Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Кулінковіч: “Трымаемся па-за палітыкай”


Аляксандар Кулінковіч

Аляксандар Кулінковіч

Сёньня ў менскім клюбе “Da Club” даў першы сёлета вялікі канцэрт гурт “Neuro Dubel”. Праграму склалі тры дзясяткі найлепшых песень з розных альбомаў. Апроч таго, “Neuro Dubel” прадставіў некалькі зусім новых кампазыцый, якія ўвойдуць у наступны альбом гурту.

Напярэдадні канцэрту Аляксандар Кулінковіч сьціпла расказаў, што першы ў 2009 годзе публічны выступ будзе “сямейным” і мае мэтай асьвяжыць у памяці прыхільнікаў творчасьці “Neuro Dubel” самыя любімыя песьні:

“Будзе даволі вялікі канцэрт. Падаецца, нічога такога звышадметнага ў ім ня будзе, проста першы канцэрт у гэтым годзе — старыя гіты, новыя рэчы. Сёньня таксама прэзэнтуем тры зусім новыя песьні, якія яшчэ ніхто ніколі ня чуў. Яны ўвойдуць ужо ў наступны альбом. А так звычайны, нармалёвы „сямейны канцэрцік“, невялікі. Гэта маленькая заля, там будзе чалавек сто. Адным словам, добры канцэрт для добрых людзей”.

Летась у кампаніі некалькіх іншых гуртоў і выканаўцаў “Neuro Dubel” вярнуўся да паўнавартаснага творчага існаваньня пасьля некалькіх гадоў апалы. У 2004 годзе разам зь іншымі Кулінковіч і кампанія трапілі ў “чорны сьпіс” Міністэрства культуры за ўдзел у канцэрце ў падтрымку дэмакратычных сілаў. Больш за тры гады музыкі былі пазбаўленыя тэле- і радыёэтэру, ня мелі магчымасьці ладзіць канцэрты і запісваць альбомы.

Аднак мінулагодні паход у адміністрацыю прэзыдэнта, дзе была заключаная так званая “міравая” зь дзяржаўнымі ідэолягамі, выклікаў у грамадзтве масу супярэчлівых меркаваньняў. Сам Аляксандар Кулінковіч лічыць, што ад замірэньня выйгралі ўсе. І перадусім — слухачы. Ці адчувальна адбілася лібэралізацыя на творчасьці?

“Канечне.
Мы трымаем сваё слова, нібыта і яны таксама вытрымліваюць свае абяцаньні.
Гэта абсалютная і безумоўная праўда. Мы калі хочам правесьці канцэрт, то можам атрымаць ліцэнзію — калі канцэрт у вялікай залі. У прынцыпе, ніякіх палак у колы пакуль ніхто не ўстаўляе (цьфу-цьфу-цьфу). Таму, па вялікаму рахунку, усё нібыта нармальна. Мы трымаем сваё слова, нібыта і яны таксама вытрымліваюць свае абяцаньні. Прынамсі пакуль што”.

“Цяпер мы займаемся выключна творчасьцю і ў палітыку ня лезем. У сваю чаргу, палітыка ня лезе да нас. І ў прынцыпе ўсе такім раскладам задаволеныя”.



“Neuro Dubel” — адзін з самых вядомых у Беларусі рок-гуртоў. На рахунку каманды — два найвышэйшыя тытулы нацыянальнага конкурсу “Рок-каранацыя”: “Neuro Dubel” прызнаваўся лепшым гуртом у 1998 і 2008 гадах. Таксама двойчы адзначаліся альбомы калектыву, былі перамогі ў намінацыі за “найлепшы кліп” і “найлепшую песьню”.

Сёлета “Neuro Dubel” адзначыць 20-гадовы юбілей.


XS
SM
MD
LG