Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышт прадпрымальнікаў у Ваўкавыску, вызваленьне з турмы падазраваных у забойстве на Гомельшчыне, эканамічны крызыс у Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


У Ваўкавыску затрыманыя былыя палітзьняволеныя Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў, а таксама беспрацоўны Ўладзімір Асіпенка. Зараз яны знаходзяцца ў менскай турме на Акрэсьціна, без афіцыйнага тлумачэньня прычын затрыманьня. Тэлефанаваньне слухачкі:

Cпадарыня:
“Ці чулі, хлопцаў ваўкавыскіх
Вядомы стаў учынак нізкі.
Вось плян іх, рыбакам на гора:
Хутчэй спаліць ля Менску мора.
Віна іх — досьлед і снароўка —
На дно схавана выбухоўка.
І каб ня лезьлі ў полымя апяць,
Хай на Акрэсьціна сядзяць
Я тое слухаю ў самоце і журбе,
Бо хлопцам гэтым веру, як сабе”.

Пракуратура Гомельскай вобласьці зьмяніла меру стрыманьня тром жыхарам вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёну, якія абвінавачваюцца ў забойстве аднавяскоўца. Іх вызвалілі з-за кратаў у выніку асабістага ўмяшаньня ў справу Аляксандра Лукашэнкі. Камэнтары слухачоў:

Cпадарыня: “Патрабаваньне Лукашэнкі вызваліць ад адказнасьці людзей, якія сплянавалі і зьдзейсьнілі забойства, стварае вельмі небясьпечны прэцэдэнт. Хто можа даць гарантыю, што заўтра не заб’юць “вашывую блыху” ці апазыцыянэра, які ня тое чытае ці ня тое гаворыць?”

Валер, Барысаў:

“Наконт пухавіцкіх падзей. Што тут казаць?
Выходзіць, і забойцу Захаранкі, Красоўскага, Ганчара трэба без суду забіваць.
Кепская будзе карціна, будзе самасуд панаваць.
А каля адміністрацыі прэзыдэнта будзе гільятына стаяць.
Каб рэзаць апазыцыянэрам галовы, як дровы”.

У Менску экспэрты Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ і экспэрты Нацыянальнага цэнтру заканадаўчай дзейнасьці распачынаюць абмеркаваньне магчымых зьмяненьняў Выбарчага кодэксу Беларусі. Выказваньні слухачоў на гэтую тэму:

Віктар: “У гэтай камісіі павінны ўдзельнічаць прадстаўнікі ўсіх кірункаў, партый, слаёў насельніцтва, грамадзкіх арганізацый. У камісіях усіх узроўняў абавязкова павінны прысутнічаць прадстаўнікі кандыдатаў з абавязковым правам праверкі бюлетэняў. Адмяніць прымусовае і датэрміновае галасаваньне. Я лічу, гэта павінна быць абавязкова”.

Cпадарыня: “Я хачу, каб хоць хто-небудзь адказаў на гэтае пытаньне. Адзін лідэр ідзе за народ, за праўду, за свабоду, другі — ён лічыць сябе лідэрам, але ў яго праўды ня знойдзеш нідзе. Я прашу, хай хто-небудзь з добрых людзей адкажа на гэтае пытаньне”.

Адказвае палітоляг Юры Чавусаў:

“Вось гэты аспэкт лідэрства і канцэнтрацыя ўвагі на пэрсаналіі, а не, да прыкладу, на палітычнай праграме — гэта ня самы лепшы падыход. У дэмакратычнай сыстэме лідэр ня можа быць цэнтрам улады. Справа ж ня ў тым, каб чыёсьці прозьвішча было наверсе. Справа ў зьменах”.

Працягваем праграму выказваньнямі на тэму эканамічнага крызісу.

Міхаіл Бяроза: “Наконт райскага жыцьця на Беларусі. Мы з жонкаю маем па 40 гадоў працоўнага стажу. У аднаго вышэйшая адукацыя, у другога сярэдняя спэцыяльная. Аднак лічу, што пэнсіі ў нас мізэрныя. Вось калі б мы жылі ў поўным дастатку, дык якога д’ябла ў семдзесят год мне патрэбна ламаць хрыбеціну на гэтых сотках?”

Cпадарыня: “Атрымаўшы пэнсію, аплаціўшы ўсе рахункі, грошай ужо няма. 20 тысяч на тры тыдні — гэта ўжо ня крызіс, а сапраўдны сыгнал SOS”.

Cпадар: “Гэты сусьветны крызіс па Эўропе паблукае і трывала асядзе ў Беларусі, Расеі, Украіне. Калі адбудзецца зрух? Калі кожны чалавек зразумее, што ад яго нешта залежыць, ад яго голасу ў выбары? Ад гэтага пачнецца эмацыйны ўздым народу. А пакуль ён прыгнечаны. Нічога не залежыць ад гэтага простага грамадзяніна”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG