Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праца без заробкаў, заробкі бяз грошай


У рэгіёнах Беларусі нават пасьля працяглых сьвятаў не аднавілі вытворчасьць шматлікія прамысловыя прадпрыемствы.


СМАРГОНЬ

У Смаргоні спыніў вытворчасьць сылікатна-бэтонны завод. Большасьць работнікаў адпраўлены ў адпачынак, які не аплачваецца.

Прычына такога доўгага адпачынку — ня толькі зімовыя сьвяты: склады на прадпрыемстве запоўненыя нерэалізаванай прадукцыяй.

Намесьніца дырэктара па ідэалягічнай працы Людміла Гарадзецкая: “Крызіс дайшоў і да нас, асабліва што тычыцца экспарту. У Расеі прыпынілася будаўніцтва, а ў нас шмат прадукцыі ішло ў Калінінградзкую вобласьць, у Літву таксама. Вось таму ў нас зьнізіўся экспарт”.

За змушанымі адпачынкамі прыходзіць безграшоўе
Рабочая з прадпрыемства, Натальля, кажа, што такія адпачынкі ў іх здараюцца ўзімку амаль штогод. Людзей зазвычай яны ня радуюць, бо за імі ідзе безграшоўе.

Пытаюся — ці абураюцца на гэта людзі?

Натальля: “Абураюцца, вядома, людзі, але што рабіць? Вось як гэта называецца…”

“У Астраўцы плянуюць будаўніцтва АЭС — магчыма, гэта выратуе”
А на што спадзяецца ідэоляг Гарадзецкая?

“Вось у Астраўцы плянуюць будаўніцтва АЭС — магчыма, і мы да гэтага далучымся. Спадзяёмся”.

ВОРША

У Воршы на Віцебшчыне вяртаюцца да кампэнсаваньня грашовага заробку натуральным таварам.

У апошні заробак працаўнікам Аршанскага мясакамбінату выдалі па тры скрыні кансэрваў, прычым адміністрацыя прымусіла ўсіх работнікаў напісаць заявы, што яны самі пра гэта просяць.

На заробак кансэрвы даражэйшыя, чым у крамах
Спадар Анатоль, які сам робіць у кансэрвавым цэху, вымушаны прадаваць кансэрвы суседзям і знаёмым, каб мець жывыя грошы. Але зрабіць гэта па тых коштах, якія налічыў мясакамбінат, сёньня немагчыма:

“Замест заробкаў — а яны й так невялікія, 400—500 тысяч — далі тушонку. Грошай жа на прадпрыемстве няма, бо трэба і падаткі, і за электраэнэргію плаціць. Дык самае цікавае, што тушонку далі ўжо па новых коштах — па 9.000 і па 9.200, хаця ў краме яна яшчэ 7.000 каштуе. А прадаецца яна толькі па 3.500, бо яе ня любіць ніхто. Калі я магу яе толькі за 3.500 прадаць, а па 9.200 даводзіцца плаціць, дык гэта проста сьмешна!”

Работнікаў мясакамбінату папярэдзілі, што адмовіцца ад разьліку кансэрвамі нельга — за гэта можна адразу трапіць у сьпісы тых, каго могуць скараціць з працы.

МАГІЛЁЎ

У Магілёве прамысловыя прадпрыемствы, якія закрануў крызіс, скарачаюць сацыяльныя праграмы. Заявіў пра гэта на афіцыйнай нарадзе старшыня гарвыканкаму Віктар Шорыкаў. У прыватнасьці, як удакладняе журналіст Андрэй Белагубаў, заводы адмаўляюцца ад утрыманьня інтэрнатаў.

Чыноўнікі заклапочаныя, што да гарадзкой гаспадаркі дадаюцца інтэрнаты мясцовых прадпрыемстваў, на ўтрыманьне якіх у бюджэце нестае сродкаў.

“Так, для іх гэта выгадна, а для камунальнай гаспадаркі — не. Туды яшчэ трэба даволі шмат фінансавых сродкаў укласьці, каб хоць нейкі сацыяльны мінімум забясьпечыць”, — наракае прадстаўнік гарвыканкаму.

Былы кіраўнік камунальнай гаспадаркі Шклоўскага раёну Рыгор Кастусёў пацьвярджае: стан інтэрнатаў, якія належаць занядбаным прадпрыемствам, жахлівы. Ён цьвердзіць, што ўлада цяпер жне тое, што сама пасеяла:

“Я, напрыклад, ведаю, што ў 2007 годзе ў Шклове восемдзесят мільёнаў рублёў, якія былі выплачаныя людзьмі на капітальны рамонт іхнага жыльля, былі выкарыстаныя на будаўніцтва агароджаў па трасе, дзе праяжджаў Лукашэнка. Людзкія грошы выдаткоўваюцца абы-куды. Жыхары павінны адчуць сябе гаспадарамі таго жыльля, у якім жывуць. Толькі так можна выправіць сытуацыю”, — лічыць Рыгор Кастусёў.

А дзеля гэтага, кажа Кастусёў, улада павінна навучыцца гаварыць зь людзьмі і паважаць іх інтарэсы й правы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG