Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гюнтэр Ноке: “Зьмены ў Беларусі малаістотныя”


Гюнтэр Ноке

Гюнтэр Ноке

У Менску з двухдзённым візытам знаходзяцца ўпаўнаважаны ўраду Нямеччыны ў Фэдэральным міністэрстве замежных спраў па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе Гюнтэр Ноке і амбасадары па правах чалавека з Даніі — Арнольд Крысьціян дэ Фін Скібстэд, зь Фінляндыі — Кары Кахілуота і з Галяндыі — Ар’ян Гамбургер. Эўрапейскія омбудсманы прыехалі, каб атрымаць інфармацыю наконт разьвіцьця ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі пасьля леташняга вызваленьня палітвязьняў і выбараў у Палату прадстаўнікоў.

СЛУХАЦЬ:


У працоўным графіку візыту нефармальнай групы эўрапейскіх омбудсманаў — сустрэчы з намесьнікам міністра ўнутраных спраў Беларусі Анатолем Куляшовым, намесьніцай міністра юстыцыі Алай Бадак, а таксама гутаркі з прадстаўнікамі апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, палітолягамі.

Упаўнаважаны ўраду Нямеччыны ў Фэдэральным міністэрстве замежных спраў па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе Гюнтэр Ноке апошні раз быў у Беларусі ў 2006 годзе, адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Цяпер ён заўважыў пэўныя зьмены:

Гюнтэр Ноке з дэлегацыяй омбудсманаў

“Вядома, мы можам гаварыць пра пэўную лібэралізацыю тут. Але калі мы гаворым пра сыстэму, пра тое, што такое дыктатура, а што такое дэмакратыя, то я павінен сказаць, што ўсе пытаньні, зьвязаныя з выбарчай сыстэмай, рэгістрацыяй няўрадавых арганізацыяй, празьмернымі паўнамоцтвамі прэзыдэнта і недахопам улады ў іншых інстытутаў, незалежнасьцю судовай сыстэмы, якая не існуе… Ва ўсіх гэтых аспэктах, на маю думку, адбыліся вельмі-вельмі малаістотныя зьмены ў гэтай краіне”.

Дэлегацыя эўрапейскіх омбудсманаў

Паводле спадара Ноке, эўрапейскія омбудсмэны па выніках сваёй паездкі ў Менск напішуць справаздачы сваім урадам, а таксама супольную справаздачу, якая паўплывае на рашэньне Эўрапейскага зьвязу наконт санкцый супраць Беларусі. У сакавіку міністры замежных спраў краін Эўразьвязу маюць вызначыцца, ці працягваць на чарговы тэрмін прыпыненьне санкцый супраць афіцыйнага Менску. “Умовай для поўнага скасаваньня санкцый зьяўляюцца дэмакратычныя рэформы і выкананьне правоў чалавека ў Беларусі”, — зазначыў днямі МЗС Нямеччыны.

Анатоль Ляўковіч, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін на сустрэчы з эўрапейскімі омбудсманамі

Для Беларусі няма магчымасьцяў палепшыць адносіны з Эўразьвязам бяз рэзкіх зьменаў у галіне грамадзкіх і палітычных правоў.
Нямецкі омбудсман Гюнтэр Ноке выказаў сваю рэкамэндацыю беларускаму кіраўніцтву:

“Я лічу, што для Беларусі няма магчымасьцяў палепшыць адносіны з Эўразьвязам альбо стаць сябрам Рады Эўропы бяз рэзкіх зьменаў у галіне грамадзкіх і палітычных правоў для ўсіх жыхароў Беларусі. І мы будзем заклікаць урад Беларусі рухацца наперад у гэтым кірунку. Але мяркую, што гэта немалы шлях для нас”.

Старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі ў ліку іншых апазыцыйных лідэраў сустракаўся з эўрапейскімі омбудсманамі і выказаў ім наступную думку:

“Нашая пазыцыя ў тым, што ў Беларусі павінны адбывацца інстытуцыянальныя зьмены ў бок дэмакратызацыі і выкананьня правоў чалавека. Бяз гэтых зьменаў усё астатняе — імітацыя альбо сыгналы, якія нікога ні да чога не абавязваюць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG