Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў першы нумар газэты “Астравецкі весьнік”. Ён прысьвечаны праблеме будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне і спробам мясцовай грамадзкасьці супрацьстаяць яму.

Новае выданьне рэдагуе дэмакратычны актывіст Мікалай Уласевіч, а падрыхтавана яно было пры дапамозе Эдуарда Брокарава з Магілёўшчыны, які выдае “Горацкі выбар”.

Мікалай Уласевіч вучыўся газэтнай справе ў калегаў з Горак. Эдуард Брокараў кажа: у першым нумары ўсіх неабыякавых людзей рэдакцыя запрашае далучацца да пашырэньня новага выданьня, чытачоў заклікаюць таксама дасылаць допісы.

Брокараў: “Пасьля там стаіць матэрыял пра тое, што прадстаўнік руху «За свабоду» выступіў у Сойме Літвы з нагоды магчымага будаўніцтва АЭС. Далей надрукаваны адкрыты ліст Мікалая Ўласевіча да Аляксандра Лукашэнкі, дзе спадар Уласевіч выказвае сваю пазыцыю ў зьвязку з магчымым будаўніцтвам АЭС і заклікае кіраўніцтва краіны адмяніць гэтае рашэньне. Там стаіць апытаньне жыхароў Астравеччыны, якія выказваюцца супраць будоўлі”.

Ёсьць таксама матэрыялы замежныя. У прыватнасьці — дасьледаваньне нямецкіх дактароў, якія сьцьвярджаюць, што ў радыюсе некалькіх кілямэтраў ад АЭС у дзяцей у два разы часьцей здараюцца анкалягічныя захворваньні.

А тыя, хто граматны, службоўцы, — яны баяцца ставіць подпісы, хоць яны адназначна за тое, каб не будаваць атамную станцыю.
Як вядома, прамысловасьці на Астравеччыне асаблівай няма, заробкі невялікія, і ўлады пераканалі насельніцтва, што атамная станцыя будзе гарантаваць новую працу і добрыя заробкі. Хто ж тады сёньня застаецца супраць будаўніцтва АЭС, хто не баіцца ставіць свае подпісы? — пацікавіўся я ў рэдактара “Астравецкага весьніка” Мікалая Ўласевіча.

Мікалай Уласевіч
Уласевіч: “Тыя людзі, якія добра ўсьведамляюць небясьпеку АЭС, яны гатовыя выступаць супраць, але яны зьвязаныя па руках і нагах кантрактнай сыстэмай, што не дазваляе ім зрабіць мужны крок і паставіць свой подпіс. А па сутнасьці, подпісы ставіць невялікая частка людзей, якія ўсё добра разумеюць і не зьвязаныя зь дзяржавай — ні працай і ніякімі іншымі сувязямі, якія маглі б ускладніць іх далейшае існаваньне. Людзі адносна свабодныя ставяць подпісы. А тыя, хто граматны, службоўцы, — яны баяцца ставіць подпісы, хоць яны адназначна за тое, каб не будаваць атамную станцыю. Вось такі парадокс у дадзенай сытуацыі назіраецца”.

Мікалай Уласевіч падкрэсьлівае: “«Астравецкі весьнік» — гэта газэта, якая накіравана на тое, каб людзі зразумелі, што атамная станцыя — гэта вялікая небясьпека”.
XS
SM
MD
LG