Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ноке: Беларусі варта адмовіцца ад канцэнтрацыі ўлады


Дэлегацыя эўрапейскіх омбудсмэнаў
Дэлегацыя эўрапейскіх омбудсмэнаў

Завяршыўся візыт у Менск упаўнаважанага ўраду Нямеччыны ў Фэдэральным міністэрстве замежных спраў па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе Гюнтэра Ноке і амбасадараў па правах чалавека з Даніі — Арнольда Крысьціяна дэ Фін Скібстэд, зь Фінляндыі — Кары Кахілуота і з Галяндыі — Ар’яна Гамбургера. Эўрапейскія омбудсманы сустракаліся з прадстаўнікамі ўладаў, апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.


СЛУХАЦЬ:


Нефармальным лідэрам групы эўрапейскіх омбудсманаў у Менску быў упаўнаважаны ўраду Нямеччыны ў Фэдэральным міністэрстве замежных спраў па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе Гюнтэр Ноке. Па-першае ён ужо бываў у Беларусі ў 2006 годзе, а па-другое, ён паходзіць з былой ГДР, а таму шмат якія беларускія рэаліі яму лепш зразумелыя, чым калегам з Даніі ці Галяндыі.

Гюнтэр Ноке па выніках сваіх сустрэч у Менску заўважыў у Беларусі пэўную лібэралізацыю:

Гюнтэр Ноке
"У мяне ёсьць адчуваньне, што, калі можна спакойна хадзіць па горадзе, сустракацца з апазыцыяй і прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў, то сытуацыя нейкім чынам лібэралізуецца. Але калі браць пад увагу становішча ва ўладнай сыстэме, у сродках масавай інфармацыі, у заканадаўстве, у парлямэнце, то я настроены больш скептычна наконт таго, што тут адбываюцца сутнасныя зьмены”.

На сустрэчы зь беларускімі журналістамі спадар Ноке заявіў, што Беларусі трэба адмовіцца ад празьмернай канцэнтрацыі ўлады ў руках прэзыдэнта і перайсьці да рэальнага падзелу галінаў улады. Патрэбныя, на ягоную думку, і іншыя пераўтварэньні:

“У Беларусі яшчэ застаюцца вялікія праблемы ў галіне свабоды СМІ і свабоды сходаў. Таксама ўтварэньне партыяў і рэгістрацыя няўрадавых арганізацыяў залежаць ад волі чыноўнікаў ці ад нормаў заканадаўства, якія хутчэй перашкаджаюць, чым дапамагаюць таму, каб тут узьнікла адкрытае і свабоднае грамадзтва”.

Паводле палітоляга Віталя Сіліцкага, які сустракаўся з эўрапейскімі омбудсманамі, апошнія выявілі абазнанасьць з сытуацыяй у Беларусі і сапраўдную цікавасьць да яе:

Віталь Сіліцкі
“Яны не чыноўнікі Эўразьвязу, яны меней зьвязаныя нейкімі абавязаньнямі перад нейкай палітыкай партыі ці ўраду ў Брусэлі. Яны не праводзяць палітычную лінію, яны прыехалі як назіральнікі і былі даволі адкрытымі і шчырымі”.

Справаздача спадара Ноке і ягоных калегаў будзе ўлічаная Эўразьвязам пры разглядзе ў сакавіку пытаньня аб санкцыях супраць беларускага кіраўніцтва, якія летась былі замарожаныя на паўгода.

Старшыня БХК Алег Гулак таксама меў сустрэчу з эўрапейскімі омбудсманамі. Ён перакананы, што такія візыты карысныя для агульнай сытуацыі з правамі чалавека ў краіне:

Алесь Гулак
“На маю думку, вельмі важна, што гэтыя людзі прыехалі. І правільна падкрэсьліваў нямецкі амбасадар, што важна, каб ня толькі палітыкі ацэньвалі, а менавіта людзі, якія займаюцца правамі чалавека ў Эўропе, давалі такую неафіцыйную ацэнку сытуацыі. І каб яны былі гатовыя супрацоўнічаць дзеля разьвіцьця сытуацыі ў лепшы бок у Беларусі. Гэта вельмі важна, і, на маю думку, пачатак гэтага шляху пакладзены”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG