Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глыбачане — за “Вольнае Глыбокае”


Глыбачане падпісваюцца за вяртаньне газэты “Вольнае Глыбокае”
Глыбачане падпісваюцца за вяртаньне газэты “Вольнае Глыбокае”

Калектыўны зварот з патрабаваньнем вярнуць падпіску на газэту “Вольнае Глыбокае” накіраваны сёньня начальніку Глыбоцкага раённай пошты.

64 подпісы за вяртаньне газэты чытачам цягам дзьвюх гадзін сабраў на гарадзкім кірмашы мясцовы актывіст Руху “За Свабоду” Яраслаў Берніковіч.

Яраслаў Берніковіч
Ліст з подпісамі ён асабіста ўручыў начальніку Глыбоцкага вузла сувязі, папярэдзіўшы яго, што чакае пісьмовага адказу на свой зварот, як гэта прадугледжана беларускім заканадаўствам.

Рэдактар газэты “Вольнае Глыбокае” Ўладзімер Скрабатун кажа, што дагэтуль паштавікі лічылі за лепшае адмоўчвацца. 29 верасьня мінулага году, пасьля таго як было прынята рашэньне аднавіць падпіску і вярнуць у продаж газэты “Народная воля” і “Наша Ніва”, ён ўжо зьвяртаўся да кіраўніка раённай пошты, каб заключыць дамову на падпіску мясцовай незалежнай газэты. Але пісьмовага адказу дагэтуль не атрымаў, адно што пачуў вуснае тлумачэньне накшталт “Ня мы гэта вырашаем”.

Сёньня газэта “Вольнае Глыбокае” мае наклад дзьве тысячы асобнікаў і прадаецца прыватным чынам на мясцовым кірмашы. Паводле спадара Скрабатуна, два гады таму, калі газэта яшчэ была ўключана ў падпісны каталёг, наклад быў ці не ў два разы большы, бо яе выпісвалі й чыталі ня толькі ў Глыбокім, але і ў суседніх раёнах. Але адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006-га году прыйшоў загад скасаваць падпіску на незалежную газэту. Цяпер глыбоцкія актывісты спрабуюць дамагчыся яе аднаўленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG