Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша ніва” і ”Народная воля” вяртаюцца ў ”Белсаюздрук” і беларускія друкарні

З адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі ў рэдакцыі газэт “Наша ніва” і ”Народная воля” паступілі зьвесткі пра тое, што іх уключаць у падпісны каталёг і ў сыстэму распаўсюджваньня “Белсаюздруку”. Акрамя таго, газэты будуць мець магчымасьць друкавацца на тэрыторыі Беларусі. Дамовы з рэдакцыямі будуць заключаныя 24 лістапада.

Намесьніца кіраўніка Менскага абласнога Саюздруку Надзея Чапега паведаміла “Свабодзе”, што дамовы будуць заключаныя адразу пасьля выходных.

“У нас пачынаецца кампанія заключэньня дамоваў на 2009 год. Ад 1 студзеня газэты будуць распаўсюджвацца ў нашай розьнічнай сетцы.

Калі дамову скасуюць, то трэба папярэджваць за месяц, а калі заключаюць, то можна нават 30 сьнежня падпісаць, а з 2 студзеня газэта ўжо будзе ў сетцы. Тут усё залежыць толькі ад выхаду газэты.

“Народная Воля” папрасіла ў сваім лісьце заключыць зь імі дамову тэрмінова. Вось яны да нас прыедуць у панядзелак, і ўжо адразу з наступнага нумару будуць распаўсюджвацца. Газэта будзе выходзіць ужо ў лістападзе”.

Іосіф Сярэдзіч
Рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч паведаміў “Свабодзе”:

“Усе пытаньні вырашаныя станоўча. Друкавацца будзем у Доме друку. Распаўсюджвацца будзем праз шапікі „Белсаюздруку“ і яго абласныя філіі. Ужо вырашана пытаньне й з каталёгам „Белпошты“. Нас туды ўносяць”.

Тры гады газэту распаўсюджвалі добраахвотнікі. Іосіф Сярэдзіч кажа, што рэдакцыя захавае створаную сыстэму распаўсюду на ўсялякі выпадак.

“Мы ж ня дурні. Мы ўсё прадугледжваем. Гэтыя людзі заслужылі вялікай падзякі ня толькі ад рэдакцыйнага калектыву, але й ад усіх чытачоў. Дзякуючы гэтым валянтэрам мы выратавалі газэту. Калі ўжо ёсьць газэта, якая тры гады, нягледзячы на тэрор, выдавалася, распаўсюджвалася, то калі мы сёньня зьвярнуліся са словамі: „Хопіць сьмяшыць увесь сьвет!“ і чуем станоўчыя адказы, то мне падаецца, што гэта абсалютна правільна”.

Андрэй Дынько
Шэф-рэдактар “Нашай нівы” Андрэй Дынько кажа:

“Гэта перамога ўсяго дэмакратычнага грамадзтва, якое вытрывала. Нацыянальных газэт амаль зусім не засталося. Вельмі важна, каб вяртаньне не абмежавалася дзьвюма газэтамі. Ёсьць цудоўныя рэгіянальныя выданьні, патрэбныя людзям. Бяз гэтага гэта будзе нават не паўкроку — чвэрць кроку.

Некаторыя лічаць, што гэта ў рамках гульні беларускага кіраўніцтва з Эўразьвязам. Іншыя мяркуюць, што гэта хутчэй спроба стварыць фасад дэмакратычнасьці ўнутры краіны, каб беларускія грамадзяне лічылі, што ў нас сытуацыя са свабодай слова паляпшаецца. Гэта ж важна для людзей”.

Нагадаем: у лістападзе 2005 году з падпіснога каталёгу зьніклі недзяржаўныя газэты “Наша ніва” і ”Народная воля”. Потым зь яго адна за адной пазьнікалі рэгіянальныя недзяржаўныя выданьні: “Газэта Слонімская”, “Вольнае Глыбокае”, “Витебский курьер”, “Брестский курьер”, баранавіцкая газэта “IntexPress” ды іншыя.

Беларускамоўныя выданьні складаюць 10% ад усіх выданьняў у краіне і 80% ад усіх забароненых выданьняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG