Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хоць Бог глядзіць на нас разгублена, быць зь ім – класна!”


Марыя Новікава

Марыя Новікава

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня Марыя Новікава – адзін зь пераможцаў абвешчанага нашым Радыё конкурсу бардаўскай песьні, які толькі што завяршыўся. Намінацыя, дзе Марыі не было роўных, называлася “Свабода на барыкадах”.


Спадарыня Новікава закончыла музычную вучэльню ў Наваполацку, затым – сталічны пэдунівэрсытэт імя Максіма Танка, цяпер працуе ў школе мястэчка Самахвалавічы, што пад Менскам. Адначасова ўжо тры гады яна – арганістка вядомага на ўсю краіну Чырвонага касьцёлу.

– Ці папулярная бардаўская песьня сярод сёньняшняй моладзі?

– Не, яна ня надта распаўсюджаная сярод маладых. Больш цікавяцца іхныя бацькі: падчас канцэртаў “дзякуй” чую звычайна ад старэйшага пакаленьня.

– Дарэчы, каго вы самі любіце з бардаў?

– Вельмі падабаюцца песьні Высоцкага – чую там нешта маё…

– А якая сярод іх для вас самая-самая?

– “Я не люблю”…

– …“когда железом по стеклу!”

– Так. А яшчэ ў захапленьні ад творчасьці Іркі Дарафейчук. Дарэчы, яна вучыла мяне іграць на гітары.

– Вы сачыняеце тэксты для сваіх песень, або прыдумляеце вершы?

– Адразу вершы нараджаюцца, а потым пішу на іх музыку.

– На каго з паэтаў вы, што называецца, моліцеся?

– У маёй душы адгукаюцца адразу вельмі многія паэты. А вылучаю сярод іх, у прыватнасьці, Рыгора Барадуліна.

– Вы паэтка беларускамоўная?

– Так.

– Што ў такім разе лічыце каштоўнасьцю нумар адзін для беларусаў?

– Шчырасьць.

– Паэзія вымушае да афарыстычнасьці. Маеце любімы афарызм?

– Ня ведаю, як выкруціцца з гэтым пытаньнем…

– Найбольшы посьпех вашага жыцьця?

– Адкрыцьцё, што Бог ёсьць. І што ён мяне любіць. І што быць з Богам – класна!

– Што набліжае людзей да Хрыста? Інакш кажучы – адкуль зьяўляецца тое самае адкрыцьцё?

– Калі была ў музычнай вучэльні, то пачувала сябе ўдалечыні ад дому вельмі самотнай. Тады і прыйшло адчуваньне Бога – яно дадавала моцы. І дадае дагэтуль.

– Вы пратэстантка?

– Пачынала шлях у веру з пратэстантызму, а потым зразумела: гэта не зусім маё, і сваё месца знайшла менавіта сярод каталікоў.

– Я чуў, вы іграеце на аргане Чырвонага касьцёлу… Гэта патрабуе шмат высілкаў?

– Ня надта, бо я піяністка. Акампанірую да таго ж звычайна хору. Але час ад часу і сама сабе, тады імкнуся, каб у імшы прагучаў цікавы складаны твор. Дарэчы, я і сама сем гадоў сьпявала ў хоры “Голас душы”. Таму фактычна Чырвоны касьцёл стаў для мяне домам, дзе я стала жыву.

– Ува што вы верыце, спадарыня Марыя?

– У Госпада, які стварыў зямлю. Які любіць усіх нас. У Госпада, які глядзіць на нас са спагадай і зь нейкім жалем, разгублена неяк глядзіць...

– А ці ёсьць у вас нейкія адпаведныя паэтычныя радкі?

– Ня буду баяцца:
Ты Бог мой навекі.
Ня буду баяцца,
Бо цемра ня змусіць
Запляміць сумленьне
Пагардай і зьдзекам.
Ты побач, мой Божа,
І я – не баюся…

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG