Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародныя перавозчыкі рыхтуюцца да банкруцтваў


Незапатрабаванасьць на расейскім рынку тавараў з Магілёўшчыны прывяла да падзеньня попыту на міжнародныя транспартныя паслугі. Перавозчыкі не чакаюць паляпшэньня сытуацыі, а рыхтуюцца да найгоршага — масавых банкруцтваў.


Да дзевяноста працэнтаў магілёўскіх перавозчыкаў працуюць на расейскі рынак. У сярэднім, як яны самі кажуць, кошты на іхнія паслугі зьнізіліся ў паўтара-два разы.

“Цяпер расейцы не набываюць нашыя прамысловыя тавары зусім. Складзкія памяшканьні нашых вытворчасьцяў загружаныя. То бок няма збыту — адпаведна, ніхто не замаўляе транспарт. А паколькі ўсе хочуць працаваць, значыць, попыт на працу перавышае прапанову, таму й цэны ўпалі. Сабекошт перавозак упаў, аднак нават гэта застаецца незапатрабаваным, бо няма працы”, — тлумачыць супрацоўнік прыватнага магілёўскага транспартнага агенцтва.

Паводле суразмоўцы, у ягонай арганізацыі заклапочаныя такой сытуацыяй, аднак выйсьця зь яе ня бачаць. Ён не выключае найгоршага — згортваньня бізнэсу.

З наступствамі крызісу сутыкнуліся і ў дзяржаўных транспартных арганізацыях. Гаворыць супрацоўнік адной зь іх:
Калі крызіс пачне мацнець, частка перавозчыкаў збанкрутуе

“Таваразварот значна зьменшыўся між дзяржавамі. Адпаведна дужа ўпалі стаўкі на перавозкі. Наагул, цяпер праца прыносіць страты ў асноўным. Калі крызіс пачне мацнець, частка перавозчыкаў збанкрутуе. Можа, гэта прывядзе да павелічэньня ставак. Пакуль жа ўсё дрэнна”.

Падзеньне цэнаў на паліва ня надта дапамагае перавозчыкам, прызнае супрацоўнік дзяржаўнага транспартнага агенцтва:

“Калі, да прыкладу, падзеньне ставак выклікала павелічэньне платы за перавозку на паўтары тысячы даляраў ці эўра, то падзеньне цаны на паліва ўсяго зьменшыла выдаткі на дзьвесьце-трыста”.

На Магілёўшчыне міжнародныя транспартныя й пасажырскія паслугі аказваюць некалькі дзясяткаў арганізацыяў. У гэтай сфэры бізнэсу занятыя да трох тысяч чалавек. Якая частка зь іх збанкрутуе, пакуль невядома.

Што да складзкіх запасаў, то іхні сумарны кошт ацэньваецца ў 570 мільярдаў рублёў. За першыя два месяцы іх паболела на 22 мільярды рублёў.
XS
SM
MD
LG