Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Аматар прыроды зь вёскі Вільча Жыткавіцкага раёну Аляксандар Танчынскі ўзьнімае трывогу з прычыны высечкі лесу ў ляндшафтным заказьніку рэспубліканскага значэньня “Сярэдняя Прыпяць”. Раней ён зьвяртаў увагу чыноўнікаў на зьнішчэньне двух гняздоўяў чорнага бусла й высечку кляновых гаёў на левабярэжжы ракі Случ. Гэтым разам яго абурыла тое, што гаспадарнікі з Жыткавіцкага лясгасу запусьцілі тэхніку ў асабліва ахоўныя кварталы заказьніка “Сярэдняя Прыпяць”, дзе й без таго ўчынена нямала шкоды.

СЛУХАЦЬ:


Танчынскі: “Хацелі яшчэ высякаць маладую дзялянку, якую я ня даў. Калі паднялі шум, то яны перавялі яе як быццам у дзялянку для санітарнай высечкі. Там і клён, і ясень, і дубок, і асіна — усё ўперамешку. Я патрабую, каб спынілі ўсе працы з дапамогай тэхнікі на тэрыторыі біялягічнага заказьніка. Калі патрэбна санітарная высечка, няхай лясгас аддае дзялянкі людзям на дровы. Людзі ж сядзяць бяз дроў”.

Паводле грамадзкага абаронцы прыроды, лесагаспадарнікі й без таго груба абыходзіліся з ахоўнай тэрыторыяй:

“Яны там і так шмат чаго нарабілі: зьнішчылі ў 2006 годзе два гняздоўі чорнага бусла. Бо як гнёзды будуць, то дзялянку не адвядзеш. Прыбралі гнёзды, а мне заявілі, што не было ніякіх гнёздаў”.

Інжынэр па ахове лесу Жыткавіцкага лясгасу Аляксандр Галавач вельмі эмацыйна рэагуе на прэтэнзіі вяскоўца да паводзінаў лесагаспадарнікаў на тэрыторыі заказніка:

“Гэты Танчынскі ўсіх дастаў! У нас была інвэнтарызацыя месцаў гнездаваньня чорнага бусла. Мы гэтыя месцы бяром пад ахову. У адпаведнасьці з правіламі вакол іх забараняецца высечка дрэваў у радыюсе трыста мэтраў. Мы самі імкнёмся захоўваць усё гэта. На заказьнік «Сярэдняя Прыпяць» ёсьць палажэньне. Там усё сказана пра рэжым, лесакарыстаньне й гэтак далей”.

На тэрыторыі заказьніка “Сярэдняя Прыпяць”, які цягнецца паўз раку Прыпяць ад Пінска да Турава, гняздуюцца 52 віды птушак, занесеных у Чырвоную кнігу. Чорны бусел сярод іх — асабліва рэдкі від.

Сытуацыю камэнтуе біёляг з Турава Іна Зеніна:

“Усе ведаюць, што блізу ракі нельга нічога высякаць, тым больш у прыродаахоўнай зоне. Эканамічна й экалягічна гэта ніяк не апраўдана. Проста тут няма належнага кантролю. Магчыма, тыя структуры, якія павінны наглядаць за ахоўнымі тэрыторыямі, яны альбо халатна да гэтага ставяцца, не выконваюць свае абавязкі, альбо робяць спэцыяльна, нейкую карысьць з гэтага маючы. Да гнязда ахову не прыставіш. Іх павінны ахоўваць лесакарыстальнікі. А што ім тое гняздо? Яны зь яго нічога ня маюць. Іншая рэч — напілаваць драўніны”.
XS
SM
MD
LG