Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Банкіры: 2008-ы будзем згадваць як самы ўдалы


1 сакавіка ў спартова-аздараўленчым комплексе “Юнацтва” пад Менскам прадстаўнікі банкаўскай сыстэмы падсумоўвалі дасягненьні 2008 году, рабілі прагнозы на год бягучы і палілі пудзіла крызісу. Зь якім настроем фінансісты перажылі пачатак 2009 году?


Нефармальная сустрэча супрацоўнікаў банкаў, лізінгавых і страхавых кампаній была абстаўленая ў духу расейскай “масьленіцы”: з перацягваньнем канату, распальваньнем на хуткасьць вогнішча, традыцыйнымі блінамі і гарбатай. Беларускі калярыт прыўнесьлі хіба кавалі, якія шпарка гандлявалі падковамі на “пэрспэктыўнае шчасьце”, ды стылізаваныя пад рыцараў сябры гістарычнай суполкі, якія не тушаваліся перад “гідрай сусьветнага крызісу”.

А вось праблемы, зь якімі пры канцы мінулага году давялося сутыкнуцца фінансістам, па сутнасьці, пазбаўленыя нацыянальных рысаў і характэрныя для бальшыні краінаў сьвету.

Альгердас Табатадзэ, старшыня праўленьня “Хоўм Крэдыт банку”, аднаго зь лідэраў у крэдытаваньні фізычных асобаў у Беларусі, у пачатку 2009-га канстатуе істотны адкат фінансавай справы. Ці можна на гэтым тле мінулы год лічыць пасьпяховым ужо паводле вызначэньня?

“Канечне, можна. Я думаю, любы так скажа. І ня ведаю, хто скажа інакш. 2008-ы, на маё меркаваньне, будзе яшчэ доўга пікам ва ўсім, на яго яшчэ доўга будуць спасылацца. Такое адчуваньне, што мінулы год будуць успамінаць як самы ўдалы год увогуле, можа нават будуць рабіць гэта на працягу яшчэ цэлага дзесяцігодзьдзя. Калі мы гаворым пра банкі, то адназначна: першыя два месяцы гэтага году вельмі цяжкія, складаныя. Мы гэта ўсё адчуваем на сабе”.

У першы дзень вясны спыніць распаўзаньне сусьветнай навалы мусіла сымбалічнае спальваньне пудзіла крызісу: сухая салома згарэла імгненна і, натуральна, менавіта на такую хуткасьць у вырашэньні праблемаў хацелася б спадзявацца дзелавым людзям. Ці будзе ў прыватнасьці спадар Табатадзэ пасьля такой “экзэкуцыі” спаць спакойна?

“Сьмяецца. Будзем, канечне, спадзявацца на лепшае. Але адчуваньне ўскладненьня сытуацыі прысутнічае ва ўсім, ва ўсіх момантах. Дапусьцім, наша арганізацыя арыентуецца на спажывецкае крэдытаваньне. Фундаваньне ў нас добрае, няма з гэтым пытаньняў, Захад спраўна фундуе наш банк. Але ж ідзе спад спажывецкага попыту! Ёсьць, праўда, пэўная сэзоннасьць у актыўнасьці спажыўцоў, у гандлі ўсё гэта ідзе дзесьці побач. Дык вось, у лютым спад назіраўся і заўсёды. Але, тым ня меней, спад у параўнаньні з леташнім пэрыядам досыць значны”.

Арганізатарам неафіцыйнай сустрэчы банкіраў у комплексе “Юнацтва” выступіў фінансавы партал infobank.by. Аналітыкі пасьля падсумаваньня вынікаў народнага галасаваньня ўзнагародзілі банкі, страхавыя і лізінгавыя групы, якія па выніках мінулага году выклікалі прыхільнае да сябе стаўленьне з боку кліентаў. Намінацыяў аказалася багата, таму без узнагародаў амаль ніхто не застаўся. Прысутныя журналісты палічылі такую шчодрасьць у пэўным сэнсе авансам, бо ніхто не ўзяўся прагназаваць, ці давядзецца казаць пра нейкія асаблівыя посьпехі праз год.

Кіраўніца групы аналітыкаў парталу infobank.by Кацярына Сьмірнова лічыць, што мінулагоднія вынікі пераўзысьці наўрад ці каму ўдасца. Аднак нагоды да масавага зыходу з дыстанцыі ўдзельнікаў рынку ня бачыць – стабільна цяжкі “пацыент” пры адпаведных умовах мае шанцы на рэабілітацыю:

Кацярына Сьмірнова
“Гэта ўжо зразумела, што ў 2008 годзе яшчэ ў беларускіх банках неяк не адчуваўся той крызіс, які ўжо гуляў у Расеі. Аднак пачатак 2009 прадэманстраваў: усе тыя засьцярогі, якія былі летась, у прынцыпе, апраўдваюцца. Але, скажам, якіхсьці складаных, шокавых наступстваў у разьвіцьці крызісу бліжэйшым часам, мне здаецца, ня варта чакаць і баяцца. Таму што наша сыстэма дастаткова стабільна працуе. Увогуле тут усё трэба разглядаць з гледзішча мэдычнага дыягназу: стан пацыента стабільна цяжкі. І, адпаведна, усё, што гэты стан мае на ўвазе”.

Якія тэндэнцыі ў галіне фінансавых адносінаў на гэты момант самыя відавочныя? Вось меркаваньне Кацярыны Сьмірновай:

“Ужо шмат якія ўстановы пачалі адчуваць на сабе (і, пэўна, усё будзе толькі нарастаць) праблему неплацяжоў, праблему ўзрастаньня дэбіторскай запазычанасьці. На мове банкаў гэта называецца “праблемай даверу”. Прасьцей кажучы, раней многія зьдзелкі можна было ажыцьцяўляць да аплаты, цяпер жа ўсё робіцца пад жорсткія гарантыі. Шмат якія суб’екты гэта ўжо адчулі ці пачалі адчуваць цяпер, і гэта будзе выключна ўзрастаць. Як хто будзе з гэтага выходзіць – пытаньне адкрытае. Хтосьці, натуральна, здолее ўключыць нейкія ўнутраныя рэзэрвы і перарасьці крызіс, але хтосьці, канечне, ня зможа”.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG