Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Асадзі назад!” — вернікаў зноў гоняць са свайго храму


Вышэйшы гаспадарчы суд адмовіў вернікам пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё”, якія намагаліся прызнаць іх права на будынак. Вернікі набылі на свае сродкі на ўскрайку Менску былы калгасны кароўнік, адрамантавалі яго і ладзілі там набажэнствы. Пастар царквы заявіў, што паўтарылася сытуацыя 2005 году, калі менскія гарадзкія ўлады паспрабавалі гвалтоўна адабраць у вернікаў іх храм. Пратэстанты будуць змагацца за свае правы ўсімі даступнымі ім сродкамі.

Вернікі не чакалі, што суд праз паўтара года разбораў адмовіць ім па ўсіх пазыцыях і прыме рашэньне на карысьць Менгарвыканкаму. Раней разгляд справы пераносіўся з фармулёўкай “для кансультацый судзьдзі з кампэтэнтнымі органамі”.

Нагадаем: у 2005 годзе чыноўнікі Менгарвыканкаму спачатку пазбавілі вернікаў зямельнага надзелу, а потым і права карыстацца будынкам (былым калгасным кароўнікам), які вернікі набылі на пачатку 90-х на ўскрайку сталіцы. Калі ўсе судовыя інстанцыі адмовілі вернікам, тыя ў кастрычніку 2006 году распачалі 21-дзённую галадоўку. Акцыю падтрымалі вернікі іншых пратэстанцкіх суполак. Справа набыла шырокі рэзананс. Шэсьць чалавек трапілі ў шпіталь, яшчэ чацьвёра — у рэанімацыю.

Вячаслаў Ганчарэнка
Пастара царквы Вячаслава Ганчарэнку запрасілі да кіраўніка аддзелу ідэалёгіі Алега Праляскоўскага, які папрасіў вернікаў спыніць галадоўку і зьвярнуцца ў суд.

Вернікі падалі пазоў, у якім прасілі прызнаць будынак культавым і выдаць акт на зямлю, на якой знаходзіцца храм.

Сяргей Луканін
Гаворыць юрыст царквы Сяргей Луканін:

“Было меркаваньне, што рашэньне будзе на карысьць царквы. Больш за тое, на той пэрыяд была такая адліга. Як яе цяпер называюць, лібэралізацыя. Але справа, якую пачаў разглядаць Вышэйшы гаспадарчы суд, была прыпыненая ажно на паўтара года. Судзьдзя не магла прыняць самастойнага рашэньня без кансультацый.

Відавочна, што гэтае рашэньне прымалася не ў пакоі судзьдзі, а кампэтэнтнымі органамі. Цяпер мы апынуліся ў сытуацыі, як у 2005 годзе“.

Пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка паведаміў, што бліжэйшым часам адбудзецца сход вернікаў. На ім мяркуецца вырашыць, як бараніць будынак.

“Вось чым скончылася нашае рашэньне ўвайсьці ў прававое поле. Ад 2006 году, калі мы спынілі акцыю пратэсту — пост-галадоўку, справа цягнулася і скончылася тым, што суд не прыняў рашэньне на нашу карысьць. Цяпер, канечне, мы будзем выкарыстоўваць усе мэтады, каб адстойваць свае правы. Няхай Бог нам дапаможа”.

Лявон Баршчэўскі
Лідэр партыі БНФ Лявон Баршчэўскі лічыць, што справа пратэстантаў з суполкі “Новае жыцьцё” сьведчыць пра працяг рэпрэсій, якія пачаліся ў сярэдзіне 90-х супраць носьбітаў дэмакратычных ідэй.

“Гэта папросту працяг той рэпрэсіўнай палітыкі. Раней, як кажуць, на гэта не зьвярталі ўвагі ў параўнаньні з вызваленьнем палітвязьняў, унясеньнем зьменаў у выбарчае заканадаўства, праблемамі са СМІ. Машына функцыянуе, як і функцыянавала.

На тыя пункты, на якія міжнародная грамадзкасьць зьвярнула ўвагу, яны далі нейкія дробныя паслабленьні. А вось што тычыцца іншага, то машына працуе і пакуль што збояў не дае“.

Матывацыю судовага рашэньня ў надрукаваным выглядзе вернікі атрымаюць праз тры дні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG