Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Бальшыня прадпрыемстваў Беларусі так і не аднавілі працу ў поўным аб’ёме пасьля працяглых калядна-навагодніх сьвятаў. Кіраўнікі некаторых заводаў абяцаюць сваім супрацоўнікам “мабілізацыю” 12 студзеня, іншыя адтэрміноўваюць пачатак працоўнага году на тыдзень пазьней. Агульная сытуацыя ўскладняецца тым, што ад 2 студзеня Нацыянальны банк паставіў насельніцтва перад фактам 20-працэнтнай дэвальвацыі беларускага рубля, чым аўтаматычна зьнізіў і без таго невысокія прыбыткі працаўнікоў.

9 студзеня пасьля двухтыднёвага перапынку аднавіла працу магілёўская швейная фабрыка “Вясьнянка”. У сакавіку, аднак, фабрыку чакаюць праблемы, зьвязаныя з пашырэньнем крызісных тэндэнцыяў у эканоміцы Расеі. Так лічаць у адміністрацыі магілёўскага прадпрыемства:

Абвестка пра калядны распродаж прадукцыі ЗАТ “Вясьнянка”
“Натуральна, мы залежым ад стану эканомікі ў Расеі, бо большая частка нашых заказчыкаў — Расея. Прадказаць, канечне, складана на больш далёкі тэрмін, аднак на сёньняшні дзень мы працуем. Большая частка нашай прадукцыі — гэта давальніцкія замовы”.

Людзей не задавальняюць перадусім грошы. Сярэдні памер заробку кваліфікаванай швачкі не дацягвае да пяцісот тысяч рублёў. На “Вясьнянцы” працуе каля дзьвюх тысяч чалавек. На фабрыцы ёсьць і іншыя праблемы -- нястача абаротных сродкаў. Як кажа прадавачка фірмовай крамы “Вясьнянкі”, пакуль фабрыка прастойвала, крама распрадавала заляжалую на складах прадукцыю:

“Каб выцягнуць грошы ў гэтых умовах ды атрымаць нейкі прыток абаротных сродкаў. Напрыклад паліто каштавала 200 тысяч, а стала каштаваць 59 900. У выніку пакупнік дужа шмат выйграе. Ад нас людзі выходзяць з усьмешкай”.

***

На Смаргонскім сылікатна-бэтонным заводзе вытворчасьць спынена яшчэ пры канцы мінулага году, папярэдне -- да 12 студзеня. Большасьць работнікаў адпраўлены ў адпачынак, які не аплачваецца. Склады запоўненыя нерэалізаванай прадукцыяй. Намесьніца дырэктара па ідэалягічнай працы Людміла Гарадзецкая кажа, што 12 студзеня вытворчасьць павінна запрацаваць. Але на пэрспэктыву прагнозаў ня робіць:

“Крызіс дайшоў і да нас, асабліва што тычыцца экспарту. У Расеі прыпынілася будаўніцтва, а ў нас шмат прадукцыі ішло ў Калінінградзкую вобласьць, у Літву таксама. Вось таму ў нас зьнізіўся экспарт. Як будуць далей справы ісьці — мы прагназаваць ня можам. Усё залежыць ад таго, як нам будуць плаціць, як будаўніцтва будзе разьвівацца. Спадзяёмся на лепшае. Вось у Астраўцы плянуюць будаўніцтва АЭС — магчыма, і мы да гэтага далучымся”.

Адна з працаўніц прадпрыемства расказвае, што такія працяглыя адпачынкі апошнім часам ня рэдкасьць. Але людзей зазвычай яны ня радуюць, бо за імі ідзе безграшоўе.

***

Найбуйнейшыя прадпрыемствы Воршы ня маюць сродкаў, каб разьлічыцца з работнікамі. Так, працаўнікам аршанскага мясакамбінату замест грошай выдалі па тры скрыні кансэрваў, прычым адміністрацыя прымусіла напісаць заявы, што людзі самі пра гэта просяць.

Спадар Анатоль, які працуе ў кансэрвавым цэху, вымушаны прадаваць кансэрвы суседзям і знаёмым, каб мець жывыя грошы, але зрабіць гэта па коштах, якія налічыў мясакамбінат, амаль немагчыма:

“Замест заробкаў -- а яны й так невялікія, 400-500 тысяч -- далі тушонку. Грошай жа на прадпрыемстве няма, бо трэба і падаткі, і за электраэнэргію плаціць. Дык самае цікавае, што тушонку далі ўжо па новых коштах — па 9 000 і па 9 200, хаця ў краме яна яшчэ 7 000 каштуе. А прадаецца яна толькі па 3 500, бо яе ня любіць ніхто. Калі я магу яе толькі за 3 500 прадаць, а па 9 200 даводзіцца плаціць, дык гэта проста сьмешна!”

Работнікаў мясакамбінату папярэдзілі: адмовіцца ад разьліку кансэрвамі нельга, бо за гэта можна адразу трапіць у сьпісы на скарачэньне. Адно, што дазволена, узяць “разнабоем”: скрыню сьвініны, скрыню ялавічыны і скрыню дзіцячага мяснога харчаваньня.

***

Кіраўніцтва Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў прызнала: цягам апошніх месяцаў адбыўся спад аб’ёмаў вытворчасьці. Сярод прычынаў -- зьмяншэньне паставак па каапэрацыі на Менскі трактарны завод і паставак у Расею. У лістападзе-сьнежні завод паставіў прадукцыі ў Менск удвая менш, чым за папярэднія месяцы. У Расеі ж попыт зьменшыўся амаль на 30%. Намесьнік дырэктара Пётар Плабадчук прызнаў наяўнасьць праблемаў:

“У нас ёсьць свае праблемы, але мы шукаем новыя рынкі збыту, мы шукаем новых партнэраў. Аднак гэта ўсё ідзе згодна зь цяперашнім часам. Як і ўва ўсіх”.

Крыніцы са спасылкай на дырэктара заводу Аляксандра Аграновіча перадаюць: спад аб’ёмаў вытворчасьці прывёў да неабходнасьці перагляду арганізацыі працоўных месцаў. Кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюзу Міхаіл Кавалькоў што да магчымай “аптымізацыі колькасьці працоўных” такога меркаваньня:

“Аптымізацыя сама па сабе прыйдзе. За кастрычнік у нас быў прыняты адзін чалавек на завод, а звольнена 50. То бок звольнена па адмоўных матывах і па згодзе бакоў. Цяпер, калі ты пішаш заяву па згодзе бакоў, цябе адразу ж звальняюць. Хаця паўгода таму пра гэта й гаворкі не было”.

***

У Ганцавічах на Берасьцейшчыне спыняецца камбінат домабудаваньня. Цяпер на прадпрыемстве выкарыстоўваецца толькі дзясятая частка абсталяваньня. Людзі звальняюцца і шукаюць новую працу. Пра гэта гаворыць работніца камбінату Тацьцяна Ярашэвіч:

“У нас фактычна ўжо няма прадпрыемства. Вельмі мала людзей засталося працаваць. І хаця ўсе ведаюць, што грошы камбінат атрымаў, але куды яны дзеліся, ніхто ня кажа. У нас жа шмат начальства... А заробкаў як не было, так і няма. Працы няма, як і не было”.

Ганцавіцкі камбінат перадусім выконваў замовы мэліярацыйнага будаўніцтва. Тут мелі працу больш як 600 чалавек. Цяпер, як кажа прадстаўнік адміністрацыі Віталь Барташ, сыходзяць апошнія прафэсіяналы:

“Зараз амаль усе былыя нашы працаўнікі пераходзяць у іншыя будаўнічыя арганізацыі. Альбо ў Маскве, у Пецярбургу, у Менску. Цяпер вось ПМК-14 нядрэнна падымаецца, атрымлівае заказы. Працэнтаў 20 нашых людзей адразу перайшлі туды”.

Ва ўмовах крызісу завод пакінулі дырэктар і галоўны бухгальтар. Новае кіраўніцтва спрабуе атрымаць санкцыю на банкруцтва і тым самым сьпісаць даўгі. Дарэчы, яшчэ летась Камітэт дзяржкантролю пакараў кіраўніцтва прадпрыемства па выніках праверкі. Было выяўлена, што грашовыя інвэстыцыі траціліся “без карысьці вытворчасьці і людзям”.

***


Больш як два тыдні цягнецца вымушаны адпачынак у бальшыні рабочых і спэцыялістаў акцыянэрнага таварыства “Беларускабель” у Мазыры. За вымушаны прастой людзі атрымліваюць дзьве траціны заробку. Але гэта ня надта радуе, бо пэрспэктывы застаюцца няпэўнымі. Усе чакаюць, што скажа ім 12 студзеня дырэктар прадпрыемства Генадзь Іваноў. Якраз у панядзелак працяглыя вакацыі ў “Беларускабелю” павінны скончыцца. Гаворыць адзін з працаўнікоў прадпрыемства:

“Паслухаем, што скажа дырэктар. Становішча ў нас кепскае. Асноўны рынак збыту нашай прадукцыі — Расея. А яна ня надта хоча браць нашу прадукцыю і разьлічвацца за яе. Усе цяпер у напружаным стане. Пэнсіянэраў, якія ў нас працавалі, звальняюць і адпраўляюць на пэнсію”.

Намесьнік дырэктара ў пытаньнях эканомікі й фінансаў Аляксандар Варанчук сьцьвярджае: звальненьне тычылася толькі тых, хто дасягнуў пэнсійнага ўзросту. Як абараніць людзей ад крызісу, намесьнік дырэктара пакуль ня ведае, бо няма канкрэтнай інфармацыі наконт сёлетняга супрацоўніцтва са спажыўцамі і Расеі, і Ўкраіны.

***


Для бальшыні беларусаў новы год азмрочыўся рэзкай дэвальвацыяй нацыянальнай валюты. У выніку беларускі рубель страціў у вартасьці больш за 20%. Як людзі на сабе адчулі дэвальвацыю рубля і ці пагражае яна сямейнаму бюджэту? На гэтыя пытаньні адказвалі гарадзенцы, зь якімі размаўляў Сяргей Астраўцоў.

Спадар: “Бюджэту сямейнаму дэвальвацыя пагражае. Рэч у тым, што паехаць адпачываць будзе ў паўтара разы даражэй. Купіць нейкую рэч добрую таксама будзе ў два разы даражэй”.

Іншы спадар: “А ў нас як іх не было, так і няма: ні беларускіх, ні амэрыканскіх даляраў. А ў краму яшчэ не хадзілі, з Новага году яшчэ засталіся прадукты. А працы цяпер няма, на вакацыях адпачываем”.

Спадар: “Цэны растуць, заробкі застаюцца тыя ж, вось і ўся дэвальвацыя. Я жыву адзін, у мяне заробак 850 тысяч, ад заробку да заробку жыву”.

Іншы спадар: “Быў толькі што ва Ўкраіне, у Трускаўцы, там тое ж ліха: даляр у іх скокнуў, і ў Расеі спыняюцца прадпрыемствы. Думаю, усіх закране”.

Спадар: “Пакуль не адчувалі нічога. Чаму? Таму што ўсё яшчэ нейк у тумане. Але магу так сказаць: абы плацілі стабільна заробак, і ўсё нармальна будзе”.

Спадарыня: “Заробак практычна не падняўся. А яўна зараз усе цэны скокнуць рэзка ўверх. Таму я думаю, што нейкая небясьпека пагражае нашай сям’і. Муж у мяне таксіст, і ў зьвязку з дэвальвацыяй, я думаю, народ ня столькі будзе езьдзіць, і ў яго заробак меншы стане. А я працую ў сфэры адукацыі...”

Эканамічны аглядальнік Тацяна Манёнак кажа: адрозна ад шараговых грамадзянаў, для спэцыялістаў дэвальвацыя была цалкам прагназаванай. Аднак няма ніякіх гарантый, што працэс не паўторыцца ў бліжэйшай будучыні. Іншая справа, што з дэвальвацыяй аўтаматычна на 20% зьнізяцца заробкі працаўнікоў, якія ня маюць іншай альтэрнатывы, як атрымліваць аплату ў беларускіх рублях:

Тацяна Манёнак
“Само па сабе гэта было чакана. Гэтага практычна ўсе чакалі і ня думаю, што падзея стала нейкай сэнсацыяй. Іншая справа, што ўрад знайшоў “спрыяльны пэрыяд” – у той час, калі сьвяты працягваліся, людзі адпачывалі. Але гэта можна было прадбачыць ужо па тым, што попыт на валюту значна ўзрастаў пры канцы мінулага году. І таму ўсё зроблена “па-майстэрску”, хоць нікуды ад гэтага было не падзецца. Трэба думаць, што гэта не апошняя дэвальвацыя. Можна нават не сумнявацца, што мы будзем сьведкамі чарговай дэвальвацыі. Пакуль усё гэта ня вельмі істотна, але ж трэба разумець: беларусы ўжо страцілі дзесьці 20% свайго заробку. Даволі істотна, але ж гэта не канчатковая дэвальвацыя”.

Афіцыйны курс рубля да даляру, па зьвестках на 9 студзеня, амаль не адрозьніваецца ад навагодняга, усталяванага Нацыянальным банкам. Але попыт на валюту па-ранейшаму ажыятажны – і набыць, і прадаць валюту досыць праблематычна. Гандляры на рынках пералічваюць рублі па курсу 2800-2900 рублёў за даляр, а падчас набыцьця зь нядаўняга часу дэфіцытай бытавой тэхнікі -- і па ўсе 3000. Тая ж сытуацыя з турыстычнымі кампаніямі і інтэрнэт-крамамі, якія кіруюцца курсам, альтэрнатыўным Нацбанку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG