Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Бог мяне зьмяніў таксама – навучыў не баяцца”


Чарговая грамадзкая рэдактарка тыдня Марыя Новікава – адна зь пераможцаў праведзенага нашым радыё конкурсу бардаўскай песьні. Намінацыя, дзе Марыі не было роўных, называлася “Свабода на барыкадах”.

Марыя Новікава закончыла музычную вучэльню ў Наваполацку, затым – сталічны пэдунівэрсытэт імя Максіма Танка, цяпер працуе ў школе мястэчка Самахвалавічы, што пад Менскам. Адначасова ўжо тры гады яна – арганістка вядомага на ўсю краіну касьцёлу сьвятых Сымона і Алены.

Сёньня Марыя Новікава расказвае пра свой шлях да Бога.

– Пошук Бога – вельмі важны для мяне. Памятаю сябе 10-11-гадовай, калі малілася заходзячаму сонцу: сонейка, ідзі ў дарогу, сьвяці на тым баку зямлі, але абавязкова ранкам прыйдзі назад... Гэта была, напэўна, прага Бога, толькі я пра тое яшчэ ня ведала. А хрост стаўся празь пяць гадоў, калі перад вучобай удалечыні ад дому маці адвезла мяне ў праваслаўную царкву, дзе ахрысьцілі вадой. А ў вучылішчы пазнаёмілася зь сябрамі-пратэстантамі: іхняя падтрымка і паспрыяла нараджэньню духа.

А вось з канфэсіямі атрымалася блытаніна. Бог у пратэстанцкім варыянце быў для мяне ўсё ж далёкі – там шмат інфармацыі, зьвестак, аднак сэрца гэта не абуджала. Блізкім Бог стаў для мяне ў каталіцкім храме. Там адбылося адчуваньне ягонай блізкасьці, рэальнасьці. Рэальнасьці да сьлёз.

Гэта такое прасьвятленьне, надзвычайнае ўзвышэньне душы. Шчасьце, якое залівае, як кажуць…

Веру я ў рэальнасьць і дзейснасьць любові. Якая ратуе сьвет. Ратуе сваёй шчырасьцю. Адсутнасьцю зла. Чысьцінёй ратуе. Проста існаваньнем сваім. І той, да каго тая любоў дакранулася, проста мяняецца – ён ня можа быць такім, як быў. Ён мяняецца. У лепшы бок.

І вось Бог мяне зьмяніў таксама – навучыў не баяцца.

А яшчэ мне пашчасьціла на касьцельных людзей – шчырых і вельмі дарагіх. Пашчасьціла на сябровак. І – што вельмі ў жыцьці важна – на сустрэчу са сьвятаром, які будзе табе сябрам, чалавекам, да якога можна зьвяртацца па шчырасьці. Такім для мяне ксёндз Дзяніс Шастаковіч – шчыры і, ведаеце, бяз пыхі. Патрэбна, каб быў чалавек, якому можна проста давяраць.

Мне пашчасьціла спаткаць такога. І я памянялася.

Мне стала спакойна жыць. Выпрацаваўся нейкі такі суцэльны аптымізм, як кажуць, радасны погляд на жыцьцё.

І высьветлілася раптам, што я багаты чалавек. Бо маю радасьць творчасьці. Маю добрых сяброў. Цудоўных бацькоў. Пяцёра хросных дзетак і ўвесь сьвет, які дае мне Бог.

А цяпер атрымала гітару ад Радыё Свабода і стаўся поўны камплект: ну што яшчэ трэба для шчасьця?!

У заключэньне – крэда гэтай сваёй веры:

Адкіну ўсё. Адпрэчу ўсе ваганьні!
Адкрыю сэрца я на покліч Твой.
Твая любоў ратуе ад зьмярканьня.
Мой Божа, назаві мяне сваёй!
Пакліч мяне з глыбінь маёй цямрэчы,
З маёй тугі нявер’я і трывог.
Твая любоў мае акрыліць плечы,
Пакліч мяне, пакліч мяне, мой Бог!
Мне больш ня страшна.
Бо калі настане мой крок апошні ў хвалі небыцьця,
Зазьзяе Бог над безданьню сьвітаньнем
І зноў пакліча зь цемры да жыцьця…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG