства”, Міколы Уласевіча, дамоў прыйшлі міліцыянты з панятымі. Хатні тэлефон Івана Крука – не адказвае.


Іван Крук
Яшчэ ў мінулую пятніцу да астравецкіх актывістаў, якія выступаюць супраць будаўніцтва АЭС, наведваліся міліцыянты. Яны мелі пры сабе дазвол раённага пракурора на агляд кватэраў.

У Міколы Уласевіча нікога не было ў хаце, а сын Івана Крука адмовіўся каго-небудзь без дазволу бацькі пускаць у кватэру.

У панядзелак Іван Крук сам наведаў пракурора і той, зь яго слоў, патлумачыў, што ордэр быў выдадзены ў сувязі з выхадам у рэгіёне незарэгістраванага выданьня “Астравецкі весьнік”.

Нагадаю, што “Астравецкі весьнік” самастойна выдалі чальцы аргкамітэта грамадзянскай ініцыятывы “Астравецкая атамная – гэта злачынства”.

«Астравецкі весьнік»
Выданьне выйшла на чатырох старонках, фарматам А4, накладам 299 асобнікаў, на беларускай і расейскай мовах. У першым нумары выданьня зьмешчаны матэрыялы скіраваныя супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Сябры аргкамітэту лічаць, што АЭС "па азначэньні ня можа быць пабудаваная ў самай сейсманебясьпечнай зоне, якой зьяўляецца Астравецкі раён Гарадзенскай вобласьці". Аб гэтым гаворыцца ў матэрыяле старшыні аргкамітэту Міколы Ўласевіча.
Нагадаю, што сябры аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы “Астравецкая атамная – гэта злачынства” ужо неаднаразова зьвярталіся да мясцовых уладаў з тым, каб яны дазволілі правесьці пікеты, сустрэчу з навукоўцамі з мэтай давесьці да людзей марнасьць ідэі пабудовы станцыі ў іх раёне.

Усе разы ім было адмоўлена. Акрамя гэтага, мясцовая раёнка, адмовілася зьмяшчаць на сваіх старонках матэрыялы чальцоў аргкамітэту, у якіх крытыкавалася пазыцыя беларускіх уладаў у дачыненьні будаўніцтва АЭС.

“Усе гэтыя прычыны й сталі нагодай для зьяўленьня новага выданьня” – падкрэсьліў Мікола Уласевіч.

Спадары Крук і Уласевіч напісалі скаргу на дзеяньні раённага пракурора Генэральнаму пракурору.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG