Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафта — таньнее, камунальныя паслугі — даражэюць


Хаця кошты паслугаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі вырасьлі ад 1 студзеня, гэта не азначае, што яны ня будуць падвышацца далей. Цана паслугаў наўпрост зьвязаная з цэнамі на энэрганосьбіты, заявіў сёньня першы намесьнік міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Ляпуноў.

Першы намесьнік міністра патлумачыў сытуацыю журналістам так:

Генадзь Ляпуноў
“Ці будуць падвышацца тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі? Усё залежыць ад коштаў энэргарэсурсаў, якія мы імпартуем. Пакуль гэтае пытаньне не абмяркоўваецца. З 1 студзеня гэтага году, паводле Ўказу № 604, цэны на тарыфы і паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі павысіліся. А што будзе далей? Усё залежыць ад коштаў энэрганосьбітаў”, — заявіў Генадзь Ляпуноў журналістам.

Кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук стала займаецца праблемамі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Ён упэўнены, што новыя падвышэньні тарыфаў непазьбежныя.

Яраслаў Раманчук
“Калі даваць датацыі зь бюджэту стане складана, то, безумоўна, урад будзе павялічваць долю кампэнсацыі насельніцтвам коштаў жыльлёва-камунальных паслугаў. Таму гэта толькі першае падвышэньне. І цана газу будзе большая, і на нафце ўжо ня будзе больш такіх вялікіх прыбыткаў.

Таму ўсё прадказальна — хатнія гаспадаркі будуць вымушаныя плаціць за паслугі 10-13% ад усіх выдаткаў сям’і. А за тры апошнія кварталы мінулага году гэтая лічба складала 5%. Гэта адзін з найменшых паказьнікаў у сьвеце. І таму ўрад можа на гэта спасылацца, каб яшчэ раз заявіць пра неабходнасьць павышэньня жыльлёва-камунальных тарыфаў“.

Журналісты спыталіся ў спадара Ляпунова, наколькі адпавядаюць сапраўднасьці чуткі пра тое, што Міжнародны валютны фонд, выдзяляючы Беларусі крэдыт, нібыта ўпісаў у дамову канкрэтную лічбу аплаты насельніцтвам паслугаў ЖКГ. Першы намесьнік міністра адказаў, што ў дакумэнце сапраўды згадваецца перакрыжаванае фінансаваньне паслугаў, аднак ніякіх дакладных лічбаў наконт гэтага ў ім няма.

Эканаміст Раманчук упэўнены: падвышаць кошты на тарыфы ЖКГ трэба. Але нельга браць лічбы са столі. Таму міністэрства павінна было б спачатку сказаць так:

“Перад тым, як іх павялічваць, мы зробім вельмі дакладны аўдыт гэтых выдаткаў. І кожнаму пакажам: у структуры тарыфаў электрычнасьць займае столькі, газ — столькі, нафта — столькі. Мы ўсё гэта спалім, і ў выніку атрымліваем такую канкрэтную лічбу. Але ж манаполіі думаюць толькі пра тое, як сабраць больш грошай — як з прадпрыемстваў, так і з хатніх гаспадарак”.

1 траўня 2009 году пачне дзейнічаць пастанова ўраду пра тое, што людзі, які ня маюць у сваіх кватэрах лічыльнікаў вады, будуць плаціць за ваду ў 2,5 раза болей, чым тыя, хто такія лічыльнікі ўсталяваў, паведаміў чыноўнік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG