Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні вернікі й ксёндз распачалі галадоўку-пост


Сяргей Астраўцоў, Горадня У каталіцкай капліцы на гарадзенскай вуліцы Рэпіна пасьля ранішняга набажэнства пачалі галадоўку айцец Аляксандар Шэмет і адзінаццаць вернікаў, дзьвюм найстарэйшым — 79 гадоў. Яны належаць да парафіі Маці Божай Вастрабрамскай. Галадоўнікі патрабуюць, каб гарадзкія ўлады дазволілі пабудаваць касьцёл. На месцы падзеі пабываў наш карэспандэнт.

Калі закончылася імша, было вядома, што галадаць зьбіраюцца шасьцёра чалавек, але неўзабаве да іх далучыліся іншыя галадоўнікі. Астатнія вернікі, пераважна жанчыны, разыходзіліся з капліцы. Я запытаўся ў адной: чым выкліканая акцыя пратэсту?

(Спадарыня: ) “Мы ўжо дзесяць гадоў ходзім просім, каб нам далі зямлю для будаўніцтва касьцёлу. І нам усе дзесяць гадоў адмаўляюць, усё нешта перашкаджае. Мы паслухмяныя закону старыя людзі, нічога іншага мы ня ходзім прасіць ці мітынгаваць. Мы гэтага ня можам, і нам гэтага ня трэба, нам толькі трэба, каб было дзе памаліцца”.

Я пацікавіўся ў айца Аляксандра Шэмета: чаму яны наважыліся на такую акцыю пратэсту? Раней ксяндзы стараліся не абвастраць дачыненьняў з уладамі. Дагэтуль масавую галадоўку праводзілі толькі пратэстанты ў сталіцы. Аляксандар Шэмет патлумачыў:

(Шэмет: ) “Людзі ўжо даўно хацелі гэта зрабіць. Але я меркаваў, што сьмецьце з хаты не выносяць: калі мы жывем у Горадні, хацелася б, каб усё было выдатна паміж намі і ўладамі. Але так ня здарылася. На працягу больш за дзевяць гадоў улады пісалі нам у адказ што хацелі, выдумалі прычыны, з-за якіх мы тут увогуле нічога не маглі рабіць. Гэтая мера не зьяўляецца нечаканай з нашага боку, мы вырашылі такім чынам зьвярнуць увагу грамадзкасьці (прычым, ня толькі беларускай) на тое, што робіцца ў нашай дзяржаве”.

Вернікі парафіі апэлююць да гарадзкіх уладаў — яны занесьлі ў гарвыканкам заяву аб выдзяленьні зямлі пад будаўніцтва й чакаюць адтуль адказу. Загадчык ідэалягічнага аддзелу выканкаму Аляксандар Коўш сказаў нашаму радыё, што заявы вернікаў аб правядзеньні галадоўкі ў гарвыканкаме няма, і ён ня можа камэнтаваць гэтай падзеі. Што да просьбы вернікаў даць зямлю пад будаўніцтва, спадар Коўш змог адказаць толькі гэтак:

(Коўш: ) “Мая справа — гэтую заяву разгледзець, а на сёньняшні дзень яна разглядаецца, і гэта адбудзецца ў вызначаныя законам тэрміны. Цяпер адсутнічаюць і мэр, і ягоны намесьнік, таму сёньня гаварыць нешта яшчэ зарана”.
XS
SM
MD
LG