Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы сьпяшаюцца патраціць рублі


На паліцах у крамах бытавой тэхнікі павальнела
Дэвальвацыя рубля, якая адбылася ў першыя дні новага году, выклікала ў рэгіёнах Беларусі падвышаны попыт на многія тавары. Людзі сьпяшаюцца збыць абясцэненыя грошы, пакуль гандляры не пасьпелі зьмяніць цэньнікі. Дзяржаўны гандаль рэагуе на гэта павелічэньнем коштаў. Ужо сёньня, як пераканаліся карэспандэнты “Свабоды”, шмат якія крамы былі зачыненыя на пераацэнку тавараў.

МАГІЛЁЎ

Мясцовыя пакупнікі сьпяшаюцца пазбавіцца ад абясцэненых беларускіх рублёў. За першыя тры дні новага году магілёўскія крамы, якія гандлююць бытавой тэхнікай, распрадалі болей за палову свайго тавару. Сёньня ж некаторыя з крамаў бытавой тэхнікі наагул былі зачыненыя на пераацэнку.

Загадчыца адной з адчыненых крамаў паведаміла, што атрымала тэлефанаграму ад свайго асноўнага пастаўшчыка з патрабаваньнем спыніць гандаль і таксама пачаць пераацэнку тавару:

Сказалі зачыняць краму й рабіць пераацэнку
“Да новага году пра гэта ніхто гаворкі ня вёў. Сёньня ж тэлефанавалі й сказалі зачыняць краму й рабіць пераацэнку. Пасьпелі, вядома, шмат прадаць. Вы ж бачыце, у нас амаль пустая крама. Усё прадалі за два дні літаральна: за трэцяга й чацьвёртага студзеня. І потым ня толькі айчынныя нашыя тэлевізары, але й імпартныя. Чайнікі, напрыклад, — і там на паліцах парадзела”.

Паводле яе, раней у першыя навагоднія дні гандаль быў ня надта бойкі. Сёлета ж такога ажыятажу ніхто не чакаў:

Крамы з таварамі працяглага карыстаньня ў першыя дні году зачыніліся на перападлік.
“Трэцяга й чацьвёртага студзеня — мы ж першага й другога не працавалі — ад людзей проста ламілася крама. Недзе так разы ў два было болей іх, чым у звычайныя дні”.

Людзі скуплялі ня толькі тэлевізары. У магілёўскіх унівэрмагах паведамілі, што за першыя тры дні новага году людзі раскупілі амаль усе пральныя машыны й лядоўні. У адной са спэцыялізаваных кампутарных крамаў сказалі, што попыт застаецца высокім на ўвесь асартымэнт аргтэхнікі.

Сёньня працавалі ня ўсе крамы бытавой тэхнікі. Некаторыя зь іх, згодна з абвесткамі, былі зачыненыя альбо на пераацэнку тавару — “пераўлік”, альбо “з тэхнічных прычынаў”.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

На Гарадзеншчыне гандлёвы бум учора адчуваўся як у крамах, так і на рынках. Праўда, ня ўсюды.

У Лідзе прадавец крамы “Гарызонт”, дзе можна набыць бытавую тэхніку й апаратуру, ахарактарызаваў гэтыя дні як ажыятажныя:
“Куплялася ўсё: тэлевізары, лядоўні, пралькі, кухонныя камбайны, мясарубкі, усё-ўсё. Гэта выклікала ажыятаж у насельніцтва. Мы далі палову месячнага гандлёвага абароту за тры дні”.
Мы далі палову месячнага гандлёвага абароту за тры дні.


А прадавачка крамы “Гарызонт” з Наваградку сказала, што попыт на тавары ў іхняй краме на пачатку году ня вырас.

Карэспандэнт: “А ў выходныя шмат людзей наведвалася ў краму?”

Спадарыня: “Ды не, ня шмат, як звычайна”.

У Слоніме спадар, які гандлюе бытавой тэхнікай на рынку, таксама ўсплёску гандлю не заўважыў.

Спадар: “Людзі толькі ўсе крычаць, што даляр падняўся. А які можа быць ажыятаж, калі ў людзей грошай няма?”

У мэблевай краме ў Горадні загадчыца задаволена кажа, што продажы павялічыліся.

Спадарыня: “Досыць нашмат, адсоткаў на 70”.

ГОМЕЛЬ


У Гомелі на сёньня ўвогуле скончыліся запасы складанай бытавой тэхнікі замежнай вытворчасьці. Вось што заяўляе прадавец аддзелу лядоўняў у краме “Тавары для дому”:
На дадзены момант разабралі ўсё.


“На дадзены момант разабралі ўсё. Будзем зараз пра новы завоз дбаць. Пры новых паступленьнях магчымыя зьмены. Але ўсё залежыць ад пастаўшчыкоў. Хутчэй за ўсё, кошты будуць зьмененыя — будзе ўсё даражэць”.

Іншы прадавец, спадар Леанід, кажа, што чакаць трэба толькі аднаго — 20-адсоткавага падвышэньня коштаў:

“Ужо чацьвёрты дзень да нас валам валіць народ. Але мы, як і ўсе, кошты будзем паднімаць. Ад нас ужо мала што залежыць — усё прывязана да даляра”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG